Спартоўцы Расеі і Беларусі прыкрываюцца дзецьмі, каб вярнуцца на міжнародную арэну


Гандбольныя зборныя Расеі і Беларусі не могуць выступаць на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах праз вайну ва Украіне. Ад вялікага спорту адхілілі абедзвюх. Цяпер галоўныя трэнеры мужчынскіх зборных Вэлымір Пэткавіч і Юрый Шаўцоў заяўляюць, што спартоўцы ні ў чым не вінаватыя, яны бязвінна пацярпелі, і іх трэба вярнуць у міжнародную гандбольную сям’ю…

Падчас таварыскай сустрэчы зборных Расеі і Беларусі.
Фота: handballfast.com

Узначаліў гэтую кампанію Сяргей Шышкароў – прэзідэнт Федэрацыі гандболу Расеі, якога перад самым Новым годам абралі віцэ-кіраўніком Алімпійскага камітэту краіны.

Таварыскія гульні як шыльда для прапаганды

На мінулым тыдні Расея і Беларусь гулялі таварыскія матчы ў Маскве. У зборную Беларусі не прыехалі двое яе лідараў – Арцём Каралёк з польскага клубу «Łomża Vive» і Мікіта Вайлупаў з вугорскага «Veszpréma». Ім не рэкамендавалі ехаць у Маскву іхныя клубы, якія ўваходзяць у топ-8 сусветнага гандболу. 

А вось Уладзіслаў Кулеш з нямецкага клубу «TSV Hannover-Burgdorf» у зборную прыехаў. Да гэтага асабіста прыклаў руку Юрый Шаўцоў, які ўгаварыў нямецкі клуб адпусціць гульца. Нагадаем, што падчас пратэстаў 2020 года Кулеш падтрымаў беларускі народ. 

Акрамя таго, у складзе нацыянальнай каманды было трое гульцоў, якія выступаюць у Расеі, двое – з чэмпіянату Ізраілю і адзін – з чэмпіянату Румыніі. Асабліва цынічнай паездка ў Маскву выглядала з боку Вячаслава Бохана і Івана Мароза: раней яны паспяхова выступалі за ўкраінскі «Матор» і акурат з прычыны расейскай агрэсіі страцілі працу. Гульцы не толькі ніяк не выказалі свае пазіцыі након вайны ва Украіне, але і прыехалі ў Маскву. 

У абодвух матчах перамаглі расейцы: 28:23 і 28:25. Пасля гульняў было шмат словаў і выказванняў з боку трэнераў.

Шаўцоў: Мы жадаем аб’яднаць свет і мусім быць разам з Расеяй

Пачаў беларускі трэнер Юрый Шаўцоў, які заявіў, што ў цяперашняй сітуацыі Беларусь і Расея мусяць трымацца разам, бо краіны цяпер у аднолькавых умовах.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў.
Фота: RADOVAN STOKLASA / Reuters / Forum

“Думаю, ужо нават ад Міжнароднага алімпійскага камітэту ёсць сігналы, што час дапускаць. Ведаеце, адзін нямецкі спецыяліст сказаў, як я лічу, выдатныя словы, якія маюць дачыненне да спорту: «Палітыкі не павінны патрабаваць ад спартоўцаў таго, чаго не могуць зрабіць самі». Мы жадаем абʼяднаць свет, жадаем гуляць. А палітыкі няхай займаюцца сваёй справай, – сказаў Юрый Шаўцоў у эфіры БТ-5.

Далей ён працягнуў у тым духу, што Беларусь і Расею ўсе жадаюць бачыць у гандбольнай сямʼі, і нават на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, але ворагі робяць падкопы і замінаюць невінаватым спартоўцам вярнуцца на міжнародную арэну.

“Я ведаю, што гандбалісты ў Еўропе гатовыя прыняць нас назад. Але зверху пэўным федэрацыям не дазваляюць гуляць супраць нас. Мы, спартоўцы, знаходзім паміж сабой агульную мову. Я яшчэ не чуў ні ад аднаго спартоўца, што ён не хацеў бы гуляць супраць Беларусі. Усе гатовыя, але… Пастаянна вось гэтае «але», якое не залежыць ад людзей, якія займаюцца спортам. Вось яно нам перашкаджае. Я калі гляджу ў зале, як пасля нас часам трэнуюцца дзеткі, я заўсёды затрымліваюся і атрымліваю асалоду. Там усё чыста, там эмоцыі. Таму мы ім павінны даць гэтую магчымасць. Але мы іх ніколі не павінны ашукваць. Я ўздымаў гэтую тэму, калі быў у Еўрапейскай федэрацыі. Я задаў пытанне, маўляў, вы ж разумееце, акрамя нас, акрамя зборных, ёсць яшчэ дзеці, якіх прывялі ў спорт, мы іх вучым, а цяпер прыходзяць бацькі і пытаюцца, што далей”, – сказаў Шаўцоў.

Хто такія Шаўцоў і Пэткавіч?

63-гадовы Юрый Шаўцоў падчас гульнявой карʼеры быў алімпійскім чэмпіёнам і чэмпіёнам свету, тройчы выгульваў Кубак чэмпіёнаў, двойчы – Кубак кубкаў. Пасля ён зрабіў сабе імя як трэнер у Нямеччыне: з «Lemgo» выгуляў чэмпіянат і Кубак Нямеччыны. Мае безумоўны аўтарытэт у гандбольным свеце, а яшчэ – грамадзянства Нямеччыны. З 2009 года трэнуе мужчынскую зборную Беларусі. Пры ім Беларусь пачала рэгулярна трапляць на топ-турніры, але так і не выгуляла нічога значнага. Цяпер жа зборная не можа быць у вялікай гульні, і Шаўцоў, які даўно жыве ў Нямеччыне і атрымоўвае, паводле нашай інфармацыі, ад 4 да 6 тысячаў еўраў, выступае ў ролі адбельвальніка Беларусі і Расеі ў гандбольным асяроддзі.

Дапамагае яму ў гэтым і галоўны трэнер зборнай Расеі, таксама грамадзянін Нямеччыны, 66-гадовы Вэлымір Пэткавіч. Ён таксама выгульваў еўракубкі, як гулец і як трэнер, і больш за 20 гадоў працаваў у Нямеччыне. Ён таксама мае вялікі аўтарытэт у сусветным гандболе. У 2020 годзе Пэткавіч адправіўся працаваць у Расею. Цяпер перад ім стаіць задача зняць з Расеі і Беларусі бан і дабіцца ад гандбольных уладаў допуску да міжнародных спаборніцтваў краінаў, якія супольна пачалі вайну супраць Украіны. Асноўны наратыў: спартоўцы ні на што не ўплываюць, яны проста хочуць гуляць у гандбол.

Вэлымір Пэткавіч.
Фота: wolfsburger-nachrichten.de

“Усё, што я скажу, заўтра ўжо будзе ў заходняй прэсе, у тым ліку ў Нямеччыне, і яшчэ невядома, як мае словы будуць інтэрпрэтаваныя. Таму я буду акуратны ў сваіх выразах. Я заўсёды задаюся адным пытаннем: чаму мае гульцы і гульцы зборнай Беларусі павінны быць вінаватымі ў сітуацыі, якая адбываецца ў свеце? Нават палітыкі не могуць яе развязаць, але патрабуюць гэтага ад спартоўцаў, гэта нядобра”, – сказаў галоўны трэнер зборнай Расеі па гандболе Вэлымір Пэткавіч пасля другога матчу са зборнай Беларусі.

Выказаўся таксама капітан зборнай Расеі Данііл Шышкароў.

“Мы сочым за любымі зменамі ў інфаполі, але розныя «ўкідванні» ўжо парадкам надакучылі: усе толькі гавораць, але працэс асабліва не рухаецца, таму ўся гэтая інфармацыя ідзе фонам. Мы чакаем канкрэтных рашэнняў ад МАК і міжнародных федэрацыяў. Прадметна пра што-небудзь можна будзе казаць, калі нам, напрыклад, пакажуць дакладны варыянт кваліфікацыйнага адбору на Гульні. Тады гэта будзе выдатная навіна. Ці злуе гэтая сітуацыя?

Вядома, і не толькі гандбол. Спартовая карʼера кароткая, у кагосьці цяпер праходзяць найлепшыя гады ў карʼеры. Усім цяжка, не толькі гандболу. Асабліва з улікам таго, што віны спартоўцаў ува ўсёй гэтай сітуацыі няма – міжнародныя забароны і санкцыі выглядаюць нелагічна, – заявіў Данііл Шышкароў у інтэрвʼю расейскім дзяржаўным медыям.

А вось што сказаў бізнесовец, палітык і кіраўнік Федэрацыі гандболу Расеі Сяргей Шышкароў вясной 2021 года адразу пасля таго, як Расея і Беларусь трапілі пад санкцыі:

“Што да шанцаў, то мы зрабілі вычарпальную юрыдычную працу. Упэўненыя, што нашая пазіцыя правільная, карэктная і ўкладаецца ў рамкі ўсіх дакументаў міжнароднай федэрацыі. Там наўпрост паказана, што немагчымая дыскрэдытацыя каго-небудзь у тым ліку з палітычных прычынаў, што цяпер і адбываецца. Кажу не як аптыміст або песіміст, а як юрыст. Будзем апеляваць да міжнароднай федэрацыі, пройдзем гэты шлях да канца. Але самі разумееце, што цяпер рашэнні прымаюцца ў асноўным не ў юрыдычнай плоскасці. У той жа час працэс гэты няхуткі, і, магчыма, паступова ўсё на палітычнай арэне пачне суцішвацца”.

Цяпер перад Шышкаровым як новым віцэ-прэзідэнтам Алімпійскага камітэту Расеі стаіць задача, пастаўленая Пуціным, – да канца 2023 года зняць санкцыі з расейскіх спартоўцаў і дамагчыся допуску да міжнародных спаборніцтваў.

“У сілу сваёй новай пасады я гатовы размаўляць на гэтую тэму з усімі прадстаўнікамі як дружалюбных краінаў, так і недружалюбных. З апошнімі, мусіць, гаварыць нават важней. У мяне ёсць цвёрдае перакананне, што цягам наступнага года мы прымем вычарпальныя крокі і зможам вярнуць расейскі спорт у міжнародную праграму. Хто, калі не мы?” – адзначыў Шышкароў у інтэрвʼю расейскім дзяржаўным медыям.

Аляксандр Апейкін: Пэткавіч і Шаўцоў апелююць не ў той бок

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін у размове з «Белсатам» патлумачыў сітуацыю.

“Відавочна, што пачала працаваць лабісцкая група на чале з буйным расейскім прадпрымальнікам Сяргеем Шышкаровым, старшынём Федэрацыі гандболу РФ, якую ўвялі ў склад Алімпійскага камітэту РФ для разблакавання спартовых санкцыяў. Таму гандбольныя трэнеры Пэткавіч і Шаўцоў, якія нядаўна зрабілі гучныя заявы, – шрубкі ў гэтым працэсе. Ніякага асабістага меркавання яны тут не выказваюць, а працуюць «пушарамі» прапагандысцкага наратыву «спартоўцы ні пры чым». Млявая спроба прыкінуцца шлангам”, – кажа ў размове з «Белсатам» Аляксандр Апейкін.

Александр Апейкин, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Былы кіраўнік гандбольнага клубу «Віцязь», знішчанага ў 2020 годзе лукашыстамі, нагадвае, чаму былі ўведзеныя санкцыі.

“Санкцыі былі ўведзеныя не таму, што расейцы – гэта расейцы, а беларусы – гэта беларусы. Расея і Беларусь як дзяржавы парушылі алімпійскае перамірʼе, развязаўшы злачынную вайну ва Украіне. Беларусь таксама з 2020 года жорстка парушае Алімпійскую хартыю ў сферы выканання правоў спартоўцаў. Беларусь і Расея парушылі міжнароднае спартовае права, менавіта гэта сталася прычынай адхілення спартоўцаў, а не якая-небудзь дыскрымінацыя або перадузятае стаўленне. Я разумею, што людзям, якія прызвычаіліся жыць «па паняццям», складана ўявіць, што ёсць якія-небудзь нормы і законы, таму яны так дзівяцца.

Пэткавіч і Шаўцоў апелююць не ў той бок. Яны звяртаюцца да міжнароднай спартовай супольнасці, скардзячыся на лёс спартоўцаў, хоць павінны апеляваць да Лукашэнкі і Пуціна. Бо менавіта гэтыя людзі вінныя ў сітуацыі з міжнароднымі санкцыямі. Патрабаванне спартовай супольнасці аб вывадзе войскаў з Украіны, спыненні ваеннай агрэсіі і захаванні правоў чалавека ў спорце будуць галоўнай стратэгіяй для вяртання спартоўцаў з Беларусі і Расеі на міжнародную арэну. На лапці ж далёка паехаць не ўдасца”, – сказаў Аляксандр Апейкін.

Нагадаем, што Расея, якая не спыняе вайны супраць Украіны, вельмі актыўна працуе над зняццем або абыходам санкцыяў. Гэтак, Расеі ўдалося дабіцца допуску да міжнародных спаборніцтваў сваіх баксёраў. МАК ужо прыгразіў Міжнароднай федэрацыі боксу (IBA), што прыбярэ гэты від спорту з праграмы Алімпійскіх гульняў.

Hавiны
Беларускія гандбольныя брамнікі будуць выступаць у Ісландыі і Катары
2023.01.03 19:45

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў