Масавыя пратэсты ў Гон-Конгу: паліцыя ўжывае газ і гумовыя кулі


Паліцыя Гон-Конгу ўжывае пярцовы газ, дубінкі і гумовыя кулі супраць дэманстрантаў, якія ўжо некалькі дзён пратэстуюць супраць прапанаваных змяненняў заканадаўства аб экстрадыцыі ў мацерыковы Кітай. Раніцай пратэстоўцы, у асноўным моладзь і студэнты, блакавалі вуліцы каля ўрадавых будынкаў, паведамляе Бі-бі-сі.

У пратэстах удзельнічаюць тысячы чалавек – гэта самая маштабная акцыя з 1997 года, калі Брытанія вярнула горад пад кантроль Кітая.

Разгон пратэстаў у Гон-Конгу. Крыніца – REUTERS/Athit Perawongmetha
Разгон пратэстаў у Гон-Конгу. REUTERS/Athit Perawongmetha
Разгон пратэстаў у Гон-Конгу. REUTERS/Tyrone Siu
Пратэсты ў Гон-Конгу. REUTERS/Thomas Peter

Пры вяртанні былой брытанскай калоніі Кітаю Гон-Конг захаваў асаблівы аўтаномны статус, які кіруецца прынцыпам «адна краіна – дзве сістэмы». У Гон-Конгу свае законы, правы і свабоды яго жыхароў абаронены лепш, чым у мацерыковым Кітаі.

Паводле закону аб экстрадыцыі, які збіраюцца прыняць улады, жыхароў гораду змогуць экстрадаваць нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дагавора, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Крытыкі папраўкі лічаць, што ў кітайскай судовай сістэме права людзей, якіх экстрадуюць, апынуцца неабароненымі, а сам Гон-Конг страціць сур’ёзную долю аўтаноміі.

Пратэсты ў Гон-Конгу. REUTERS/Athit Perawongmetha
Пратэсты ў Гон-Конгу. Крыніца – REUTERS/Athit Perawongmetha

У сваю чаргу ўлады Гон-Конгу запэўніваюць, што запыты аб экстрадыцыі ў асноўным закране выключна крымінальныя справы, а людзі, якія пераследуюцца па палітычных або рэлігійных матывах, не будуць перадавацца ў іншыя часткі Кітая.

На сераду было прызначана другое чытанне законапраекту, аднак у сувязі з пратэстамі парламент Асаблівага адміністратыўнага раёну Гон-Конгу адклаў пасяджэнне, запэўніўшы пры гэтым, што яно адбудзецца ў бліжэйшы час.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў