Беларускіх турыстаў на Эльбрусе знайшлі. Іх жыццё па-за пагрозай


Турыстаў з Беларусі, што раней зніклі на Эльбрусе, знайшлі. Іх жыццю нічога не пагражае. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал 112.

Расейскія ратаўнікі на Эльбрусе. Скрыншот з відэа: 112 / Telegram

24 траўня ўвечары стала вядома, што расейскія ратавальнікі знайшлі беларускіх турыстаў на Эльбрусе, пра месцазнаходжанне якіх не было вядома некалькі дзён. Група з Беларусі была знойдзена на вышыні 1300 метраў. Для ратавальнай місіі быў задзейнічаны верталёт.

«Зніклых турыстаў знайшлі ратавальнікі на вышыні 1300 метраў. Іх жыццю нічога не пагражае. Цяпер ідзе падрыхтоўка да спуску з гары», – гаворыцца ў паведамленні расейскага МНС.

 

Фота ці відэа чальцоў знойдзенай турыстычнай групы пакуль што не апублікавана.

Раніцой 24 траўня паведамлялася, што ратавальнікі аднавілі пошукі зніклай не зарэгістраванай групы турыстаў з Беларусі. Напярэдадні ўвечары пошукі прыпынілі з прычыны надвор’я.

Групу шукалі на заходнім схіле гары Эльбрус. Шасцёра беларускіх турыстаў, якія не рэгістраваліся ў адпаведным пункце, раптоўна перасталі выходзіць на сувязь. Узыходжанне беларусаў пачалося 14 траўня, але вярнуцца група мусіла яшчэ 21 траўня.

На пошукі была накіравана наземная групоўка ратавальнікаў МНС Расеі ў складзе з 16 чалавек, 5 адзінак тэхнікі і беспілотнага лятальнага апарата. Верталёт напачатку пошукаў выкарыстаць не ўдавалася з-за кепскага надвор’я.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў