Эманюэль Макрон і Марын Ле Пэн будуць змагацца за пасаду прэзідэнта Францыі. Прагнозы экспертаў


Дзейсны прэзідэнт Эманюэль Макрон і кіраўніца ультраправага Нацыянальнага аб’яднання Марын Ле Пэн выйшлі ў другі тур выбараў у Францыі. Галасаванне адбудзецца 24 красавіка. Па выніках першага туру выбараў Макрон атрымаў 27,84 % галасоў, а Ле Пэн – 23,15 %.

Эманюэль Макрон і Марын Ле Пэн.
Фота: society.comments.ua

Пасля галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі Эманюэль Макрон атрымаў 27,84 % галасоў выбарнікаў, лідарка ультраправай партыі «Нацыянальнае абʼяднанне» Марын Ле Пэн – 23,15 %, лідар левай партыі «Мяцежная Францыя» Жан-Люк Мэляншон – 21,95 % галасоў. Такім чынам, у другім туры, які адбудзецца 24 красавіка, за пасаду прэзідэнта будуць змагацца дзейсны прэзідэнт краіны і кіраўніца ультраправай партыі.

Hавiны
Выбары прэзідэнта Францыі: у другі тур выходзяць Эманюэль Макрон і Марын Ле Пэн
2022.04.10 23:13

Гэта дэжа-вю, бо на мінулых выбарах ужо было супрацьстаянне гэтых двух палітыкаў, кажа аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. У 2017 годзе Эманюэль Макрон набраў каля 66 % галасоў, а Ле Пэн – каля 33 %. Цяпер жа, на думку Аляксандра Класкоўсага, будзе больш вострае спаборніцтва, бо мы бачым, што дзеячы атрымалі амаль аднолькавую колькасць галасоў падчас першага туру. А па-другое, Ле Пэн вельмі хітра і спрытна выкарыстала заклапочанасць французаў ростам коштаў, яна змяніла сваю рыторыку на «праблему страўніка».

Сітуацыя для французскай палітыкі зусім не новая, калі прадстаўнікі ультраправых партыяў набіраюць дастаткова вялікую колькасць галасоў, кажа палітолаг Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Паводле эксперта, у грамадстве Францыі сапраўды ёсць даволі вялікая частка кансерватыўнага электарату, якая схіляецца да папулісцкай палітыкі, большай арыентацыі краіны на пытанні ўнутранай палітыкі.

«Ле Пэн даволі добра гуляла на палітычным полі, на эканамічных пытаннях Францыі ў супрацьвагу Макрону, які больш увагі надаваў вонкавай палітыцы краіны. Гэта дадало кандыдатцы такую колькасць галасоў. Але калі ў другі тур выходзяць больш умераны кандыдат і больш папулісцкі, звычайна грамадства Францыі мабілізуецца, і тыя, хто традыцыйна галасуе за левых, каб не прайшлі правыя папулісты, аддаюць свае галасы найбольш папулярнаму палітыку, нават калі ягоныя погляды не супадаюць паводле ідэалагічных каштоўнасцяў», – кажа Андрэй Ягораў.

У дадзенай сітуацыі Макрон грае ролю умеранага кандыдата, а Ле Пэн традыцыйна прыцягвае ўвагу папулісцкімі заявамі.

Палітолаг Андрэй Ягораў.
Фота: Andrei Schutt / Wikimedia / CC BY-SA 4.0

Да таго, ж звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі, Жан-Люк Мэляншон, які набраў амаль 22 % галасоў выбарнікаў, заклікаў сваіх выбарнікаў галасаваць за Макрона. І гэта вельмі важны чыннік.

«Я з вялікай доляй верагоднасці прадказваю перамогу Макрона падчас другога туру выбараў. Бо іншы вынік стане вельмі кепскім для Украіны, для Беларусі таксама ў пэўнай ступені.

Нагадаю, што Макрон тэлефанаваў Лукашэнку пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Не ўсе зразумелі гэты званок, але мажліва, што дзякуючы гэтаму тэлефанаванню беларускія вайскоўцы не перайшлі мяжы Украіны. Калі ўявіць сабе сітуацыю, што перамагае Ле Пэн, то гэта пагражае разбурэнню еўрапейскай кааліцыі, якая цяпер дзейнічае, узмацняе санкцыі супраць Расеі, каб стрымаць агрэсію», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Hавiны
Пуцін стэлефанаваўся з Макронам, потым з Лукашэнкам
2022.02.12 19:07

Эксперты таксама звяртаюць увагу, што супраць Марын Ле Пэн будзе яе пазітыўнае стаўленне да Масквы, нягледзячы на тое, што кіраўніца ультраправага Нацыянальнага абʼяднання пасля расейскага ўварвання асудзіла агрэсію Крамля супраць Украіны, патрабавала выдварыць расейскага амбасадара з Францыі. Андрэй Ягораў лічыць, што ейныя заявы варта разглядаць у межах электаральнага лавіравання, бо яе перакананні не моцна змяніліся, наўрад ці яна страціла ўсе сувязі з Расеяй. Таму гэтая тэма будзе эксплуатавацца праціўнікамі Ле Пэн у другім туры.

Пасля нападу на Украіну прарасейскія палітыкі ў Заходняй Еўропы не маюць шанцаў на перамогу. Сёння выглядаць прамаскоўскім, выглядаць прапуцінскім палітыкам у Еўропе – гэта таксічна, кажа Аляксандр Класкоўскі.

«Нават ускосныя апраўданні і кампліменты на адрас Пуціна – гэта, кажучы французскім словам, некамільфо. Таму сёння нават тыя, хто яшчэ ўчора гуляў у розныя гульні з Крамлём, пасыпаюць галовы попелам, кажуць, што памыляліся, бо іначай у іх няма шанцаў перамагчы на выбарах. Таму Ле Пэн разумее гэта і мусіць мяняць рыторыку», – разважае палітычны аглядальнік.

Аляксандр Класкоўскі таксама дадае, што цяпер Крэмль не можа шчодра падтрымліваць сваіх прыхільнікаў у Заходняй Еўропе, бо санкцыі як ніколі моцныя і маюць разбуральны эфект, што абцяжарвае магчымасці Расеі.

Аб’ектыў
У Францыі праходзяць прэзідэнцкія выбары
2022.04.10 22:52

belsat.eu

Стужка навінаў