Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Чэрачэнь паехаў у Расею і забіў мядзведзя


Лідар зліквідаванай уладамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і кандыдат на выбарах-2020 Сяргей Чэрачэнь расказаў на сваім Telegram-канале пра хобі – паляванне.

Сяргей Чэрачэнь на паляванні.
Фота: Zacherechen / Telegram

Сяргей Чэрачэнь пахваліў паслугі для паляўнічых у Беларусі: добрая арганізацыя, «добры звер» і някепскі сэрвіс. Маўляў, «часта партнёры прыязджаюць у Беларусь паляваць». Пры актыўным размнажэнні драпежнікаў выдаюцца ліцэнзіі на адстрэл, кантралюецца папуляцыя дзікоў (якіх у Беларусі практычна вынішчылі), падтрымліваецца баланс у прыродзе. Паляўнічыя-турысты пакідаюць у Беларусі ад тысячы долараў, на тыдзень паляўнічыя ўгоддзі зарабляюць 1020 тысяч долараў.

«Расейцы часта ставяць нас у прыклад у адносінах да жывой прыроды. У Беларусі няма браканьерства, і грошы, выплачаныя за трафей, ідуць на развіццё экасістэмы ды павелічэнне папуляцыі жывёлінаў, а не на ўзбагачэнне чорнага рынку адстрэлу жывёлы», – расказаў Чэрачэнь.

Але апошні раз Чэрачэнь ездзіў паляваць у расейскую Волагду. Гэта ён патлумачыў тым, што там «мядзведзь пад кожным кустом», папуляцыя перавышае 10 тысяч жывёлінаў. Іншых тлумачэнняў паездкі на паляванне ў Расею ён не даў.

Фота Чэрачня з палявання з забітымі жывёлінамі:

Сяргей Чэрачэнь на паляванні.
Фота: Zacherechen / Telegram
Сяргей Чэрачэнь на паляванні.
Фота: Zacherechen / Telegram

Чэрачэнь таксама расказаў, што паляванне для яго – «спакойнае яднанне з прыродаю», як і рыбацтва. Забойства жывёлы – «магчымасць абстрагавацца ад гарадской мітусні», «правесці некалькі дзён без тэлефона і са сваймі сябрамі», «пабыць сам-насам з сабою, без лішняга шуму і мітусні».

«Асабіста я думаю, што паляванне дапамагае выпрацоўваць характар, – адзначыў Чэрачэнь. –  На паляванні няма манерных, ёсць мэта і секунды для прыняцця рашэння. Жонка нармальна ставіцца да маіх захапленняў. Гэта мужчынскія моманты, і яна гэта разумее».

Сяргей Чэрачэнь узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду ў 2018 годзе: выхадзец з Камуністычнай партыі замяніў на пасадзе Станіслава Шушкевіча. У 2020-м быў адным з кандыдатаў на прэзідэнта – казаў, што на выбары ідзе, «каб набрацца досведу» і падрыхтавацца да прэзідэнцкай кампаніі-2025. Пасля выбараў не трапіў пад рэпрэсіі, хоць затрымлівалі кіраўніка ягонага перадвыбарчага штабу. У 2023 годзе партыю Чэрачня зліквідавалі. На наступных прэзідэнцкіх выбарах, калі яны адбудуцца, Чэрачэнь збіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру.

Каментар
Без мяне мяне ажанілі. Палітык Сяргей Чэрачэнь можа паняволі стацца адзіным кандыдатам ад апазіцыі
2023.06.22 20:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў