У Беларусі затрымалі ўкраінку, якая прывезла з Польшчы 78 тысяч долараў


Ва ўкраінкі, якая прыехала з Польшчы ў Беларусь, памежнікі знайшлі 78 тысяч долараў. Яна іх не задэкларавала, паведамляе прэс-служба пракуратуры Берасцейскай вобласці. Цяпер жанчыну абвінавачваюць у замаху на незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС наяўных грашовых сродкаў у буйным памеры.

Беларуская мяжа.
Фота: УНІАН

Здарэнне адбылося 22 студзеня гэтага года, калі супрацоўнікі Берасцейскай мытні правяралі рэйсавы аўтобус, які рухаўся з Польшчы ў Берасце. Ва ўкраінкі знайшлі грошы, якія яна не задэкларавала. Яны былі схаваныя ў асабістым багажы жанчыны.

Была заведзена крымінальная справа. 45-гадовай грамадзянцы Украіны інкрымінавалі «незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза наяўных грашовых сродкаў у буйным памеры».

Нагадаем, што пры ўездзе і выездзе за межы мытнай мяжы ЕАЭС падлягаюць абавязковаму мытнаму дэклараванню наяўныя і дарожныя чэкі, калі іх агульная сума перавышае суму, эквівалентную 10 тысячам долараў.

Падобны выпадак здарыўся ў снежні мінулага года, калі ўкраінка спрабавала незаконна вывезці з Беларусі ў Польшчу 79 тысяч долараў. У выніку яна пазбавілася грошай і цяпер ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі па артыкуле за «спробу кантрабанды».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў