Папаўненне Спісу «экстрэмістаў», чарговая завочная крымінальная справа: рэпрэсіі ў Беларусі 29 сакавіка


У пятніцу 29 сакавіка 2024 года праваабаронцам стала вядома пра суды за абразу Лукашэнкі і міліцыянтаў, затрыманні за «заклікі да санкцыяў» і «глумленне над загінулымі ў «Crocus City Hall». Падрабязней – у нашым аглядзе рэпрэсіяў у Беларусі.

29 сакавіка МУС папоўніў «Спіс экстрэмістаў» – у яго дадалі яшчэ 18 чалавек – цяпер у ім 3932 прозвішчы. Сярод іншых, у спіс уключаныя былы вайсковец Павел Кучынскі, асуджаны за данаты Чэслаў Канановіч, асуджаная паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі Надзея Лапцёнак.

Дзмітрый Салавейка.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту быў затрыманы жыхар Жабінкі Дзмітрый Салавейка. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыі, падпісках на «экстрэмісцкія рэсурсы», а таксама кажа, што трымаў удома нацыянальны сцяг.

Hавiны
Беларуса, які назіраў за палітычнымі судамі, пасля затрымання дастаўлялі ў шпіталь
2024.03.29 12:25

Затрыманага ў Берасці 40-гадовага Віталя Чопіка, які хадзіў на палітычныя суды, вазілі ў шпіталь са слядамі моцнага збіцця. На мужчыну заведзеная крымінальная справа паводле ч.1 арт.361-1 КК РБ – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».

Суд Ленінскага раёну Горадні 29 сакавіка распачаў разгляд крымінальнай справы супраць супрацоўніка «Гарадзенскага шклозаводу» Аляксандра Піўчука. Яго абвінавачваюць у абразе (ч. 1 арт. 369 КК) і паклёпе (ч. 2 арт. 367 КК) на Лукашэнку, абразе прадстаўніка ўлады (ч. 2 арт. 367 КК) і глумленні над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370). Пра затрыманне Аляксандра стала вядома 2 верасня 2023 года.

Hавiны
Прадпрымальніка з Баранавічаў абвінавачваюць у закліках да санкцыяў. Яму пагражае да 12 гадоў турмы
2024.03.29 16:05

Стала вядома, што баранавіцкаму прадпрымальніку Сяргею Бунату пагражае да 12 гадоў турмы за «заклікі да санкцыяў». Мужчыну затрымалі 31 жніўня 2023 года.

Алег Гарэлаў.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд былому кіраўніку Гомельскага аддзялення «Белінвестбанку» Алегу Гарэлаву. Яго абвінавачвалі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару») і ч. 1 арт. 338 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў»).

Па версіі следства, выкарыстоўваючы службовае становішча, Гарэлаў лабіяваў інтарэсы знаёмага бізнесмена, атрымаўшы за гэта хабар. Таксама абвінавачаны пакідаў негатыўныя каментары ў інтэрнэце на адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў і, да ўсяго іншага, нібыта высушваў марыхуану для асабістага ўжывання.

Суддзя Гомельскага абласнога суду Аляксандр Піскуноў прыгаварыў мужчыну да 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

За «клас» у «Аднакласніках» асудзілі 60-гадовую жыхарку Баранавічаў Рамуальду Дзякола, абвінаваціўшы яе ў паклёпе на Лукашэнку. Справу разглядала суддзя Алена Папова. Жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады і шэсць месяцаў («хатняя хімія»).

Жыхарка Берасця з-за мяжы пакідала каментары пра міліцыю і Лукашэнку – супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт.368 і 369 КК РБ. Паведамляецца, што жанчына ўвосень 2020 года пакінула Беларусь і з-за мяжы «ажыццяўляла сваю супрацьпраўную дзейнасць».

Hавiны
У Беларусі будуць завочна судзіць гарадзенскага актывіста і былога намесніка старшыні «Маладога фронту»
2024.03.29 17:00

Завочна збіраюцца судзіць гарадзенскага актывіста Вадзіма Саранчукова і былога намесніка старшыні «Маладога фронту» Алеся Кіркевіча. У дачыненні да іх Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне паводле артыкулу аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Сілавікі затрымалі жыхарку Гомля з-за таго, што яна «глумілася над загінулымі ў падмаскоўным «Crocus City Hall». Сцвярджаецца таксама, што жанчына «распаўсюджвала экстрэмісцкія матэрыялы, садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці, распальвала нацыянальную варожасць і варажнечу». У дачыненні да затрыманай распачатыя крымінальныя справы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў