Як у Беларусі адбудуцца перамены? Дэмсілы падрыхтавалі чатыры сцэнары


Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада выносяць на грамадскае абмеркаванне стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Акрамя гэтага, дэмакратычныя сілы апісалі цяперашняе бачанне таго, як можа адбыцца транзіт улады ў Беларусі. Разглядаюць чатыры базавыя сцэнары пачатку пераходнага перыяду.

Офіс Святланы Ціханоўскай прэзентаваў стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Вільня, Літва. 13 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

«Падзенне рэжыму дасць беларусам шанец усталяваць дэмакратыю. Як не згубіць гэтую магчымасць, пазбегнуць прававога хаосу і спробаў рэваншу з боку памочнікаў дыктатуры? Для гэтага неабходны добра прадуманы план. Менавіта таму прадстаўнікі палітычных структураў, арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і аналітычных цэнтраў у сферы эканомікі, палітыкі, стратэгічных камунікацый, права і міжнародных адносінаў распрацавалі і выносяць на грамадскае абмеркаванне Стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Яе галоўная мэта – транзіт улады і ўсталяванне ў Беларусі дэмакратычнай сістэмы, у якой немагчымае ўзнікненне новай дыктатуры», – гаворыцца ў абгрунтаванні ініцыятывы.

Сярод раздзелаў Стратэгіі – правядзенне дэмакратычных выбараў, аднаўленне канстытуцыйнага парадку і законнасці, захаванне міжнародных абавязацельстваў, забеспячэнне эканамічнай стабільнасці і развіцця, аднаўленне грамадзянскай супольнасці і нацыянальнае адраджэнне.

Над стратэгіяй працавалі Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада, Банк ідэяў, Інстытут палітычных даследаванняў «Палiтычная сфера», BEROC, Stratcom Support Center, iSANS.

Азнаёміцца з тэкстам дакументу можна па спасылцы, а задаваць пытанні, пакідаць прапановы і каментары – з дапамогай @AskOff.

Чатыры сцэнары змены ўлады ў Беларусі

Сцэнар 1. Перамены як вынік перамоваў

Расея аслабла з-за вайны і ўжо не можа ў ранейшым аб’ёме падтрымліваць (эканамічна і палітычна) Беларусь. У Беларусі пагаршаецца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў выніку санкцыяў і наступстваў саўдзелу ў вайне з Украінай. Прадстаўнікі беларускай наменклатуры спрабуюць уступіць у перамовы з краінамі Захаду і дэмакратычнымі сіламі для зняцця санкцыяў і аднаўлення стасункаў, бо рэсурсаў для падтрымання рэжыму і вырашэння праблемаў, якія ўзніклі, у іх недастаткова, а пагроза іхнай асабістай бяспецы занадта вялікая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць уздоўж праспекту Незалежнасці ўпрыгожанага да 9 траўня. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

У выніку агульных дамоўленасцяў пачынае працаваць Агульнанацыянальны круглы стол – каб урэгуляваць палітычны крызіс. Фармуецца Урад пераходнага перыяду, у які ўвайшлі як прадстаўнікі наменклатуры, так і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Перамовы праходзяць не без канфліктаў.

У выніку ўзгадняюць, як будуць вызваляць палітзняволеных, праводзіць канстытуцыйную рэформу, выбары, здымаць санкцыі. Даюцца гарантыі бяспекі для перамоўных бакоў і гарантыі выканання дамоўленасцяў.

Сцэнар 2. Перамены пад унутраным ціскам грамадства

У Расеі мяняецца ўлада пасля паразы ў вайне з Украінай. Расея знясіленая вайной, санкцыямі, і ёй не да Беларусі. У Лукашэнкі больш няма такога палітычнага і фінансавага падтрымання з боку Расеі, як раней.

У Беларусі рэзка пагаршаецца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў выніку санкцый і зніжэння рынку збыту для беларускіх тавараў у Расеі. Пры гэтым наменклатура і сілавікі пачынаюць разумець, што ў Лукашэнкі больш няма вонкавай падтрымкі, а Расея занятая ўнутранымі справамі і не мае сілаў падтрымліваць прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках па інжынернай справе ў невядомым месцы ва Украіне.
Фота: Белсат

У Беларусі пачынаецца забастоўка аднаго з буйных прадпрыемстваў праз эканамічныя прычыны. Да забастоўкі далучаюцца іншыя прадпрыемствы. У краіну вяртаецца частка добраахвотнікаў, якія атрымалі ваенны досвед ва Украіне. Праходзяць акцыі пратэсту. Пачынаюцца сілавыя сутыкненні з унутранымі войскамі. Армія трымае нейтралітэт. Адбываецца раскол у сілавых структурах.

Пратэстоўцы захопліваюць адміністрацыю Лукашэнкі і іншыя аб’екты крытычнай інфраструктуры. Лукашэнка або арыштаваны, або ўцякае з краіны.

Створаны Урад пераходнага перыяду, падкантрольны прадстаўнікам дэмакратычных сілаў.

Пры неабходнасці дэмакратычныя сілы далучаюць да працы ва ўрадзе ці з урадам шэраг асобаў, якія раней працавалі ў сферы дзяржаўнай улады і кіравання. Урад пераходнага перыяду вызваляе палітзняволеных, праводзіць новыя выбары і канстытуцыйную рэформу пад назіраннем БДіПЧ АБСЕ, якія прызнаюцца міжнароднай супольнасцю.

Hавiны
«Паказаць альтэрнатыву “русскому миру”». Ціханоўская заклікала ЗША дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі
2023.12.09 12:22

Сцэнар 3. Паступовая трансфармацыя рэжыму

З якой-небудзь прычыны (смерць, цяжкая хвароба, няўдзел у чарговых прэзідэнцкіх выбарах і гэтак далей) Лукашэнка аддае ўладу.

Асноўным тут ёсць тое, што спыненне выканання абавязкаў адбываецца не пад ціскам вонкавых фактараў.

Расея аслабла праз вайну і ўжо не можа выкарыстоўваць усяго спектру інструментаў уздзеяння на Беларусь.

Прэзідэнтам становіцца чалавек з наменклатурнага асяроддзя. Ён не мае негатыўнага багажу злачынстваў, здзейсненых Лукашэнкам. Аднак ён атрымлівае ў спадчыну краіну, якая застаецца пад санкцыйным ціскам, з перакосамі ў эканоміцы, мноствам сацыяльных праблемаў. Новы прэзідэнт хоча нармалізаваць стасункі з Захадам, зняць санкцыі і аднавіць гандлёвыя стасункі з ЕЗ і Украінай, і таму пачынае працэс дээскалацыі.

З’яўляюцца партыі, падкантрольныя розным групам выканаўчай вертыкалі і бізнесу, у якіх паўстаюць свае прэтэнзіі на ўладу. Новы прэзідэнт спыняе рэпрэсіі, часткова вызваляе палітзняволеных і пагаджаецца на пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам і парламентам, а таксама на наданне большых паўнамоцтваў мясцовым органам улады. Гэта прыводзіць да частковага зняцця санкцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі перад Домам ураду. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Уносяцца змены ў Канстытуцыю 2022 года. Дэмакратычныя сілы адвакатуюць свае прапановы аб унясенні зменаў у Канстытуцыю. Паводле новай Канстытуцыі ліквідуецца Усебеларускі народны сход (або ператвараецца ў канстытуцыйны сход, які склікаецца толькі для мэтаў змянення Канстытуцыі). Паводле змененай Канстытуцыі краіна робіцца дзяржавай са змяшанай формай кіравання. Праводзяцца выбары згодна з новай Канстытуцыяй, у якіх таксама ўдзельнічаюць кандыдаты ад дэмакратычных сілаў і якія прызнаюцца міжнароднай супольнасцю.

Сцэнар 4. Перамены пад вонкавым ціскам

Ступень саўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі праз аўтарытарны рэжым узрастае ажно да таго, што беларуская армія непасрэдна ўступае ў вайну з Украінай на баку Расеі, увайшоўшы на тэрыторыю Украіны. З гэтага моманту на Беларусь распаўсюджваюцца ўсе санкцыі, якія ўжо ўведзеныя супраць Расеі.

Тэрыторыя Беларусі трапляе пад ваенныя атакі з боку Украіны. Адначасова з гэтым пры контрнаступе з поўдня тэрыторыі Украіны ў Беларусь уваходзяць украінскія войскі з падраздзяленнямі беларускіх добраахвотнікаў у авангардзе.

Перавага ў баявым досведзе і ўзбраенні забяспечвае хуткае прасоўванне войскаў углыб краіны. У выніку адбываецца фактычны захоп улады баявым шляхам, арышт Лукашэнкі, сілавое адхіленне ад улады ўсяго кіраўніцтва, пераход у рэжым часовага ўраду з вайскоўцамі на чале пад міжнародным кантролем.

Мірная дамова па заканчэнні вайны, якая скончылася перамогай Украіны, уключае рэпарацыі ад Беларусі, новую сістэму рэгіянальнай бяспекі і прадугледжвае правядзенне выбараў органаў улады і канстытуцыйную рэформу ў Беларусі пад кантролем міжнародных арганізацыяў, гарантаў новай рэгіянальнай бяспекі.

Аналітыка
Рэжым Лукашэнкі застаецца нестабільным. Тры сцэнары зменаў у Беларусі
2023.10.20 18:13

Фота вокладкі: Белсат

СП, belsat.eu

Стужка навінаў