Бацьку старшыні Беларускага Дому ў Варшаве дапыталі ўдома ў Рэчыцы, маці дапыталі ў царкве


Старшыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк даведаўся ад бацькі, што 21 чэрвеня па колішніх месцах ягонага жыхарства і прапіскі адбыліся два ператрусы. Ён расказаў «Белсату», што даведаўся ад бацькі: магчыма, яго лічаць кіраўніком палка Каліноўскага.

Алесь Зарэмбюк
Старшыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Варшава, Польшча. 21 чэрвеня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Паводле Алеся Зарэмбюка, спачатку прадстаўнікі Следчага камітэту па Гарадзескай вобласці патэлефанавалі ягонаму бацьку і расказалі, што расследуюць тры крымінальныя справы супраць сына, таму мусяць правесці допыт бацькі на месцы пражывання. Сілавікі мелі два ордары: на кватэру, дзе Алесь Зарэмбюк прапісаны, а таксама на дом, дзе ён вырас і жыў з бацькамі.

Алесь Зарэмбюк расказвае, што ягонага бацьку дапыталі аб тым, чым займаецца сын у Польшчы, праверылі ягоны тэлефон на прадмет падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, зрабілі ператрус кватэры і дома, а адзін з сілавікоў спрабаваў правакаваць бацьку: пытаў, калі польскія танкі ўвайдуць на тэрыторыю Беларусі. Сілавікі таксама звярнулі ўвагу на тое, што бацька тэлефанаваў сыну праз мэсэнджар Signal.

Агляд
Сілавікі знайшлі новыя спосабы дэананімізацыі ў Telegram. Што рабіць?
2023.04.11 10:55

Пасля гэтага сілавікі паехалі ў царкву: маці Алеся Зарэмбюка не было дома, яна праводзіла заняткі ў нядзельнай школцы. Зарэмбюк на момант публікацыі не размаўляў з маці, але са словаў бацькі яе дапытвалі проста ў царкве.

Алесь Зарэмбюк таксама распавёў, як бацька казаў сілавікам: супраць сына 13 гадоў таму ўжо распачыналі крымінальную справу, якую закрылі праз адсутнасць складу злачынства, а цяпер, пасля гадоў эміграцыі, распачалі яшчэ тры.

«Я думаю, што гэтая актыўнасць ці звышактыўнасць пэўных следчых ці пэўных падраздзяленняў ці структураў Міністэрства ўнутраных справаў, якія альбо зарабляюць сабе зорачкі чарговыя на пагоны, альбо такім чынам паказваюць нібыта сваю працу, – разважае Зарэмбюк. – Але насамрэч гэта ўсё пацвярджае для мяне толькі адно: што нягледзячы на варварскія рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі ўжо больш за тры гады, грамадства не скарылася.

Беларускае грамадства не падтрымлівае гэты рэжым, і таму гэты рэжым настолькі ўжо запалоханы і баіцца нават такіх трэцяшараговых дзеячаў, як я, якія, тым больш, былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі 13 гадоў таму.

Гэта таксама пацвярджае тое, што беларуская дыяспара і беларуская дэмакратычная супольнасць, якія працуюць за межамі Беларусі, яны працуюць эфектыўна. Гэта сур’ёзныя структуры, сур’ёзныя інстытуцыі, якія ў выніку пераменаў будуць гатовыя перанесці свае дзеянні ўнутр Беларусі – і ўлады гэтага вельмі баяцца. І толькі з дапамогай рэпрэсіяў, запалохванняў, ператрусаў, новых крымінальных справаў яны ўтрымліваюцца пакуль яшчэ пры ўладзе. Але гэтае «пакуль» можа вельмі хутка скончыцца, рассыпацца, як картачны домік».

Пры тым ні сын, ні бацькі не ведаюць, за што распачалі справы: сілавікі не дазволілі бацьку зрабіць здымкі дакументаў. Але са словаў бацькі, адна справа нібы датычыць таго, што Алеся Зарэмбюка лічаць ці то кіраўніком, ці то сукіраўніком палка імя Кастуся Каліноўскага (што няпраўда: хіба Беларускі Дом супрацоўнічае з цэнтрам падтрымкі беларускіх ваяроў).

Аб’ектыў
Беларусь займае другое месца ў свеце паводле колькасці зняволеных на сто тысяч асобаў
2023.04.14 22:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў