Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада падпісаў указ аб прызначэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы на 25 лютага 2024 года. Аб удзеле ў выбарах неўзабаве абвясціў на Facebook Дзмітрый Кучук – старшыня ліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя».
У відэароліку Дзмітрый Кучук кажа, што ў Беларусі няма справядлівых і свабодных выбараў, што галасы не лічаць і што за палітыку садзяць за краты, што 11 з 15 зарэгістраваных партыяў ліквідавалі, што ў суседніх краінах ідзе вайна. Менавіта таму, кажа Кучук, ён вырашыў удзельнічаць у выбарчай кампаніі.
«Я не маю ілюзіяў, што атрымаю дэпутацкі мандат, – тлумачыць Кучук. – Але мне важна стаць голасам тых беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, хто гатовы падтрымліваць незалежных кандыдатаў».
Таксама ён кажа пра падрыхтаваныя канцэпцыю рэформаў і законапраект аб амністыі, запрашае азнаёміцца з праектамі на сайце Zabelarus.com.
Дзмітрый Кучук нарадзіўся 20 сакавіка 1974 года, працаваў дырэктарам станцыі сартавання смецця «Заходняя». Працяглы час уваходзіў у партыю «Зялёныя», у студзені 2020 года быў выбраны ейным старшынём. У 2021-м трапляў пад арышт за «несанкцыянаваную акцыю». 27 ліпеня 2023 года партыю ліквідаваў Вярхоўны суд, нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што хацеў гэтую партыю ўзначаліць.
Алесь Наваборскі belsat.eu