Самалёт Лукашэнкі паляцеў у Сочы. Што там можа быць?


Лукашэнка нядаўна анансаваў нейкую камандзіроўку, пасля якой трэба будзе паразмаўляць пра абарону дзяржавы. Цяпер ягоны самалёт паляцеў у Сочы, дзе Лукашэнка неаднаразова сустракаўся з Пуціным. З расейскага боку ніякіх анонсаў няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін катаюцца на яхце. Сочы, Расея. 29 траўня 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Вечарам 24 верасня самалёт «Boeing 767−32KER» пад нумарам EW-001PB вылецеў з Менску ў расейскі Сочы, звярнуў увагу чытач Zerkalo.io. Гэта адзін з самалётаў, на якіх часта лятае Аляксандр Лукашэнка. Праект «МотолькоПомоги» сцвярджае, што ў Сочы паляцеў асабіста Лукашэнка.

Калі на борце сапраўды Лукашэнка, то гэты візіт не анансаваны ні беларускім, ні расейскім бокам. У Сочы на бліжэйшы час не анансавалі нейкіх міжнародных сустрэчаў ці мерапрыемстваў, хіба форум журналістыкі «Вся Россия-2022» (туды паехалі і прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных медыяў).

«Zerkalo» адзначае, што Лукашэнка з пачатку 2022 года шэсць разоў наведваў Расею і штораз сустракаўся з Уладзімірам Пуціным (Сочы – частае месца іх сустрэчаў, апошняя такая была ў траўні, а Пуцін лётаў у Сочы ў жніўні на сустрэчу з кіраўніком Казахстану). Акрамя таго, 20 верасня Лукашэнка на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі казаў, што праз тыдзень вернецца з нейкай «камандзіроўкі», трэба быць гатовымі правесці на базе Міністэрства абароны нараду «ў пытаннях абароны дзяржавы», «сабрацца з сілавікамі, абгаварыць усе напрамкі».

Аналітыка
Як расейская мабілізацыя закране Беларусь? Юрыдычна – ніяк, але ёсць нюанс
2022.09.21 17:05

Вылет лукашэнкаўскага самалёта ў Сочы адбыўся на тле шматлікіх навінаў, звязаных з вайной ва Украіне. Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для расейскага нападу на Украіну, але не ўводзіў ва Украіну беларускія войскі. Расея прынамсі пакуль не патрабавала ад Лукашэнкі большага ўдзелу ў вайне, але нядаўна абвясціла аб мабілізацыі на вайну прынамсі 300 тысяч чалавек.

Пуцін 23 верасня праводзіў дыстанцыйную нараду з уласным Саветам бяспекі. Расейскія медыі сцвярджаюць, што пасля абвяшчэння мабілізацыі Пуцін з’ехаў адпачываць – магчыма, у рэзідэнцыю на Валдаі ў Ноўгарадскай вобласці. Пра планы Пуціна ляцець у Сочы не паведамлялася.

Ананімны беларускі Telegram-канал «Ник и Майк» мяркуе, што Лукашэнка можа застацца ў Сочы да абвяшчэння вынікаў «рэферэндумаў» аб далучэнні да Расеі на акупаваных тэрыторыях Украіны. Гэтыя «рэферэндумы» маюць завершыцца да 27 верасня, а ўжо 30 верасня ад Пуціна чакаюць звароту да Федэральнага сходу. Ходзяць чуткі, што з 28 верасня Расея можа закрыць межы для ваеннаабавязаных.

Ці прызнае Беларусь вынікі «рэферэндумаў», невядома: міністр замежных справаў Уладзімір Макей казаў у нядаўнім інтэрв’ю «France 24», што рашэнне аб гэтым будзе залежыць ад «нацыянальных інтарэсаў», а таксама адзначыў, што Беларусь «не будзе ўдзельнічаць у гэтай вайне» ва Украіне.

Фота
«Гары яны гарам». На беларускіх палях з’явіліся танкі пад чырвонымі сцягамі: «гістарычная памяць» з саломы
2022.09.25 14:33

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў