Стратэгія пераходу да новай Беларусі: чаму гэта не стратэгія змены ўлады


Дэмсілы вынеслі на грамадскае абмеркаванне Стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Даведаліся, у чым яе сутнасць, ці трэба будзе вяртаць пазыкі рэжыму, ці будзе люстрацыя і дзе можна пакінуць сваё меркаванне па гэтых пытаннях.

Дэмсілы прэзентавалі Стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Вільня, Літва. 13 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

План распрацавалі палітыкі разам з экспертнай супольнасцю. Ён павінен даць адказ на пытанне, што рабіць у момант пераходу Беларусі да дэмакратыі, каб яна сапраўды замацавалася ў краіне.

Стратэгія пераходу да Новай Беларусі мае дзевяць раздзелаў:

  1. Аднаўленне канстытуцыйнага парадку
  2. Правядзенне дэмакратычных выбараў
  3. Забеспячэнне працы сістэмы дзяржаўнага кіравання і аказання паслугаў насельніцтву
  4. Аднаўленне законнасці і справядлівасці
  5. Знешняя палітыка і выкананне міжнародных абавязкаў
  6. Забеспячэнне эканамічнай стабільнасці і развіцця
  7. Аднаўленне ўмоваў для развіцця грамадзянскай супольнасці і палітычнага плюралізму
  8. Асноўныя крокі для нацыянальнага адраджэння ў пераходны перыяд
  9. Забеспячэнне грамадскай падтрымкі рэформаў у пераходны перыяд.

Стратэгія прадугледжвае два этапы. Першы – транзіт улады (180 дзён). Другі – усталяванне дэмакратыі – да правядзення другіх дэмакратычных выбараў у Беларусі пасля змены рэжыму. Яна падрыхтаваная для чатырох сцэнарыяў змены ўлады:

  • змены ў выніку перамоваў;
  • змены пад унутраным ціскам на рэжым Лукашэнкі;
  • перамены пад вонкавым ціскам (пры ўмове ўключэння беларускай арміі ў вайну);
  • паступовая трансфармацыя рэжыму.
Hавiны
Як у Беларусі адбудуцца перамены? Дэмсілы падрыхтавалі чатыры сцэнары
2023.12.13 18:21

Аднак сярод іх няма варыянту, пры якім Расея паглынае Беларусь, бо гэта не вядзе да пераменаў, адзначае дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі. Ён жа лічыць такі сцэнар найбольш верагодным. Таксама стратэгія не кажа, як дамагчыся змены ўлады ў Беларусі.

Якія праблемы будуць на старце?

Каб будаваць новую краіну, прыйдзецца вырашыць пытанне, якую Канстытуцыю наогул лічыць легітымнай: 1994, 1996, 2004 або 2022 гадоў.

«Першы варыянт – прыняцце новай Канстытуцыі. Другі – выбары праводзяцца па старой Канстытуцыі, але гэта небяспечны варыянт. Трэці варыянт – спачатку будуць выбары, а потым канстытуцыйная рэформа», – распавядае Дабравольскі.

Таксама трэба будзе правесці шэраг рэформаў: судовую, рэформу мясцовага самакіравання, праваахоўных органаў і дзяржкіравання.

«Трэба пазбавіць сілавыя структуры рэпрэсіўных функцый і каб яны сканцэнтраваліся на барацьбе са злачыннасцю і абароне суверэнітэту. Улада павінна быць падсправаздачная грамадству», – працягвае Дабравольскі.

Ці значаць рэформы, што ўсіх цяперашніх чыноўнікаў і сілавікоў чакае люстрацыя?

«Татальнай люстрацыі не павінна быць, павінна быць індывідуальная адказнасць [калі былі здзейсненыя злачынствы. – Рэд.]», – кажа Дабравольскі.

Што рабіць з эканомікай?

Эканамічны блок стратэгіі прадугледжвае дзве мэты, распавядае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. Першая разлічана на транзітны перыяд – гэта аднаўленне макраэканамічнай стабільнасці. Гэта значыць трэба пазбегнуць зніжэння даходаў, высокай інфляцыі і беспрацоўя.

«Як мінімум, бягучы ўзровень даходаў трэба захаваць», – кажа эксперт.

Hавiны
Даследаванне: толькі траціна беларусаў адчула рост даходаў за апошнія паўгода
2023.12.13 18:44

Другая мэта – на пераходны перыяд. Гэта ачышчальныя рэформы і падрыхтоўка Беларусі да інстытуцыйных рэформаў.

Змены павінны факусавацца на прасоўванні пазітыўных эфектаў, арыентавацца на інтарэсы людзей, а не эліт. І трэба знайсці аптымальны баланс паміж эканамічнай эфектыўнасцю і мінімізацыяй негатыўных наступстваў для тых, хто страціць ад правядзення рэформаў.

«Грунтуючыся на гэтых прынцыпах, атрымліваем дзесяць трэкаў, якія праходзяць адначасова», – кажа Дзмітрый Крук.

Сярод гэтых трэкаў максімальна хуткае зняцце санкцый, стварэнне спрыяльных умоў для прыватнага бізнесу, узмацненне сацыяльнай падтрымкі, рэформа дзяржпрадпрыемстваў. Таксама абавязкова павышэнне ролі грамадзянскай супольнасці, СМІ, беларускай дыяспары ў эканамічным жыцці краіны.

Вядома, прыйдзецца забяспечваць энергетычную бяспеку.

«Тут у нас вялікія рызыкі і няма адназначных адказаў на ўсе пытанні», – кажа Дзмітрый Крук, адзначаючы вялікую залежнасць ад Расеі ў гэтым пытанні.

А што будзе з крэдытамі, узятымі пасля выбараў 2020 года?

«У тэксце стратэгіі гаворыцца, што будзе перагляд стасункаў з Расеяй. Сказаць дакладна, што мы будзем дзейнічаць якім-небудзь чынам, было б адразаннем поля для манеўру. Што мы прама прапісваем – гэта наладжванне стасункаў з заходнімі крэдыторамі і тое, што Беларусь будзе шукаць магчымасці развязання пытання з еўрабондамі», – кажа Дзмітрый Крук.

Еўрабонды Беларусь выпусціла да 2020 года, але з-за санкцый вяртаць іх вырашана ў беларускіх рублях, адкрыўшы для трымальнікаў спецыяльны рахунак у «Беларусбанку». Гэта значыць фактычна грошы нікому не вярнулі.

Праграма развіцця беларускай культуры на 25 гадоў

«Нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляецца неабходнай умовай для незалежнасці Беларусі. Для нас важна, каб грамадзяне адчувалі сваю культурную асаблівасць, якая была б клеем, якая абʼядноўвае нацыю», – кажа прадстаўніца нацыянальнага адраджэння Абʼяднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык.

Стратэгія прадугледжвае вяртанне нацыянальных сімвалаў, адмену дыскрымінацыі беларускай мовы і культуры, публікацыю дзяржаўных дакументаў на дзвюх мовах. Таксама дзяржслужачыя павінны абавязкова ведаць беларускую мову, а яшчэ прапануецца прыняць праграму па развіцці беларускай культуры на 25 гадоў.

Пры гэтым дыскрымінацыі беларусаў па любых прыкметах не будзе, адзначыла Коўшык.

Hавiны
Ідэалагічна няправільных беларусаў будуць пазбаўляць пенсіяў за асаблівыя заслугі
2023.12.13 10:26

Вонкавая палітыка – вектар на Еўропу

Вонкавая палітыка будзе займаць амаль цэнтральнае месца ў пераходзе да дэмакратыі, кажа прадстаўнік па міжнародных справах Кабінету Валерый Кавалеўскі.

«Каб перавесці краіну на новыя рэйкі, нам не абысціся без вонкавай дапамогі», – адзначае ён.

Тут дэмсілы вызначылі чатыры асноўныя мэты. Гэта прывядзенне вонкавай палітыкі Беларусі ў адпаведнасць з агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права; прыцягненне міжнароднай дапамогі для стабілізацыі сітуацыі ў краіне; забеспячэнне бяспекі і незалежнасці краіны; рэалізацыі еўрапейскага выбару для Беларусі.

Кавалеўскі падкрэслівае, што на Захадзе гатовыя дапамагаць Беларусі, а цяперашняя дзейнасць Святланы Ціханоўскай – вельмі добрая дапамога для будучай беларускай вонкавай палітыкі.

Дзе выказаць сваё меркаванне?

Павел Лібер расказвае пра абмеркаванне Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі. Вільня, Літва. 13 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

«Беларусы і беларускі, якія чытаюць гэта, маюць сваё меркаванне. І каманда платформы “Новая Беларусь” дапамагае з тэхнічным рашэннем, якое дапамагае абмяркоўваць гэтую стратэгію», – кажа стваральнік праекту Павел Лібер, прэзентуючы абмеркаванне стратэгіі.

Падлучыцца да яго можна тут. Лібер адзначае, што тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, варта ў мэтах бяспекі заходзіць менавіта на сайт праекту (але не забываць пра меры засцярогі, як VPN, выдаленне гісторыі пошуку і інш.). Беларусы па-за краінай могуць спампаваць сабе прыкладанне.

«Мы не шызафрэнікі»

Чаму цяпер абмяркоўваецца стратэгія па пераходным перыядзе, а не тое, як змяніць уладу?

Дабравольскі адзначае, што не ўся праца ў гэтым кірунку можа афішавацца, хоць і прызнае, што адказаў на ўсе пытанні няма. Кавалеўскі кажа, што гэта адказ на пытанні беларусаў, што будзе далей і чаму ўвогуле людзі павінны ісці за дэмсіламі.

«Для палітычнай сілы вельмі важна мець адказ на пытанне, што і калі будзе пры пераменах. Мы не шызафрэнікі, мы добра разумеем, што гэтае пытанне [Як змяніць уладу ў Беларусі. – Рэд.] значна больш хвалюе людзей. Аднак адказ і на іншае пытанне павінен быць. Што мяне асабіста натхняе на тое, каб думаць пра будучыню – прыклад Польшчы і Ежы Гедройца і Юліюша Мерашэўскага. Шмат хто кажа, што ёсць шмат падабенства паміж сучаснай Беларуссю і 70-80 гадамі ў Польшчы. Ім таксама здавалася, што яны працуюць у стол. Але поспех рэформаў заклалі Гедройц і Мерашэўскі. Так, мы не ўпэўненыя, калі будучыня наступіць, але адказ на пытанне, што рабіць, калі момант наступіць, павінен быць», – заключае Дзмітрый Крук.

Hавiны
У Польшчы звольнілі кіраўнікоў усіх спецслужбаў
2023.12.13 19:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў