Алексіевіч на нобэлеўскай цырымоніі: «На развітанне я б хацела, каб у гэтай цудоўнай зале прагучала беларуская мова, мова майго народа»


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Дзякую Шведскай акадэміі за гэтую прэмію, якую не смею сабе прысвоіць, сказала пісьменніца ў сваёй прамове на банкеце ў гонар нобэлеўскіх лаўрэатаў. 

«Я разумею яе як паклон многім пакаленням савецкіх людзей» за іх пакуты «у марксісцкай лабараторыі па стварэнні светлай будучыні». «Вялікая ідэя бязлітасна пажырала сваіх дзяцей». Ідэям не баліць, шкада людзей, дадала Алексіевіч.

У часы перабудовы мы марылі пра свабоду, а апынуліся зусім у іншым стане, сказала пісьменніца. Узніклі расейскі, беларускі, казахскі аўтарытарызмы. «Павольна выбіраемся з-пад абломкаў чырвонай імперыі», – мяркуе нобэлеўская лаўрэатка.

Яна працытавала адну з гераінь сваёй кнігі «Час сэканд-хэнд», у якой уся сямʼя загінула ў сібірскай ссылцы і якая спявала на кухні: «Кіпучая, магучая, нікем непобедімая…».

«Мінулае не выпускала яе са сваіх драпежных абдымкаў, у ёй усё жыла тая маленькая дзяўчынка, у якой Сталін забраў усё».

Пасля гэтага яна распавяла пра Беларусь.

Алексіевіч падзякавала за тое, што пасля гэтай Нобэлеўскай прэміі свет будзе лепш ведаць нашую краіну.

Яна расказала, што некалькі пакаленняў выраслі ў Беларусі пасля здабыцця незалежнасці. Ва ўсіх іх была свая рэвалюцыя: людзі выходзілі на плошчы.

«Нашая рэвалюцыя не перамагла, але героі гэтай рэвалюцыі ў нас ёсць», – расказала яна пра герояў беларускага змагання за свабоду.

«Свабода – гэта не хуткае свята, як мы калісьці марылі. Гэта шлях, доўгі шлях, цяпер мы гэта ведаем», – прызнала Алексіевіч.

«Зноў надышла эпоха варварства, эпоха сілы», – адзначыла ў прамове пісьменніца.

«Мы сведкі новай схваткі дабра і зла – сведкі і ўдзельнікі, – сказала Алексіевіч. – Як хутка злятае з чалавека культура! Але я працягваю пісаць, як мяне вучылі мае настаўнікі – беларускія пісьменнікі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якіх я сёння з удзячнасцю ўспамінаю, як мяне вучыла мая ўкраінская бабуля, якая чытала мне на памяць «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі.

«Я шукаю словы любові. Нянавісць нас не ўратуе, нас уратуе любоў, я спадзяюся», – сказала нобэлеўская лаўрэатка.

«На развітанне я б хацела б, каб у гэтай цудоўнай зале прагучала беларуская мова, мова майго народа», – сказала Алексіевіч. І прачытала па-беларуску трохі ўспамін, а трохі прыпавесць.

Арыгінал прамовы тут >>>

«У адной беларускай вёсачцы старая жанчына праводзіла мяне словамі. Хутка мы разыдземся з табой у розныя бакі. Дзякуй табе, што ты паслухала мяне і панясеш маю больку людзям. Прашу цябе, калі пойдзеш, агляніся на маю хатку, агляніся не адзін, а два разы. Другі раз чалавек аглядаецца не па чужынцы, а ўжо сэрцам. Я хачу падзякаваць вам за ваша сэрца, за тое, што вы пачулі наш боль».

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Стужка навінаў