Тэлеканал «Беларусь-1» выпусціў сюжэт у абарону інтэграцыі з Расеяй


Тэлеканал «Беларусь-1» увечары 19 снежня выпусціў вялікі 10-хвілінны сюжэт, дзе распавядаецца пра небяспеку згортвання інтэграцыі з Расеяй і жорстка крытыкуюцца ўдзельнікі пратэстаў у абарону незалежнасці.

«Хтосьці з нашых грамадзянаў раптам заклапаціўся пытаннямі суверэнітэту, які наагул не значыцца ў парадку дня, і зноў вярнуўся да плошча-вулічных тусовак. Так і хочацца спытаць: супраць чаго пратэстуем? Каб выраслі цэны? Затаварваліся склады? Не працавалі прадпрыемствы? А як тады з заробкам? Бо Расея наш галоўны партнёр», – адзначаецца ў пачатку сюжэту.

Дзяржаўны тэлеканал абвінаваціў пратэстоўцаў у «псеўдапатрыятычным эгаізме» і безадказнасці. У сюжэце зноў паказалі кадры штурханіны на прыступках Палацу рэспублікі 7 снежня (саму штурханіну аўтары назвалі «спробай штурму») і невядомага з камянямі на акцыі 8 снежня.

Былі паказаныя кадры аператыўнай здымкі прафілактычнай размовы з Паўлам Севярынцам у міліцыі.

Тэлеканал «Беларусь-1» таксама вельмі крытычна ацаніў ідэі еўраінтэграцыі, якая нібыта мела катастрафічныя наступствы для эканомікі краінаў Усходняй Еўропы (Літва, Латвія, Польшча ды інш). «У абмен на ўсе гэтыя заходнія каштоўнасці ўсходнебалтыйскія і цэнтральнаеўрапейскія краіны ўжо заплацілі сурʼёзную цану».

Асобна аўтары сюжэту прывялі прыклад Украіны: «Абражаць суседа, вядома, можна, але прыводзіць гэта да абвалу эканомікі і нават грамадзянскай вайны».

«Калі перанесці лозунгі з акцыяў (у абарону незалежнасці – заўв. belsat.eu) на палітыку, то гэта банальная гібель цэлых галінаў эканомікі. Зноў жа – навошта? Пытанне суверэнітэту закрыта», – адзначылі на «Беларусь-1».

Як і ў папярэдніх сюжэтах, дзяржаўныя журналісты звярнулі ўвагу, што на Кастрычніцкай плошчы могуць знаходзіцца дзеці і акцыя пратэсту для іх небяспечна.

Hавiны
«Цытадэль для адпрацоўкі штурмавых навыкаў». БТ палохае беларусаў перад акцыяй 20 снежня
2019.12.19 07:30

Адначасова рэдактар аддзелу журналісцкіх расследаванняў «СБ-Беларусь сегодня» Раман Рудь напісаў калонку пра пагрозу цісканіны падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы.

«Ядро людской масы здольная імкліва перамяшчацца, і тыя, хто толькі што карыстаўся дастатковай свабодай, могуць апынуцца літаральна прыціснутыя да бліжэйшай перашкоды – сцяны, плота, парапета. Не паддавайцеся страху. Не вядзіцеся на правакацыі. Не станавіцеся часткай натоўпу. А галоўнае – беражыце дзяцей», – піша ён.

Журналіст прэзідэнцкай газеты асобна падкрэслівае, што Павел Севярынец не здольны кантраляваць сваіх прыхільнікаў.

Аб’ектыў
Павал Севярынец пра тое, чаму яго адпусцілі перад акцыяй 20 снежня
2019.12.19 22:13

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў