З 11 да 12 студзеня ў Хельсінкі пройдзе канферэнцыя «Хельсінкскі дыялог: дэмакратычная будучыня для Беларусі», якую арганізоўваюць МЗС Фінляндыі і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай.
На адкрыцці выступяць міністр замежных справаў Фінляндыі Эліна Вальтанэн, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тыні Кокс.
На канферэнцыі плануецца абмеркаваць геапалітычны выбар Беларусі, сітуацыю з палітвязнямі, стратэгіі арганізацыі сумленных і свабодных выбараў, захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
«Хельсінкскі дыялог» збярэ дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў, дыпламатаў і навукоўцаў.
Падчас візіту ў Хельсінкі Ціханоўская правядзе двухбаковыя сустрэчы з прэмʼер-міністрам Фінляндыі, міністрам замежных справаў і спікерам фінскага парламенту.
Якуб Хруст belsat.eu