Што трэба зрабіць для здароўя беларускай эканомікі? Тлумачаць эксперты BEROC


Галоўная праблема беларускай эканомікі – дэфіцыт эканамічнага росту, то бок наша краіна робіцца ў параўнанні з суседзямі больш беднай. Канчатковая мэта эканомікі – генераваць рост, таму часцей за ўсё на яе глядзяць праз прызму доўгатэрміновых зменаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эксперт BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук, разам з калегамі прапаноўвае ацаніць эканоміку Беларусі пад іншым вуглом – макраэканамічнай стабільнасці. Тут на першы план выходзяць тэмпы росту ВУП, інфляцыя, а таксама здольнасць краіны пазбягаць рэцэсіі, усплёску беспрацоўя і фінансавай дэстабілізацыі. То бок здольнасць падтрымоўваць здароўе ды імунітэт гаспадаркі на добрым узроўні. Гэта важна ў тым ліку для спрыяння эканамічнаму росту, для развіцця краіны ды інвеставання ў яе. «Белсат» паслухаў прэзентацыю даследавання Дзмітрыя Крука «Як узмацніць макраэканамічную стабільнасць у Беларусі»

Слабыя месцы забеспячэння макрастабільнасці ў Беларусі

Сістэма забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці ў Беларусі дастаткова слабая, а здольнасць цяперашняй сістэмы падтрымоўваць яе ў будучыні вельмі сумнеўная. Такая сітуацыя абумоўленая цэлым спісам «зыходных» заганаў і асаблівасцяў нацыянальнай эканомікі.

«Зыходныя» заганы абумоўленыя:

  • слабою дыверсіфікацыяй замежнаэканамічнай дзейнасці, празмернай і шматграннай залежнасцю ад Расеі;
  • раздзьмутым і неэфектыўным сектарам дзяржаўных прадпрыемстваў, якія функцыянуюць у адной звязцы з сектарам дзяржаўных банкаў;
  • слабасцю прыватнага сектару і канкурэнцыі на фоне празмернай ролі дзяржавы ў эканоміцы.

Галоўныя слабасці інстытуцыйнага дызайну эканамічнай палітыкі:

  • валюнтарысцкі характар эканамічнай палітыкі, падпарадкаваны меркаванням бягучай палітычнай канʼюнктуры;
  • супярэчнасці ў мэтах эканамічнай палітыкі;
  • адсутнасць або дэфіцыт практык рэалізацыі палітыкі на аснове правілаў у манетарнай і фіскальнай сферах;
  • адсутнасць аперацыйнай незалежнасці Нацыянальнага банку і манетарнай палітыкі;
  • абмежаванасць поля для манеўру ў палітыцы кіравання дзяржаўным доўгам на фоне ўзмацнення даўгавога цяжару і нарастання пагрозаў у сферы дзярждоўгу.

Слабасці інстытуцыйнага дызайну эканамічнай палітыкі на фоне «дрэнных» зыходных характарыстык і схільнасці нацыянальнай эканомікі да залішніх ваганняў абумоўліваюць высокую імавернасць макраэканамічнай дэстабілізацыі ў будучыні: рэцэсіяў, інфляцыі і беспрацоўя. Каб знізіць схільнасць эканомікі да шокаў, знізіць імавернасць рэцэсіяў, цэнавай і фінансавай дэстабілізацыі, нацыянальнай эканоміцы патрабуюцца рэформы.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Якія рэформы патрэбныя эканоміцы

Эксперты вылучылі некалькі прыярытэтных кірункаў рэформаў для ўмацавання макраэканамічнай стабільнасці.

1. Узмацненне інстытуцыйнага дызайну эканамічнай палітыкі:

  • забеспячэнне незалежнасці Нацыянальнага банку і яго манетарнай палітыкі;
  • рэалізацыя манетарнай палітыкі на аснове правілаў, перабудова на рэжым таргетавання інфляцыі;
  • рэалізацыя фіскальнай палітыкі на аснове бюджэтных правілаў і сярэднетэрміновага планавання;
  • пазбаўленне бюджэту ад квазіфіскальнага абцяжарання, рэвізія расходаў бюджэту;
  • забеспячэнне максімальнай празрыстасці эканамічнай палітыкі.

2. Адмова ад практыкі паўсюдных дырэктыўных інтэрвенцыяў, зніжэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы і развіццё канкурэнцыі:

  • адмова ад практыкі шырокага рэгулявання цэнаў;
  • адмова ад шматразовага просталінейнага ўкідвання грошай у функцыянаванне рынкавых механізмаў;
  • прыбіранне існых барʼераў для канкурэнцыі і развіцця прыватнага сектару.

3. Рэформа сектару дзяржаўных прадпрыемстваў:

  • паглыблены аўдыт стану дзяржпрадпрыемстваў, іх сегментацыя, зацвярджэнне і рэалізацыя рознаўзроўневых рэформаў;
  • рэформы ў сферы стандартаў карпаратыўнага кіравання і менеджменту, адмова ад практыкі дырэктыўных інтэрвенцыяў у іх дзейнасць (у перыяд паглыбленага аўдыту і ў адносінах тых прадпрыемстваў, якія застаюцца ў дзяржаўнай уласнасці на той ці іншы перыяд);
  • рэформы для змены асяроддзя функцыянавання дзяржпрадпрыемстваў, адмова ад штучных пераваг у доступе да капіталу;
  • рэформы ў сектары дзяржаўных банкаў, іх сінхранізацыя і ўзгадненне з рэформамі дзяржпрадпрыемстваў.

4. Рэформы на рынку працы, накіраваныя на змякчэнне сістэмных дыспрапорцыяў:

  • задзеянне аўтаматычных стабілізатараў ды іншых захадаў фінансавага падтрымання на выпадак беспрацоўя: павышэнне дапамогі беспрацоўным (да ўзроўню бюджэту пражыткавага мінімуму), увядзенне і пашырэнне практык страхавання ад беспрацоўя і інш;
  • актыўная палітыка на рынку працы, якая спрыяе большай мабільнасці працы і эфектыўнасці занятасці: праграмы перакваліфікацыі, стымуляванне занятасці, спрыянне занятасці праз адміністраванне на рынку працы;
  • стымуляванне з мэтаю перадухіліць міграцыю і вярнуць працоўных мігрантаў.

5. Аднаўленне адносінаў з міжнароднымі крэдыторамі ды вяртанне да цывілізаваных практык даўгавых адносінаў:

  • аператыўнае і безумоўнае пагашэнне абавязкаў перад міжнароднымі фінансавымі інстытутамі;
  • рэструктурызацыя доўгу ў рамках плану рэформаў шляхам перамоваў і пагадненняў з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі ды міжнароднымі крэдыторамі.

6. Геаграфічная дыверсіфікацыя замежнаэканамічнай дзейнасці:

  • узмацненне канкурэнтаздольнасці на аснове развіцця прыватнага сектару;
  • забеспячэнне базісу гандлёвых пагадненняў, які спрыяе дыверсіфікацыі.

Эксперты канстатуюць, што найбольш відавочныя заганы ў эканамічнай сістэме прыбіраюцца адносна проста – прывядзеннем да агульнапрынятай практыкі. Напрыклад, часам адкрыта валюнтарысцкі характар манетарнай і фіскальнай палітыкі дзяржавы прыводзіць да таго, што стабілізацыйная палітыка не толькі не згладжвае шокі належным чынам, а часта сама робіцца крыніцай шокаў. Адсюль дастаткова відавочны, нават банальны набор дзеянняў у гэтай сферы можа забяспечыць хуткую і адчувальную аддачу. Задача ў тым, каб выціскаць элемент папулізму і прыўносіць элемент навукі ды ўласна макраэканамічнай палітыкі.

Аднак сфармуляваныя прыярытэты ўмацавання макраэканамічнай стабільнасці маюць мала шанцаў на рэалізацыю без змены палітычнага рэжыму ў краіне. Для цяперашніх уладаў эканамічныя рэформы непрымальныя з цэлага шэрагу прычынаў, якія пераважна вынікаюць з бачання палітычнай мэтазгоднасці. Рэалізацыя любых рэформаў ва ўяўленні цяперашніх уладаў можа пахіснуць палітычную і эканамічную канструкцыю, якая пакуль хоць неяк ды працуе.

«Добрай навіной» можна лічыць той факт, што практычна ўсе прыведзеныя прыярытэты для ўмацавання макраэканамічнай стабільнасці ў Беларусі ўзаемазвязаныя ці нават дублююць крокі для спрыяння доўгатэрміноваму эканамічнага росту.

Аналітыка
Як санкцыі паўплывалі на заробкі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі? Лічым у чызбургерах
2023.11.01 12:25

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў