Пуцін стэлефанаваўся з Макронам, потым з Лукашэнкам


«Дамовіліся пра далейшыя кантакты». Размовы адбыліся на фоне навінаў аб тым, што Расея плануе напад на Украіну ў бліжэйшыя дні. Чакаецца размова Пуціна з прэзідэнтам Злучаных Штатаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін.
Фота: kremlin.ru

Уладзімір Пуцін 12 лютага правёў тэлефонныя размовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле «Agence France Presse», перамовы трывалі 1 гадзіну 40 хвілінаў. Макрон папярэдзіў Пуціна, што дыялог несумяшчальны з эскалацыяй на межах Украіны, але «абодва выразілі жаданне працягнуць дыялог».

Крэмль піша, што Макрон тэлефанаваў у працяг сваіх нядаўніх асабістых перамоваў з Пуціным: «Прайшоў паглыблены абмен думкамі ў пытаннях, якія тычацца забеспячэння доўгатэрміновых юрыдычных гарантыяў бяспекі Расейскай Федэрацыі і пераадолення тупіку ва ўрэгуляванні ўнутрыўкраінскага канфлікту».

Пуцін звярнуў увагу на тое, што на патрабаванні Расеі не адрэагавалі, і назваў «правакацыяй» паведамленні пра расейскія планы нападу на Украіну. Ён таксама заявіў, што «ідзе маштабнае напампоўванне Украіны сучаснымі ўзбраеннямі і ствараюцца перадумовы для магчымых агрэсіўных дзеянняў украінскіх сілавікоў на Данбасе».

Hавiны
Дзяржаўны сакратар ЗША заклікаў Расею да дээскалацыі, прыгразіў рашучым адказам на ўварванне ва Украіну
2022.02.12 17:37

Пасля размовы з Макронам Пуцін правёў тэлефонныя перамовы з Лукашэнкам. Паводле паведамлення Крамля, былі «разгледжаныя некаторыя пытанні далейшага развіцця двухбаковай супрацы, а таксама сітуацыя вакол рэакцыі ЗША і NATO на расейскія прапановы ў выпрацоўцы доўгатэрміновых міжнародна-прававых гарантыяў бяспекі Расеі».

На момант публікацыі беларускі бок не паведамляў пра размову Пуціна з Лукашэнкам.

Hавiны
Заходнія медыі: Пуцін прыняў рашэнне аб уварванні ва Украіну, найбольш верагодная дата – 16 лютага
2022.02.12 08:42

Беларусь разглядаюць як адзін з магчымых шляхоў расейскага нападу на Украіну: цяпер на беларускай тэрыторыі трываюць буйныя расейска-беларускія вайсковыя вучэнні, і расейскіх вайскоўцаў бачаць далёка ад афіцыйных палігонаў. Паводле ацэнак NATO, у Беларусі цяпер могуць быць каля 30 тысяч расейскіх салдатаў – гэта найбуйнейшае разгортванне войскаў у Беларусі пасля халоднай вайны. Значную частку сваіх прамоваў Аляксандр Лукашэнка цяпер прысвячае магчымай вайне Расеі з Украінай і ўдзелу ў гэтым Беларусі.

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў