Юрый Васкрасенскі, які застаецца пад хатнім арыштам, прыехаў на Эканамічны форум у Польшчу


Пралукашэнкаўскі палітолаг распавёў карэспандэнту «Белсату», што на Эканамічны форум у Карпачы яго запрасілі «прадстаўнікі польскага істэблішмэнту», якія хочуць развязання міграцыйнага пытання. У Беларусі яму далі адмысловы дазвол на выезд.

Юрый Васкрасенскі на Эканамічным форуме ў Карпачы.
Фота: Юрый Васкрасенскі / Telegram

Юрый Васкрасенскі прыехаў як палітычны аналітык і плануе выступіць на Форуме 9 верасня, калі ў секцыях будзе разглядацца беларускае пытанне, і «прадставіць альтэрнатыўны пункт гледжання».

На пытанне нашага журналіста, як атрымалася выехаць падчас перабывання пад хатнім арыштам, Васкрасенскі сказаў, што яму далі дазвол для ўдзелу ў Форуме.

Праўладны палітолаг змог абысці і яшчэ адно абмежаванне – выехаць за межы Беларусі ў час, калі дагэтуль дзеюць «антыковідныя» абмежаванні для перасячэння наземнай мяжы.

«Вы падумайце, як я выехаў, як атрымаў польскую візу, як я засяліўся ў гатэль, а пры гэтым вашым слухачам і гледачам распавядаюць, што арганізатары мяне не ведаюць, і што выпадкова запрасілі, – сказаў Васкрасенскі. – Насамрэч усё вельмі проста: шэрагу прадстаўнікоў польскага істэблішмэнту пачынае надакучваць беглая пазіцыя, і шэраг прадстаўнікоў польскага істэблішмэнту хоча таксама вырашыць міграцыйнае пытанне. Прыйдзе час – мы назавем усе прозвішчы. Я тут, бо і беларускія ўлады хочуць цёплых дачыненняў з Польшчай, і Польшча разумее, што толькі дамовіўшыся з Беларуссю і з беларускім кіраўніцтвам, якое існуе дэ-факта і дэ-юрэ, можна вырашаць нейкія пытанні».

Юрый Васкрасенскі называе сябе былым супрацоўнікам перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі і пазіцыянуе сябе як галоўны пасярэднік у перамовах паміж уладамі і апазіцыяй. Сам Бабарыка праз сваіх адвакатаў перадаваў з СІЗА, што «спадар Васкрасенскі не быў чальцом штабу, не належаў да кола асобаў, якія прымалі рашэнні, і ніколі не атрымліваў ніякіх даручэнняў. Таму ён ёсць неўпаўнаважанай асобай».

Летам 2020-га Юрый Васкрасенскі каардынаваў збор подпісаў у Першамайскім раёне Менску за прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыку. Праз некалькі дзён пасля выбараў яго затрымалі. Яшчэ праз колькі дзён у эфіры беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў паказалі кадры допыту, на якіх Васкрасенскі нібыта ўсвядоміў, што масавыя вулічныя мерапрыемствы ператвараюцца ў бескантрольны хаос, таму напісаў у КДБ яўку з павіннай. Пазней ён стаў удзельнікам сустрэчы ў ізалятары КДБ з Аляксандрам Лукашэнкам і неўзабаве выйшаў на волю – пад хатні арышт.

Пасля гэтага Васкрасенскі стварыў ініцыятыву «Круглы стол дэмакратычных сілаў», галоўная мэта якой, паводле ягоных словаў, наладжванне дачыненняў паміж апазіцыяй і ўладамі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў