Беларускі вытворца яек спыняе пастаўкі ў Расею праз дэфіцыт на айчынным рынку


Адзін з найбуйнейшых беларускіх вытворцаў курыных яек – «Фирма АВС» – прыпыняе пастаўкі ў Расею. Паведамляецца, што такое рашэнне звязана з недахопам прадукцыі і неабходнасцю ў першую чаргу забяспечыць унутраны рынак, перадае RTVI.

Яйкі «Фірма АВС». Крыніца: abcfood.net

Ліст расейскім контрагентам аб спыненні паставак «Фирма АВС» разаслала 20 студзеня, яго сапраўднасць пацвердзіў адзін з вытворцаў яек у Расеі, а таксама прадстаўнік прадуктовай сеткі. У самой «Фирме АВС» каментароў не далі.

У расейскім Міністэрстве сельскай гаспадаркі заявілі, што не чакаюць скарачэння прапановы яек на ўнутраным рынку. Аб’ёмы іх імпарту не істотныя, падкрэслілі ў міністэрстве.

У кастрычніку 2022 года Беларусь ужо ўводзіла забарону на экспарт сталовых яек, мяса курыцы і малочнай прадукцыі для сямі буйных кампаній: «Сервалюкс Агра», Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, птушкафабрыкі «Дружба», Баранавіцкай птушкафабрыкі, 1-й Менскай птушкафабрыкі, а таксама Рагачоўскага і Лепельскага камбінатаў. «Фирма АВС» у іх лік не ўваходзіла.

Акрамя яек, кампанія займаецца вытворчасцю сокаў і нектараў пад маркай «АВС», а таксама аднайменных кетчупаў і маянэзу, хрэну і гарчыцы, пюрэ, кансерваў і варэння.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў