Расейцы масавана атакавалі раніцай Украіну. Ёсць разбурэнні, пацярпелыя і загінулыя


Каля 6:00 мясцовага часу 8 студзеня ва Украіне пачала распаўсюджвацца паветраная трывога, Паветраныя сілы пацвердзілі запускі ракетаў з расейскіх стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС і знішчальнікаў МіГ-31К. А 8:24 трывогі пачалі адмяняць. Небяспека трывала больш як 2 гадзіны, піша «Українська правда».

Наступствы абстрэлу Харкаўскай вобласці 7 студзеня.
Фота: ДСНС України / Telegram

У Запарожжы прагучалі пяць выбухаў, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Юрый Малашка. Ракеты трапілі ў жылыя раёны – на адкрытыя тэрыторыі і побач з дамамі. Вядома пра дваіх пацярпелых – мужчыну і жанчыну.

У Крывым Рогу 15 тысяч абанентаў засталіся без электразабеспячэння праз складаныя ўмовы надвор’я, у горадзе не ходзіць электратранспарт – тралейбусы і трамваі, паведаміў кіраўнік гарадской Рады абароны Аляксандр Вілкул.

Таксама расейскія войскі нанеслі не менш як чатыры ўдары па Харкаве, а ў Зміеве пацэлілі ў прыватны дом, ёсць пацярпелыя ў абодвух гарадах.

«Гэтаю раніцаю вораг біў па прамысловых абʼектах гораду. Ёсць пажар і на гэты момант адна пацярпелая жанчына», – заявіў кіраўнік Харкава Ігар Тэрэхаў.

У Зміеве Чугуеўскага раёну ракета трапіла ў прыватны дом. Медыкі надаюць дапамогу двум пацярпелым, але пад заваламі застаюцца яшчэ два чалавекі.

Сілы абароны поўдня Украіны паведамілі, што ўначы збілі ўсе восем варожых дронаў тыпу «Shahed-131/136», якія расейцы скіравалі на Адэскую і Мікалаеўскую вобласці. Абломкі аднаго са збітых БПЛА ўпалі на адкрытай тэрыторыі Адэскага раёну, выклікаўшы пажар. Разбурэнняў і пацярпелых няма.

Тэлеграм-канал «Оперативний ЗСУ» адзначае, што ў Крывым Рогу былі пашкоджаныя гандлёвы цэнтр і больш як два дзясяткі прыватных дамоў. 58-гадовы мужчына атрымаў асколачныя раненні. Ён у здавальняльным стане. У Крыварожскім раёне быў разбураны прыватны дом і загінула 62-гадовая жанчына. У Новамаскоўску ўзнік пажар, выбуховаю хваляю перакуліла маршрутку, якая праязджала паўз. Пашкоджаныя тры адміністрацыйныя будынкі, дзве бензастанцыі, пяціпавярховік, аўтамабіль. У горадзе папярэдне 24 пацярпелыя, з іх пяцёра – дзеці.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў