Расея хоча правесці міжнародныя спаборніцтвы, нягледзячы на санкцыі. Гэта магчыма?


Міжнародны алімпійскі камітэт і практычна ўсе спартовыя федэрацыі свету пасля нападу на Украіну ўвялі супраць Расеі санкцыі. У прыватнасці, на тэрыторыі Расеі не могуць праводзіцца міжнародныя спаборніцтвы. Нягледзячы на гэта, расейцы, узяўшы ў саюзнікі беларусаў, плануюць правесці міжнародныя спаборніцтвы па футболе і гандболе. Разбіраліся, ці магчыма такое.

Грамадскасць можа не дазволіць таксічным краінам абыходзіць санкцыі

З прычыны санкцыяў усе зборныя і клубы Расеі не могуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай УЕФА і ФІФА, таксама на тэрыторыі Расеі не могуць праводзіцца ніякія афіцыйныя міжнародныя турніры.

З Беларуссю прасцей, яна засталася ў міжнароднай футбольнай сям’і, але не можа прымаць некаторых матчаў на сваёй тэрыторыі, таму беларускія клубы і зборная вымушаныя гуляць хатнія сустрэчы ў Сербіі, Арменіі ды Турцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны таварыскі матч, у якім згулялі каманды Таджыкістану і Расеі.  Душанбэ, Таджыкістан. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Didor Saduloev / Reuters / Forum

Як стала вядома, Расейскі футбольны саюз нейкім чынам дамовіўся аб правядзенні пад эгідай УЕФА ў траўні 2023 года юнацкага футбольнага турніру ў Валгаградзе. УЕФА гэты факт ніяк не каментуе. Плануецца, што ў турніры згуляюць зборныя Расеі, Беларусі, Казахстану і Кыргызстану. Расейцы хацелі запрасіць яшчэ адну зборную з Еўропы, але ніхто не захацеў паехаць.

«Гэта палітычнае пытанне, Расея ўсімі магчымымі спосабамі спрабуе абысці санкцыі. Зразумела, чаму на турнір прыедуць Беларусь, Казахстан і Кыргызстан, у іх, напэўна, нават не пыталіся. Але калі раздуецца скандал, абурыцца грамадскасць, УЕФА можа прыбраць рукі. Калі не, гэта будзе выдатны падарунак для расейскай прапаганды», – кажа ў размове з «Белсатам» спартовы журналіст, які жыве ў Беларусі.

Самае цікавае, што з прычыны санкцыяў Расея гатовая пайсці далей – выйсці з еўрапейскай федэрацыі футболу і перайсці ў азіяцкую. Гэтае пытанне цяпер актыўна прапрацоўваецца, і заяўка можа быць пададзеная ў апошні дзень гэтага года.

Менавіта матэрыялы ў медыях і грамадскае абурэнне, праца дыяспараў па ўсім свеце могуць не дазволіць правесці буйныя міжнароднае спаборніцтвы ў краінах, якія вядуць або падтрымліваюць вайну, лічыць выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Нагадаем, што ў Апейкіна сапраўды багаты досвед у гэтым кірунку – разам з калегамі яму ўдалося дабіцца пераносу з Беларусі буйных міжнародных спаборніцтваў, да прыкладу, чэмпіянату свету па хакеі. За гэта ў Беларусі Аляксандру завочна прысудзілі 12 гадоў турмы.

«Паводзіны УЕФА не здзіўляюць, гэта структура з абсалютна фальшывай дэкарацыяй, дзе няма прыхільнасці правам чалавека. Мы цудоўна разумеем сітуацыю на прыкладзе Беларускай федэрацыі футболу, якая найгрубейшым чынам парушыла правы спартоўцаў. Відавочнае ўмяшанне з боку дзяржавы, але УЕФА бяздзейнічае. Што датычыць турніру ў Расеі, то грамадскі ціск не дасць яму адбыцца, хаця быў намер зрабіць усё ціха. Скептычна стаўлюся да таго, што такія турніры будуць праходзіць у Расеі ў 2023 годзе», – кажа ў размове з «Белсатам» Аляксандр Апейкін.

Ніхто з сурʼёзных камандаў не паедзе гуляць у Расею

Што да гандболу, то тут пад «бан» Расея трапіла разам з Беларуссю, таму яны стварылі супольную лігу, ва ўсходнім дывізіёне выступаюць па чатыры каманды з гэтых краінаў. Турнір называецца «SEHA – Gazprom League». Цяпер арганізатары плануюць запусціць паўднёвы дывізіён, у спаборніцтве згуляюць восем клубаў з пяці краінаў Еўропы, такіх, як Вугоршчына, Харватыя, Сербія, Славаччына і Паўночная Македонія.

«Да вясны мы канчаткова сінхранізуем дывізіёны, калі пачнецца плэй-оф, а затым і фінал чатырох у Піцеры. Гэта павінна быць грандыёзная падзея, усе мы вельмі чакаем яе», – сказаў у эфіры «Матч ТВ» кіраўнік дывізіёну «Усход» СЭГА-лігі Барыс Сапожнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дывізіён «Усход» у Магілёве: «Машэка» супраць «Мяшкоў Брэст». Крыніца: SEHA – Gazprom League / vk.com

Высокая імавернасць, што ў гэты фінал чатырох выйдзе берасцейскі БГК імя Мяшкова і два клубы з Лігі чэмпіёнаў – «Veszprém» і «Zagreb», што можа выклікаць буйны міжнародны скандал.

«Я думаю, ніякага гандболу ў Санкт-Пецярбурзе з удзелам еўрапейскіх клубаў, асабліва з ЕЗ, не будзе. Наўрад ці клубы з Вугоршчыны, Харватыі ці Славаччыны паставяць на кон сваю рэпутацыю і стануць таксічнымі. Упэўнены, бліжэй да правядзення турніру яго перанясуць у Сербію або Паўночную Македонію», – кажа Аляксандр Апейкін.

Тым больш, што падобныя прыклады ўжо ёсць. Мужчынскія гандбольныя зборныя Беларусі і Расеі дамовіліся правесці таварыскія гульні міжсобку 5–6 студзеня ў Маскве. Беларускія легіянеры з краінаў ЕЗ адмовіліся прыязджаць на гэтыя гульні. Гэтак, ад паездкі ў расейскую сталіцу адмовіўся Мікіта Вайлупаў з вугорскага «Veszpréma» і Арцём Каралёк з польскага «Łomża Vive». Паводле інфармацыі «Белсату», клубы гульцоў не рэкамендавалі ім ехаць у Маскву.

АС  belsat.eu

Стужка навінаў