Адвакатаў – на тры дні: яшчэ пяцёх спецыялістаў пазбавілі ліцэнзіяў


Паводле вынікаў атэстацыі ў Кваліфікацыйнай камісіі ў пытаннях адвакацкай дзейнасці ліцэнзіяў пазбавіліся яшчэ пяцёра адвакатаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: defenders.by

Пасяджэння камісіі адбылося 31 жніўня. На ёй сярод іншага пераатэстоўвалі адвакатаў Менскай гарадской і Менскай абласной калегіяў адвакатаў.

Па выніках пасяджэння пяцёра спецыялістаў былі пазбаўленыя ліцэнзіяў на права надаваць паслугі. Іхныя ліцэнзіі былі спыненыя датаю разгляду – 31 жніўня 2023 года.

Згодна з фармулёўкаю камісіі, адвакатаў Яўгена Ляўковіча і Алену Халупку пазбавілі ліцэнзіяў «у сувязі з прымяненнем да іх тэрытарыяльнымі калегіямі адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з калегіяў за здзяйсненне ўчынкаў, не сумяшчальных са званнем адваката».

Вядома, што Алена Халупка ў 2020 годзе абараняла студэнтаў у палітычна матываваных справах аб іхным адлічэнні з ВНУ.

А адвакаты Сяргей Мядзведзеў, Ларыса Суслікава і Міхаіл Тарасюк пазбаўленыя ліцэнзіяў «у сувязі з прыняццем Кваліфікацыйнай камісіяй па выніках атэстацыі 10 жніўня 2023 года рашэнняў аб немагчымасці выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў у выніку недастатковай кваліфікацыі».

Нагадаем, што ўлады Беларусі мэтанакіравана змагаюцца з адвакатамі, асабліва з тымі, якія выступалі абаронцамі ў палітычных справах. З пачатку 2020 года да канца красавіка 2023-га колькасць адвакатаў у краіне скарацілася з 2200 да 1650.

У 2021 годзе ў Закон аб адвакатуры былі ўнесеныя змяненні. З таго часу адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях. Загадчыкі кансультацыяў прызначаюцца толькі пасля ўхвалення кандыдатуры Міністэрствам юстыцыі.

Каментар
Каб сталі «маўклівымі спецыялістамі». Як улады помсцяць адвакатам за іх прафесійную дзейнасць
2023.05.11 21:09

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў