Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі ў Бахмуце беларускіх ваяроў з палка Каліноўскага


Прэсавая служба палка Каліноўскага паведаміла некаторыя дэталі гібелі сваіх ваяроў: яны трапілі пад артылерыйскі агонь, целы чатырох байцоў застаюцца пад заваламі, магчымасць эвакуацыі пакуль адсутнічае. Загінуў таксама адзін з камандзіраў, ёсць параненыя. 

Спікер палка Каліноўскага Чабор. Скрыншот з відэа: «Полк Каліноўскага» / Telegram

19 траўня прэсавая служба палка Каліноўскага паведаміла некаторыя дэталі гібелі байцоў у Бахмуце. Паводле апублікаванага відэазвароту, ваяры палка Каліноўскага з батальёну «Волат» утрымлівалі пазіцыі, адбівалі штурм і вялі стралковы бой. Па доме, дзе яны былі, ударыла ствольная буйнакаліберная артылерыя ворага, частка будынку абвалілася. Некалькі байцоў апынуліся пад заваламі. Другая група разам з медыкамі высунулася для эвакуацыі і надання дапамогі. Чацвёра ваяроў засталіся пад заваламі без магчымасці эвакуацыі.

Паведамляецца таксама, што ў момант эвакуацыі групы загінуў камандзір групы, ён коштам свайго жыцця даў умовы для эвакуацыі параненых. Пазней была адпраўленая трэцяя група для разбору завалаў і эвакуацыі целаў загінулых.

«У сувязі са шчыльным агнём і працяглым артылерыйскім абстрэлам будынак быў цалкам разбураны. Баі працягваюцца. Магчымасці забраць целы герояў палка ў дадзены момант няма», – паведаміла прадстаўніца палка Каліноўскага.

Абноўлена. Ваяр палка Каліноўскага Дзяніс Урбановіч расказаў радыё «Свабода», што ў баях пад Бахмутам атрымаў чацвёртае раненне:

«У мяне кантузія вачэй, чэрапна-мазгавая траўма і пашкоджанне калена. Цяпер у шпіталі. Але псіхалагічна мне цяжка — мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах, а я нічога не мог зрабіць. Быў моцны бой», — напісаў Дзяніс Урбановіч.

Раней паведамлялася аб тым, што пад Бахмутам беларускія ваяры панеслі страты. Казалі пра аднаго загінулага, чацвёра зніклых без вестак і некалькіх параненых.

Hавiны
У хадзе аперацыі пад Бахмутам полк Каліноўскага панёс страты
2023.05.17 18:26

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў