«BELPOL»: летась у Беларусі завялі 85 тысячаў крымінальных справаў, чвэрць – за пакражу


Арганізацыя «BELPOL» раскрыла справаздачу сілавікоў аб крымінальных справах, што былі заведзеныя летась. Амаль усе яны былі ўзбуджаныя Следчым камітэтам. Самыя частыя злачынствы ў Беларусі – пакража і крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.

Ахова папраўчай калоніі № 3 «Віцьба».
Фота: «Вясна» / spring96.org

96% з 85 тысячаў крымінальных справаў, узбуджаных летась, ініцыяваў Следчы камітэт. МУС і КДБ завялі ўсяго 188 і 242 справы адпаведна, пракуратура адкрыла 2200 справаў, гаворыцца ў статыстыцы сілавікоў, якую абнародавала арганізацыя «BELPOL».

Самыя частыя злачынствы ў Беларусі:

  • пакража (24,3% усіх крымінальных справаў);
  • крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі (14,3%);
  • махлярства (13,7%);
  • ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад пакрыцця выдаткаў, затрачаных дзяржаваю на ўтрыманне дзяцей (7,5%);
  • незаконны абарот наркатычных сродкаў (4,4%);
  • хуліганства (3,98%).

У 2022 годзе зарэгістраваных злачынстваў было больш: 88,6 тысячы. Летась зафіксавана 223 забойствы (у 2022 годзе было 255), 110 згвалтаванняў (было 119), 3798 злачынстваў, звязаных з наркотыкамі (было 4553).

Больш за палову злачынстваў учыняюць асобы, якія нідзе не працуюць і не навучаюцца. У траціне выпадкаў фігурантамі сталіся рэцыдывісты, а таксама людзі ў нападпітку.

У «BELPOL» адзначылі, што апублічылі толькі першую частку справаздачы, лічбы, якія тычацца палітычнага пераследу, абяцаюць апублікаваць пазней.

Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў