У Расеі не атрымалася зладзіць вялікі гандбольны турнір. Планы абрынуліся ў апошні момант


У гандбольным «Фінале чатырох» СЭГА-лігі не згуляюць клубы з Еўропы, паміж сабою зноў будуць змагацца каманды з Беларусі і Расеі.

Гандбольны клуб «Мяшкоў Берасце».
Фота: meshkovbrest.by

Расея ўжо больш за паўгода вядзе актыўную кампанію дзеля вяртання ў міжнародную спартыўную сям’ю, і ўжо ёсць некалькі паспяховых кейсаў. Напрыклад, у боксе і фехтаванні. У гандболе гэтую кампанію ўзначаліў Сяргей Шышкароў, прэзідэнт Федэрацыі гандболу Расеі, якога перад самым Новым годам абралі віцэ-кіраўніком Алімпійскага камітэту краіны. А галоўнымі лабістамі выступілі галоўныя трэнеры зборнай Расеі серб Вэлымір Пэткавіч і зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў.

Hавiны
Спартоўцы Расеі і Беларусі прыкрываюцца дзецьмі, каб вярнуцца на міжнародную арэну
2023.01.08 19:03

Пад «бан» Расея трапіла за вайсковае ўварванне ва Украіну, а Беларусь – за суўдзел. Таму яны стварылі супольную лігу «SEHA – Gazprom League». Ва ўсходнім дывізіёне выступаюць па чатыры каманды з гэтых краінаў. У паўднёвым дывізіёне згуляла восем каманд з пяці краінаў: Вугоршчыны, Харватыі, Сербіі, Славаччыны і Паўночнай Македоніі.

«Да вясны мы канчаткова сінхранізуем дывізіёны, калі пачнецца плэй-оф, а затым і фінал чатырох у Піцеры. Гэта павінна быць грандыёзная падзея, усе мы вельмі чакаем яе», – казаў кіраўнік дывізіёну «Усход» СЭГА-лігі Барыс Сапожнікаў. А Шышкароў заяўляў, што ўсё вырашана і Расея прыме вялікі гандбольны турнір.

Спачатку ўсё было паводле плана Расеі. Першым «здаўся» адзін з лідараў сусветнага гандболу, вугорскі «Veszprém», які на гульні супраць сербскага «Партызана» выставіў моладзь. А астатнія клубы паўднёвага дывізіёну атрымалі наступную інфармацыю: федэрацыі гэтых краінаў згодна з рэкамендацыямі Алімпійскіх камітэтаў не рэкамендавалі клубам не толькі ехаць у Расею, але нават гуляць з камандамі з Расеі і Беларусі.

У выніку атрымалася роўна так, як казаў яшчэ летась выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.  «Я думаю, ніякага гандболу ў Санкт-Пецярбурзе з удзелам еўрапейскіх клубаў, асабліва з ЕЗ, не будзе. Наўрад ці клубы з Вугоршчыны, Харватыі ці Славаччыны паставяць на кон сваю рэпутацыю і стануць таксічнымі. Упэўнены, бліжэй да правядзення турніру яго перанясуць у Сербію або Паўночную Македонію», – кажа Аляксандр Апейкін.

Такім чынам, «Фінал чатырох» запланаваны на 6-8 чэрвеня. Месца правядзення – «Сібур Арэна» у Санкт-Пецярбурзе. У вырашальных бітвах возьмуць удзел «Мяшкоў Берасце», СКА-Менск, «Чэхаўскія мядзведзі» і «Пермскія мядзведзі».

Каментар
Расея хоча правесці міжнародныя спаборніцтвы, нягледзячы на санкцыі. Гэта магчыма?
2022.12.29 11:37

АС belsat.eu

Стужка навінаў