Патранаж над палітвязнямі, стажыроўкі для беларусаў. Аб чым Ціханоўская дамовілася з ірландскімі дэпутатамі?


Святлана Цiханоўская 3 траўня сустрэлася са спікерам Ірландскага парламенту Шонам О’Фарэлам і выступіла перад дэпутатамі-сябрамі Камітэту па замежнай палітыцы і абароне. Абмяркоўвалі шляхі дапамогі Беларусі.

Святлана Ціханоўская ў ірландскім парламенце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская распавяла ірландскім дэпутатам пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў супраць актывістаў, журналістаў і беларускіх партызанаў, барацьбу беларускіх добраахвотнікаў. Палітыкі абмеркавалі прысуды Раману Пратасевічу і журналістам праекту NEXTA.

Беларуская лідарка падзялілася інфармацыяй пра сітуацыю з Віктарам Бабарыкам і заклікала ірландскіх палітыкаў патрабаваць доступу да Бабарыкі для сваякоў і замежных дыпламатаў. Таксама Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з Сяргеем Ціханоўскім ды іншымі палітвязнямі, ад якіх цягам некалькіх тыдняў не было навінаў.

«Я радая, што тут у парламенце столькі сяброў Беларусі. Мне не прыйшлося тлумачыць, што ў нас адбываецца і чаму нашая барацьба мае вялікае значэнне, бо яны ўсё ведалі. У ірландцаў ёсць вялікая сімпатыя да нашай барацьбы. Дэпутаты ірландскага парламенту будуць дапамагаць падтрымліваць Беларусь на парадку дня, спрыяць нам у міжнародных арганізацыях. Я пачула з іх боку гатовасць дзейнічаць», – сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская ў ірландскім парламенце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Па выніках сустрэчаў дамовіліся аб наступным:

  • У ірландскім парламенце будзе ўтвораная група сяброў дэмакратычнай Беларусі, як гэта ўжо зроблена ў 17 парламентах іншых краінаў. Ціханоўская прапанавала дэпутатам далучыцца да міжнароднай кааліцыі парламенцкіх групаў, якія будуць падымаць пытанне Беларусі ў міжнародных арганізацыях.
  • Дэпутаты возьмуць патранаж над палітвязнямі. Ужо 24 дэпутаты далучыліся да гэтай міжнароднай кампаніі. Спікер парламенту выказаў жаданне ўзяць патранаж над адным з палітвязняў.
  • Парламент разгледзіць рэзалюцыю ў падтрымку незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Асобная ўвага будзе прысвечана недапушчэнню размяшчэння ядравай зброі.
  • Будзе разгледжана магчымасць стажыровак для беларусаў у офісах дэпутатаў парламенту.
  • Дэпутаты парламенту падтрымаюць Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі 21 траўня.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў