У Следчым камітэце распавялі, як падлетак патлумачыў свой напад на людзей у гандлёвым цэнтры «Еўропа».
Падазроны быў адзін – гэта дакладна ўстаноўлены факт. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік старшыні Следчага камітэту Аляксей Волкаў.
«Калі нападнік рухаўся па калідорах цэнтру, яго пераследавалі ад 5 да 15 чалавек, якія спрабавалі яго спыніць – кідалі ў яго урны, крэслы. Хацеў бы выказаць сваю падзяку тым людзям, якія спрабавалі яго затрымаць», – адзначыў Волкаў.
Ён таксама распавёў, што падлетак быў затрыманы пры дапамозе наведнікаў цэнтру і прадаўцоў.
«Што датычыць таго, ці затрымлівала яго ахова… Гэта пад пытаннем. На відэа супрацоўнікаў аховы цэнтру мы не ўбачылі. І гэта будзе асобнай падставай для разгляду», – дадаў першы намеснік старшыні СК.
«Намер здзейсніць гэтае злачынства паўстаў у падлетка незадоўга да нападу. У рамках падрыхтоўкі да забойства ён купіў бензапілу, сякеру і сродкі абароны пры працы з бензапілой – балаклаву, маску-шлем, акуляры і навушнікі», – распавялі ў СК.
У ведамстве таксама паведамілі, што нападнік – 17-гадовы студэнт аднаго са сталічных ВНУ. Яго сямʼя вельмі забяспечаная, матэрыяльных праблем і цяжкасцяў не было. Падлетак пражываў асобна ад бацькоў, ва ўласнай кватэры.
Следству ён прызнаўся, што за тры гадзіны да нападу выпіў 150 грамаў гарэлкі. У СК таксама распавялі, што падлетак так патлумачыў свой учынак: «Хацеў пасекчы людзей». Паводле яго слоў, яго раздражнялі натоўпы людзей.
У ведамстве адказваюць, што ягоны псіхічны стан выклікае пытанні, але якія-небудзь высновы будуць рабіць адмыслоўцы – і толькі пасля правядзення псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. У падлетка таксама ўзятыя аналізы – слядоў уздзеяння якіх-небудзь наркатычных або псіхатропных рэчываў пакуль не выяўлена.
17-гадовы малады чалавек здзейсніў напад на людзей у гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў Менску ў другой палове дня 8-га кастрычніка. За плячыма ў маладзёна быў чахол для гітары, у якім, як пазней высветлілася, быў сякера. У левай руцэ – заведзеная бензапіла. Прайшоўшы каля 50 метраў, ён зняў чахол, паклаў на канапу, дзе сядзелі дзве жанчыны. Калі жанчыны сталі сыходзіць, падлетак нанёс адной з іх у спіну некалькі ўдараў заведзенай бензапілой. Жанчына ўпала, а хлопец, адкінуўшы бензапілу, што заглухла, дастаў сякеру і нанёс яшчэ тры ўдары. У выніку атрыманых траўмаў, жанчына памерла на месцы.
Пасля гэтага падлетак з сякерай зайшоў у піцэрыю, дзе нанёс два ўдары адной з наведніц. Пасля гэтага, ідучы па калідоры, ён сутыкнуўся з прыбіральніцай – ён спрабаваў трапіць ёй у галаву, але яна здолела ўхіліцца, і ўдар прыйшоўся па руцэ.
МЯ, паводле tut.by