Хто яны – чароўныя прыгажуны, аўтары і рэдактары ў беларускіх незалежных медыях?

Здаецца, вясна дала ў галаву журналістам ды рэдактарам. Яны апублікавалі адразу тры тэксты, ад якіх у феміністак (і проста прыстойных людзей) – кроў з вачэй!

Даражэнькія, так болей немагчыма. «Пора менять лысую резину» – гэта не толькі пра Лукашэнку, але і пра базавыя правілы журналісцкай этыкі, якія трэба ведаць, калі ты ўжо пайшоў у гэтую прафесію ды застаешся ў ёй. Я разумею, што цяпер пра беларускую журналістыку прынята казаць або добра, або ніяк. Не таму, што яна мёртвая, а наадварот, бо вельмі жывая: людзі часцяком працуюць у жудасных абставінах, аплакваюць калегаў за кратамі, мусяць знаходзіць «новыя падыходы» ў асвятленні сумных тэмаў турмы і вайны… Добрага тут, на жаль, не скажаш – але ж і прамаўчаць немагчыма!

Спачатку на «Нашай ніве» з’явіўся матэрыял «Чаму сярод беларусак шмат моцных жанчын і па якіх прычынах ім бывае складана знайсці партнёра?». Наста Захарэвіч у сваёй калонцы «Чаму ў медыя так шмат непавагі да жанчын» на сайце «Mediakritika» падрабязна распісала, у чым праблематычнасць гэтага тэксту. Такім чынам, падзячым Насце за ейную працу – і рушым далей.

А далей у храналогіі гэтай вясны ў нас артыкул ад «Зеркало» з загалоўкам, перад якім трэба паставіць «trigger warning» – караценькую пазнаку пра тое, што азнаямленне з гэтым кантэнтам можа выклікаць непрыемныя пачуцці або нават (пост-)траўматычную рэакцыю: «Берет меня за волосы и начинает жестко насаживать на свой член». Читатели «Зеркала рассказали, как столкнулись с сексуальным насилием». Здаецца, першапачатковая ідэя была добрая, але ж выкананне знішчыла яе. Будзем пазітыўнымі, падзячым за гэта – перад намі хрэстаматыйны прыклад пра тое, як не трэба пісаць пра гвалт. А пра тое, як трэба, можна пачытаць, напрыклад, у брашуры 2018 года, падрыхтаванай, сярод іншых, Вольгай Гарбуновай, якая тады кіравала грамадскім аб’яднаннем «Радзіслава» і дбала пра жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, а сёння дапамагае палітвязням, пацярпелым ад паліцэйскага гвалту. Бо гвалт – ён усюды гвалт, хоць у турме, хоць на вайне, хоць у хаце.

Завяршае лідарскую тройку найсвяжэйшае інтэрв’ю на «Белсаце» пад назваю «Хто яна, гэтая чароўная прыгажуня Ліза Кохман – прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка». Характарыстыкі а-ля «чароўная прыгажуня», «чалавек-каханне», «прыгожая дзяўчына з патаемным сумам у вачах» дэманструюць нам наяўнасць такога феномену, як мужчынскае гледзішча (male gaze) – адлюстраванне свету з пазіцыі гетэрасексуальнага мужчыны, ягонага (патэнцыйнага) задавальнення і забавы. Раней гэты тэрмін выкарыстоўвалі толькі ў дачыненні выяўленчага мастацтва, але ў сучаснасці мужчынскае гледзішча можа прысутнічаць і ў тэкстах, і ў падкастах, і нават у Telegram-стыкерах.

Здавалася б, усё проста: калі не ўпэўнены, што не можаш без уздыхаў абмінуць паспяховай, прынцыповай, моцнай жанчыны – зрабі інтэрв’ю, якое пакідае менш, чым іншыя жанры, магчымасцяў для інтэрпрэтацыі і аб’ектывацыі. Але асаблівай разынкаю на торце (ці цвіком у труну?) тут ёсць апошні абзац.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: ultimatemagazine.es

Мужчынскае гледзішча як з’ява – абавязковая частка патрыярхальнай культуры. Тлумачыць, чаму несамавіта падтрымліваць патрыярхальнае стаўленне ў журналістыцы (дый увогуле па жыцці), мне не дужа цікава. Гэтыя дыскусіі, як і паралельныя ім – пра імперскае ці гетэрасексуальнае гледзішча – мусяць ляжаць не ў сферы прыватных каштоўнасцяў той ці іншай асобы, а ў сферы прафесійнай і этычнай. Умоўна кажучы, пад коўдрай рабі сабе што заўгодна, а на працы, калі ласка, пільнуй стандарты. Вось што, напрыклад, прапісана, сярод іншага, у Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста на сайце БАЖ: «Не дапускаць дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, спавяданай рэлігіі, полу, сексуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г. д.». Але хто цяпер дазволіць сабе займацца этыкай? Яна быццам схаваная на самым версе журналісцкай піраміды ў прызавым сектары, да яе амаль не дацягнуцца, бо трэба ўладкоўваць базавыя рэчы – падвышаць прагляды, шукаць новых фрылансераў, захоўваць рэдакцыі дый папросту выжываць у эміграцыі. Хто захоча дзяліцца ўладай або рэфлексаваць без пагадзіннай аплаты пра ўсё гэта складанае і фемінісцкае, калі «і так пойдзе» ды звонку ўжо ніхто не назірае і не каментуе. Недзяржаўныя ініцыятывы і арганізацыі, якія рабілі гэта раней, цяпер або спынілі сваё існаванне, або іх былыя працаўнікі пайшлі ў іншую сферу, або іхны голас папросту стала не чуваць у хоры іншых галасоў, што крычаць пра сто адценняў несправядлівасці, якія адбываюцца ў гэтым свеце.

Ці магчыма пазбавіцца яго, усюдыіснага мужчынскага вока, калі твая галоўная гераіня – жанчына? Так, гэта цалкам выканальная задача. Вось, напрыклад, інтэрв’ю з акторкаю Настассяй Шпакоўскай на сайце «Deutsche Welle», дзе размова ідзе пра акторства, новыя праекты і эміграцыю. Або матэрыял пра Вольгу Гарбунову на сайце «Reform», калі яна яшчэ была больш вядомая як актывістка, чым як палітык. Або нядаўні рэпартаж радыё «Свабода» з выставы Надзеі Букі, дзе яна распавядае як пра свой творчы шлях, так і пра колішнюю кар’еру на дзяржаўным тэлебачанні. Прыкладаў стае.

Меркаванні
Калі Лукашэнка памрэ, ніхто не засмуціцца
2023.05.15 12:10

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў