Кіраўнік КДК заявіў пра «пераканаўчыя доказы» віны Віктара Бабарыкі

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Церцель заявіў, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК кантролю валодае пераканаўчымі доказамі датычнасці экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка», патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі да супрацпраўнай дзейнасці. Пра гэта піша БелТА.

Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў дзве крымінальныя справы: па ч.3 ст.235 КК (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і па ч.3 арт.243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Праверкі ДФР праводзіў з 2016 года, сцвярджаюць у камітэце. Менавіта тады ў поле зроку праваахоўнікаў трапіла група асоб з ліку дзейных і былых топ-менеджэраў і работнікаў «Белгазпрамбанка».

Іван Церцель. Фота – kgk.gov.by

«У ходзе працы намі былі накіраваныя запыты замежным партнёрам у іншыя дзяржавы. Адказы ў сілу шэрагу прычынаў мы атрымалі толькі ў снежні 2019 года. Інфармацыя, якая змяшчаецца ў іх, дазволіла Дэпартаменту фінансавых расследаванняў актывізаваць правядзенне праверачных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У выніку мы атрымалі пераканаўчыя доказы таго, што вышэйзгаданыя асобы датычныя да супрацьпраўнай дзейнасці маштабнага характару.

Фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў», – заявіў Іван Церцель.

У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Церцель адзначыў:

«Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці».

«Канфіскавана больш за $ 4 млн»

У межах справы затрыманыя 15 чалавек. «Гэта топ-менеджары, у тым ліку намеснікі кіраўніка банку, кіраўнікі рознага ўзроўню, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур (у асноўным былыя супрацоўнікі банку)», – дадаў Іван Церцель.

Большасць затрыманых супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні.

«Акрамя таго, яны выдаюць сродкі, якія, на іх думку, былі атрыманы злачынным шляхам. Да прыкладу, учора намі падчас следчых мерапрыемстваў канфіскавана больш за $ 4 млн, выяўленыя і канфіскаваныя каштоўныя паперы на суму звыш $ 500 тыс., выяўленыя і далучаны да матэрыялаў так званыя дыгіпасы (інструмент, які дазваляе кіраваць рахункамі ў замежных банках)», – сказаў старшыня КДК.

Раней сёння пра затрыманне 15 чалавек у межах справы «Белгазпрамбанку» заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Але ён не разумее іншага. Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсе распавялі. За дзве гадзіны прынеслі $ 14 тыс., потым яшчэ $ 600 тыс., або $ 800 тыс. Там зліткі золата, карціны, усё прынеслі адразу, толькі не чапайце. З імі акуратна абышліся. Яны ўсе расказваюць. Таму яму прыйдзецца гэта ўсё распавесці», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка заявіў, што не збіраецца цяпер саджаць Віктара Бабарыку і хоча, каб той «трапіў на выбары». «І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой «лукашэнкаўскай дыктатуры» ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабару даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся… гэта ўсё трэба распавесці беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка пра Бабарыку: «Вязнем сумлення мы яго не зробім»

  • Раніцай 11 чэрвеня сілавікі прыйшлі з вобшукам у галоўны офіс «Белгазпрамбанку». Таксама ператрусы адбыліся ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». ДФР КДК распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць топ-менеджары банку, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структураў. Віктара Бабарыкі, які кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, сярод іх няма, адзначылі ў КДК 11 чэрвеня
  • Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы і крымінальная справа – гэта ціск на яго і палітычная замова. Патэнцыйны кандыдат распавёў, што вобшукі адбываюцца ў ягоных сябраў і былых калегаў, і такім чынам улады хочуць сфармаваць у яго «комплекс віны».

Лукашэнка заявіў, што па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя 15 чалавек

ІІ belsat.eu

 

Hавiны