Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка сцвярджае, што грошы, якія былі знойдзены ў ягоных сяброў у межах «справы Белгазпрамбанку», належаць яму. Адпаведную заяву ён зрабіў падчас стрыму на YouTube.
Стрым распачаўся раней, чым было запланавана. Бабарыка патлумачыў гэта тым, што пасля апошніх заяваў уладаў ёсць падазрэнне, што затрыманні могуць працягнуцца і аб’ектам затрымання можа стаць ён асабіста.
Бабарыка заявіў, што ўсе свае грошы ён дэкларуе і сплочвае з іх падаткі.
«Учора затрымалі або апытвалі траіх маіх сяброў. Сёння мы даведаліся, што яны пераведзеныя ў статус падазраваных Калі грошы, пра якія казаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, знойдзены ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы. У майго сябра Дзмітрыя ёсць дэпазіт 100 тысяч еўра, які я яго папрасіў пакласці, бо я банкір і не прывык усё захоўваць у адным кошыку. Мне трэба было рэсурс размяркоўваць, у тым ліку на выпадак непрадбачаных нейкіх дзеянняў. Калі раптам у майго сябра Уладзіміра выявілі грошы ў памеры 100 тысяч долараў, якія ў яго знаходзіліся ў ячэйцы, я зноў кажу: гэта мае грошы, я папрасіў яго захаваць іх. Калі ў яго ж былі выяўленыя каштоўныя паперы, аблігацыі на прадʼяўніка ў суме, здаецца, 250 тысяч еўра і 100 тысяч долараў – гэта мае аблігацыі.
Калі падставай для выстаўлення ім абвінавачвання зʼяўляюцца менавіта гэтыя грошы, я яшчэ раз хачу сказаць – здымайце абвінавачванні, гэта мае грошы. Я збіраўся іх адлюстроўваць у сваёй дэкларацыі. Я вельмі разлічваю, што яны будуць мне вернутыя», – заявіў Бабарыка.
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты адзначыў, што ўсе гэтыя каштоўныя паперы былі набытыя з легальных крыніцаў. А што тычацца золата і карцінаў, пра якія казаў Лукашэнка, то да гэтага сябры Бабарыкі дачынення не маюць. «Яны абсалютна сумленныя і прыстойныя людзі», – падкрэсліў ён.
Бабарыка падкрэсліў, што ён «дастаткова багаты чалавек і ніколі гэтага не хаваў», усе свае даходы ён дэклараваў і з іх выплачаны падатак.
«Я хачу, каб у Беларусі не было бедных, а не тое, каб была краіна, якая ненавідзіць багатых», – адзначыў ён.
ІІ belsat.eu