Якія выгады Лукашэнка хоча знайсці ва Узбекістане?


Дзяржаўныя крыніцы паведамілі пра візіт Лукашэнкі ва Узбекістан. Там ён сустрэнецца з прэзідэнтам Шаўкатам Мірзіёевым. Плануецца, што яны абмяркуюць, сярод іншага, пашырэнне гандлёва-эканамічнай супрацы.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкенце, Узбекістан. 7 лютага 2024 года.
Фота: yuz.uz

Афіцыйна мэты візіту апісваюцца так: «У цэнтры ўвагі будуць пытанні паглыблення міждзяржаўных стасункаў, інтэнсіфікацыя гандлёва-эканамічнага і культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння. Асаблівую ўвагу бакі нададуць развіццю кааперацыйных сувязяў у розных галінах прамысловасці, супрацы ў сельскай гаспадарцы, навуцы, адукацыі і турызме».

Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў падпішуць нейкія дакументы, называецца толькі адзін: план захадаў для развіцця супрацы паміж Беларуссю і Узбекістанам на 2024–2025 гады.

Пакуль гандаль з Узбекістанам выгадны Беларусі: экспарт туды заўважна перавышае імпарт адтуль. Прычым летась дадатнае для нашай краіны сальда павялічылася ў параўнанні з 2022 годам.

Пра тое, як менавіта бакі плануюць павялічваць тавараабарачэнне, інфармацыі пакуль не багата. Сёння ў Ташкенце адбыўся другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістану, і з паведамленняў адтуль стала вядома, што Менск прапаноўвае супольную вытворчасць харчоў для дзяцей, зборку ў азіяцкай рэспубліцы аўтобусаў МАЗу, хоча адкрыць прадпрыемствы тэкстыльнай галіны.

Акрамя таго, анансаванае стварэнне ва Узбекістане зборачнай вытворчасці трактароў на бавоўну. Сёлета на першым этапе пілотнага праекту Беларусь паставіць 500 трактаракамплектаў, паведаміў кіраўнік МТЗ Віталь Воўк.

«Летась мы сюды паставілі больш за 4 тысячы трактароў. За апошнія гады гэта рэкорд», – сказаў дырэктар.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі на гэтым форуме, віцэ-прэм’ер Леанід Заяц запэўніў, што «ў 2024–2025 гадах краіны рэалізуюць праектаў болей чым на $ 1 млрд». На самой імпрэзе было падпісана больш за 20 кантрактаў і пагадненняў на $ 80 млн.

Аснова беларускага экспарту ва Узбекістан – харчы, машыны і абсталяванне, прамысловыя тавары, нехарчовая сыравіна. У нашую краіну рэспубліка прадае найбольш прамысловых тавараў, гатовых вырабаў і харчоў.

Пры гэтым узбекскія медыі пішуць пра «нерэалізаваны экспартны патэнцыял у павелічэнні паставак прадукцыі ў Беларусь», адзначаючы, што Узбекістан у 4–5 разоў болей імпартуе, чымся экспартуе ў нашую краіну, і ўзаемны гандаль патрабуе збалансавання. У Ташкенце бачаць магчымасці росту паставак у Беларусь тэкстыльных вырабаў, садавіны і гародніны, легкавікоў, некаторых відаў электратэхнічных тавараў.

Hавiны
Экспартны «поспех» Беларусі: адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі вырасла за год у 30 разоў
2024.02.05 20:44

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў