«Дармаедам» зрэжуць медпакет? Лукашэнка хоча забраць у тых, хто з'ехаў, танную медыцыну


Аляксандр Лукашэнка прыгразіў беларусам, якія зʼехалі з краіны, што пазбавіць іх магчымасці лячыцца ў Беларусі «па дзяшоўцы». «Белсат» пацікавіўся ў лекара і намесніка прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінета Станіслава Салаўя, на якія захады беларускія ўлады могуць пайсці і ці рэальна ў паліклініцы вылічыць, хто ўвесь час жыве ў Беларусі, а хто – не.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Экіпаж машыны хуткай медычнай дапамогі выгружае пацыента ў прыёмным аддзяленні лякарні. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Яны [беларусы, якія зʼехалі з краіны. – Рэд.] зубок прыязджаюць сюды па дзяшоўцы лячыць і іншыя хваробы – за ваш кошт, – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Горадню 2 красавіка. – Падаткі вы плаціце як фізічная асоба, і прадпрыемства ваша таксама плаціць падаткі. Яны прыязджаюць па дзяшоўцы падлячыцца».

На думку Станіслава Салаўя, «нейкая рэакцыя» беларускіх чыноўнікаў на такую заяву Лукашэнкі будзе. Тым больш, што падобныя размовы былі і раней.

«Нават самыя ідыёцкія загады, на жаль, прымаюцца хутка пад казырок. Самы добры прыклад – гэта адмена масачнага рэжыму ў трэцюю хвалю кавіду. Таму нешта будзе. Хутчэй за ўсё знакаміты “дармаедскі” закон, будзе распаўсюджаны на тое, што за медычную дапамогу “дармаеды” будуць плаціць даражэй. Бо як праверыш, жыве чалавек у Беларусі ці не? ВНЖ патрабаваць? Ён проста яго не пакажа», – кажа Станіслаў Салавей.

А «дармаедамі» у Беларусі лічацца нават тыя, хто працуюць за межамі краін ЕАЭС.

«Хутчэй за ўсё тыя, хто жывець не ў Беларусі, будуць аўтаматычна трапляць у базу “дармаедаў” і для іх будзе іншы тарыф на аказанне медычнай дапамогі ў бюджэтных арганізацыях. Таму што па вялікім рахунку платным цэнтрам не прынцыпова, хто да іх прыходзіць», – кажа лекар.

Ён адзначае, што сам Лукашэнка ўжо і не кажа пра бясплатную медыцыну, а пра медпаслугі «па дзяшоўцы».

«Гэта значыць не бясплатна прыязджаюць людзі лячыцца. Так, чалавек зʼехаў, але ён прыязджае і пакідае тут грошы, якія зарабіў у Польшчы. Гэта ж не на шкоду. А логіка атрымліваецца, што ў прыярытэце не развіваць нейкую галіну, а проста зрабіць гадасць тым, хто зʼехаў. Гэта значыць беларусам мы ставім палкі ў колы, а палякі – калі ласка, прыязджайце і лячыце зубы, таму што ў нас класна, развіваем медычны турызм. Гэта выразна паказвае прыярытэты чалавека – адпомсціць тым, хто зʼехаў», – кажа Салавей.

Hавiны
Беларусы паспрабавалі даведацца, што з айчыннай вакцынай ад COVID. Іх зусім заблыталі
2024.03.11 14:05

У 45 артыкуле беларускай Канстытуцыі гаворыцца, што ўсе грамадзяне Беларусі маюць права на абарону свайго здароўя, у тым ліку на доступ да бясплатнай медыцыны. Як тады ўлады могуць адабраць частку медпаслуг у беларусаў, цікавімся ў эксперта.

«Знайдзіце людзей, якія стаматалогію робяць бясплатна ў Беларусі. Я буду моцна здзіўлены. Калі мы не будзем браць, умоўна, ветэранаў, інвалідаў альбо сілавікоў ці чыноўнікаў. Пакажыце мне беларусаў, якія не проста хочуць выдаліць зуб, а зрабіць нешта больш-менш накіраванае на захаванне здароўя, і якія атрымліваюць гэтую паслугу бясплатна. Рэальнасць сама сябе падагнала пад тую сітуацыю», – падкрэслівае Салавей.

Лукашэнка не выпадкова кажа менавіта пра стаматалогію, мяркуе суразмоўца. Калі ўсе і так разумеюць, што яна платная, яго словы быццам не бураць міф аб сацыяльна-арыентаванай дзяржаве – астатняе ж нібыта бясплатна.

«Бясплатная ахова здароўя, умоўна бясплатная, таму што за яе плацяць усе грамадзяне ў выглядзе падаткаў, – гэта, напэўна, апошняя апора міфічнай сацыяльнай дзяржавы, у якой жыве наша прапаганда. Ад гэтага адмовіцца яны не могуць.

Таму яны і ўзяліся за платныя стаматалагічныя паслугі. Яны разумеюць, што людзям даводзіцца лячыць зубы платна, таму што бясплатна проста няма магчымасці. І там ужо даходзіла да таго, што ў невялікія гарады адпраўлялі з іншых гарадоў спецыялістаў: няма стаматолага, таму хай ён з іншага гораду ездзіць раз на тыдзень.

То бок, усе людзі лечаць платна, таму ўзяліся за рэгуляванне коштаў. Маўляў, окей, хай лечацца платна, але дзяржава так пра вас клапоціцца, што мы прымусім знізіць цану. І цяпер адваротны бок – ускладніць прыезд тых, хто прыносіць грошы. Логіку тут знайсці немагчыма. Ён жыве ў сваім свеце, у яго ўсё добра: лекараў хапае, заробкі касмічныя і ўсе нам зайздросцяць», – кажа Салавей.

З лекарамі ўсё ў парадку хіба асабіста ў Лукашэнкі, а ў Калінкавічах, напрыклад, тры гады не было анколага, рэзюмуе суразмоўца.

Hавiны
У Беларусі амаль 26 тысяч чалавек чакаюць замены суставаў – міністр аховы здароўя
2024.02.19 11:02

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў