Лукашэнка скасаваў збор з «дармаедаў», але за некаторыя паслугі дзяржавы людзі заплацяць поўны кошт.
Пасля масавых вулічных пратэстаў «недармаедаў» увесну 2017 года ў Міністэрстве працы падрыхтавалі абноўленую версію Дэкрэту №3 і разаслалі яе па выканкамах для зацвярджэння, аднак змены не былі прынятыя. Тады ўлады стварылі працоўную групу з розных ведамстваў, якая мусіла распрацаваць новую канцэпцыю дэкрэта і прадставіць яе Аляксандру Лукашэнку. «Новы» дэкрэт вярнулі на дапрацоўку і толькі 1 кастрычніка ён быў накіраваны на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта. Фактычна, праца над дакументам цягнулася цэлы год.
У выніку 25 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №1, у якім больш не фігуруе слова «утрыманец», а непрацуючыя грамадзяне вызваляюцца ад выплаты падатку.
У новай рэдакцыі дэкрэт носіць назву «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Цяпер працаздольныя асобы, якія не маюць афіцыйнай працы, не павінныя будуць выплачваць зборы на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. А тыя, хто раней заплаціў «падатак на дармаедства», атрымаюць назад свае грошы.
Асобны акцэнт у дакуменце зроблены на «інфармацыйнай працы з насельніцтвам». Абавязак праводзіць прафілактычныя гутаркі з грамадзянамі, што «вядуць асацыяльны лад жыцця», ускладзены на мясцовыя органы ўлады. На ўзроўні раённых выканкамаў створаць спецыяльныя камісіі, якія павінны сайдзейнічаць занятасці людзей.
Але ці ўсё так проста? І якія «падводныя камяні» для беларусаў хавае нібыта «антыдармаедскі» дэкрэт? Паводле яго, ад 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, які не працуюць, будуць аплачваць поўны кошт паслугаў, якія субсідуе дзяржава – напрыклад, жыллёва-камульныя паслугі. І толькі мясцовыя камісіі маюць паўнамоцтва вызваліць ад поўнае аплаты «камуналкі» тых, хто «знаходзіцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі».
Belsat.eu разбіраўся ў пытанні разам з палітыкам і актывістам-удзельнікам вясновых пратэстаў.
«Калі казаць аб’ектыўна, скасаванне падатку ёсць перамогай салідарнасці, грамадскай супольнасцю над уседазволенасцю ўладаў, пратэсты не прайшлі дарма. Гэта рэдкі выпадак, калі грамадзяне аказаліся мацней за міліцэйскія дубінкі і чыноўнікаў», – мяркуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Правацэнтрысты ад апазіцыі (АГП, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Рух «За свабоду») выступілі ініцыятарамі шэрагу пратэстных акцыяў «недармаедаў» у рэгіёнах: Баранавічы, Бабруйск, Пінск, Маладзечна. Пасля акцыі ў Маладзечне 10 сакавіка 2017 года Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі былі затрыманыя сілавікі ў цывільным і атрымалі па 15 содняў адміністратыўнага арышту.
«Дэкрэт №1 здымае пагрозу новых выступаў для ўлады, але не здымае новых выклікаў для людзей. Больш зразумелай сітуацыя стане 1 красавіка, калі абнародуюць спіс паслуг, за якія былыя «дармаеды» павінныя плаціць цалкам. Я думаю, што тады трэба будзе думаць, як на гэта рэагаваць. Улады расцягнулі ўсё па часе, каб лішні раз не «падаграваць» народ», – кажа Лябедзька.
Акрамя таго, на думку палітыка, падчас рэалізацыі Дэкрэта №1 могуць узнікнуць «выбуховыя інфармацыйныя нагоды».
«Напрыклад, чалавек памёр, бо яму не аказалі медычную дапамогу, за якую той мусіў плаціць, а грошай не было. Мы ж не ведаем пакуль, пра якія субсідуваныя паслугі гаворка… Гэта можа стаць своеасаблівым дынамітам. Ці ў людзей проста не будзе чым аплаціць поўны кошт камуналкі і што тады? Высяляць іх? Вось падобных сітуацый можа здарацца шмат па краіне. Да таго ж, усё супадае па часе з парламенцкімі ці прэзідэнцкімі выбарамі 2019 года. Незадаволенасць можа выліцца ў любы момант, а спакой больш менш забяспечаны да першага гучнага інцыдэнту», – лічыць Лябедзька.
Гомельскі актывіст, блогер Максім Філіповіч – адзін з герояў «гарачай вясны» 2017-га. Спачатку ён абмяркоўваў «падатак на дармаедаў» ды іншыя сацыяльныя праблемы з падпісчыкамі ягонага каналу на YouTube, пасля вёў стрымы з вулічных акцыяў. За такую дзейнасць Філіповіча неаднаразова судзілі, больш за месяц у агульнай складанасці ён правёў у ізалятары, адбываючы адміністратыўныя пакаранні.
«Назваць перамогай прыняцце Дэкрэту №1 немагчыма, хутчэй, гэта сапраўдны плявок у твар народу. Не ўяўляе нават, як у народа хапае цярпення. Толькі падумайце: чалавек знаходзіцца ў цяжкой сітуацыі, у дэмакратычнай сацыяльнаарыентаванай дзяржаве яму павінныя дапамагчы, а тут з яго хочуць спагнаць поўную аплату за штосьці! Ці не вар’яцтва?», – абураецца актывіст.
На пытанне, што б ён палічыў перамогай, Філіповіч адказвае:
«Калі б папярэдні дэкрэт проста замарозілі і ён у заставаўся прыпыненым на нявызначаны тэрмін», – гаворыць ён.
Паводле слоў Філіповіча, чарговую хвалю пратэстаў прадказаць цяжка.
«Ёсць шмат нагодаў пратэставаць: ідзе павышэнне пенсійнага ўзросту, ускладняецца схема прыватызацыі кватэраў, дзе людзі жылі дзесяцігоддзямі. Але ж народ чамусьці кожны раз не выходзіць на вуліцу. Я лічу, што мінулай вясной людзей моцна напужалі разгонамі», – дадае актывіст.
Кацярына Андрэева, belsat.eu