Расейскі дом адкрыўся ў Горадні


2 красавіка, у так званы Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі, у Горадні адкрылі Расейскі дом. Гэта ўжо чацвёртая такая ўстанова ў Беларусі.

Расейскі дом у Горадні.
Фота: newgrodno / Instagram

Паводле пасла РФ у Беларусі Барыса Грызлова, адкрыццё ў Горадні Расейскага цэнтру навукі і культуры (Расейскага дому) будзе спрыяць пашырэнню «шматвяковых сувязяў паміж братэрскімі народамі Расеі і Беларусі».

«Адкрываючы ў Дзень яднання народаў Расеі і Беларусі Расейскі цэнтр навукі і культуры ў Горадні, мы спрыяем пашырэнню шматвяковых сувязяў паміж нашымі братэрскімі народамі, у аснове якіх ляжаць агульныя карані, гісторыя, культура і расейская мова, якая мае ў рэспубліцы статус дзяржаўнай», – адзначыў Грызлоў.

Паводле расейскага амбасадара, гэтая ўстанова будзе шматпрофільнай культурна-гуманітарнай прасторай, тут будуць праходзіць майстар-класы, канцэрты, кінапаказы, адукацыйныя падзеі, выставы расейскіх і беларускіх мастакоў.

Пры гэтым Барыс Грызлоў назваў тэрміны з’яўлення Расейскага дому ў Горадні «рэкордна кароткімі», бо ад моманту прыняцця рашэння аб яго адкрыцці да ўрачыстай цырымоніі «прайшло ўсяго паўтара года». За гэта расейскі амбасадар выказаў «шчырую падзяку» кіраўніцтву гораду і вобласці.

Расейскія дамы ўжо функцыянуюць у Менску, Гомлі і Берасці. Менская ўстанова з’явілася яшчэ ў 2010 годзе.

Стварэннем Расейскіх дамоў займаецца «Рассупрацоўніцтва». Гэтая арганізацыя застаецца пад заходнімі санкцыямі, пад яе патранажам збіраліся падарункі для сем’яў у так званых «ЛНР» і «ДНР», у Херсонскай і Запарожскай вобласцях, а таксама адпраўляліся дзеці ў расейскія гарады і акупаваны Крым.

Акурат за гэтай арганізацыяй замацаваная функцыя адкрыцця цэнтраў навукі і культуры ў беларускіх гарадах, што прапісана ў так званым плане Расеі аб падпарадкаванні Беларусі, які мусіць быць рэалізаваны да 2030 года, пра што медыі даведаліся на пачатку 2023 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў