«Медсёстры плачуць ад стомы. На нас усім напляваць»: фельчар пра каронавірус у Салігорску


Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Belsat.eu

Афіцыйных звестак пра колькасць салігорцаў, якія захварэлі на COVID-19, Міністэрства аховы здароўя не падае. Няма каронавіруса – няма даплаты за працу з інфекцыяй. Грошы на прэміі вылучаныя, але не заплачаныя – сцвярджае фельчар Салігорскай станцыі хуткай дапамогі, што ў падначаленні цэнтральнай раённай больніцы. Медык распавёў belsat.eu, як адміністрацыя лякарні хавае рэальную колькасць хворых на COVID-19.

«Дапамагаюць нават бесхацінцы»

Аляксандр [імя змененае па просьбе героя. – Заўвага belsat.eu] працуе фельчарам на станцыі хуткай медычнай дапамогі Салігорску прыблізна пяць гадоў. Хваля атыповай пнеўманіі ў горадзе пачалася ў сакавіку, і з таго часу пацыентаў з запаленнем лёгкіх увесь час прыбывае. У Салігорскую ЦРБ прывозяць пацыентаў не толькі з гораду, але і з вобласці. Шмат калегаў Аляксандра зляглі з каронавірусам і не ў стане працаваць. Цяпер аналізы робяць нават медсёстры з ВІЧ, бо больш няма каму:

«Медсёстры з ВІЧ не могуць рабіць уколаў, але цяпер няма куды дзявацца. Калі адміністрацыю больніцы зверху пытаюць, ці што трэба, яны кажуць, што ўсё ёсць. Але гэта не так! Кожнаму выдалі рэспіратар – адзін рэспіратар на сем дзён працы! Нам неабыякавыя людзі збіраюць рэчы для індывідуальнай аховы, шахцёры пасля зменаў збіраюць рэспіратары. Прыносяць маскі нават бесхацінцы, якія з працягнутаю рукою стаяць каля крамаў».

Hавiны
У Барысаве ад пнеўманіі памёр 60-гадовы санітар хуткай дапамогі
2020.05.27 11:14

Медыкі хварэюць не толькі праз адсутнасць сродкаў індывідуальнай аховы, але і праз людзей, якія хаваюць станоўчы вынік тэсту на каронавірус.

«Да нас вязуць з Берасця, Слуцку, Любані, Жыткавічаў. Там увогуле кашмар. Напрыклад, чалавеку баліць сэрца, прыязджаем, а ён тры дні тэмпературыць. Паказвае паперку, што ён COVID+. А мы без аховы! Народ не разумее, што адбываецца. У нас «зляцела» палова змены. Хварэюць усе – кіроўцы, фельчары».

Аляксандр з калегамі не вераць у афіцыйныя звесткі пра захварэлых і памерлых ад інфекцыі. Ён лічыць, што хаваюцца 95 % выпадкаў захворвання дзеля станоўчай статыстыкі. Тэсты губляюцца па дарозе са шпіталю ў эпідэміялагічную станцыю, паміж якімі лічаныя метры.

Hавiны
«Ніхто з нас не верыць у афіцыйныя лічбы». Фельчар хуткай пра статыстыку, прэміі і захварэлых пасля параду
2020.05.26 17:25

Дактарам непажадана дыягнаставаць каронавірус, дадае Аляксандр. Замест інфекцыі ў журналах рэгістрацыі запісваюць «№ 19» – «змены, тыповыя для COVID-19», і такіх запісаў большасць:

«У Салігорску нібыта няма каронавіруса, ёсць атыповая пнеўманія. А як даказаць? Грошы на даплаты прыйшлі. Быў сход з нагоды выплатаў. Маўляў, чакайце, выплацім. Але ж пратаколу не вялі. Стаўленне адміністрацыі такое: ты заразіўся, бо ехаў без маскі. А вы нам маску далі?»

Усе пяць гадоў на станцыі Аляксандр працуе ў адной уніформе, якая літаральна разыходзіцца па швах, таму мужчына ходзіць часам у вайсковым адзенні.

«За плотам у нас швейная фабрыка. Але танней чамусьці ў Менску замаўляць, чакаць 5-10 гадоў».

Hавiны
Медык з Воршы: Большасць нашых злягла з COVID-19, а даплаты ўсцяж не належыцца
2020.05.26 08:00

«Чорныя мяхі вывозяць цішком»

Каронавірус закрануў і сям’ю Аляксандра. Ягоныя бацькі падчапілі інфекцыю на пахаванні знаёмага напрыканцы красавіка ў вёсцы Старобін. Вернікі адкрылі труну з нябожчыкам. У родных першым сімптомам была задышка. Вынік аналізу – адмоўны – прыйшоў праз тры тыдні пасля іхнай шпіталізацыі. Аляксандр кажа, што гэта немагчыма:

«Я іх сам завозіў на КТ. У бацькоў была пнеўманія, тыповая для COVID-19. Уся сімптаматыка, змены ў лёгкіх. Дый якая пнеўманія ў траўні? Яны ляжалі ў больніцы ды бачылі, колькі ўначы на каталках вывозяць трупаў у чорных мяхах. Усё робяць цішком. Гэта мінус нам, не ўратавалі, але мы самыя абсалютна неабароненыя. Паміраюць і дзеці, і дарослыя».

Фельчар таксама пракаментаваў смерць доктара Уладзіміра Пісарыка. Раней у СМІ паведамлялі, што вынік на каронавірус у яго адмоўны, а ў больніцы справу не каментавалі, спасылаючыся на лекарскую таямніцу. Аляксандр не верыць, што ў працаўніка ЦРБ не было інфекцыі:

«Пісарык каля двух тыдняў ляжаў на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх у «бруднай зоне». Рэаніматолаг сам казаў, што ў яго COVID+. Яго хавалі ў закрытай труне».

Hавiны
«Ганьба – ісці і даказваць». Высвятляем, чаму не ўсе медыкі атрымалі даплаты за каронавірус
2020.05.19 14:48

«Мы ведалі, што будзе цяжка»

Суразмоўца распавёў і пра сітуацыю ў рэанімацыі ЦРБ. Усю брудную працу выконваюць медсёстры. Дзяўчаты плачуць ад стомы, адзінае іхнае жаданне – пайсці дадому:

«Усе проста стаміліся. У рэанімацыі медсёстры зашываюцца. Уявіце сабе, хаця б пераварочваць людзей з жывата на спіну. Доктар атрымае надбаўку, а што атрымае медсястра? Яны дзень у «бруднай зоне» працуюць, а пасля дзень у «чыстай». Плачуць ад стомы, кажуць толькі: «Хачу дадому». Ды ўвогуле, калі хуткая дапамога і больніца лягуць у шахцёраў, – цяжка будзе ўсім».

Медыкі станцыі хуткай дапамогі, Бабруйск. 18 траўня стала вядома, што працаўнікі бабруйскай станцыі хуткай дапамогі напісалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. Медыкі разлічвалі на дадатковыя выплаты за працу падчас эпідэміі COVID-19, але надбаўкі атрымалі не ўсе.
Фота: Belsat.eu

Аляксандр дадае: медыкі не б’юцца за надбаўкі, найбольш яны патрабуюць звычайнай удзячнасці.

«На нас усім напляваць. Прафсаюз не дапамагае. Не трэба грошай, тая ж адміністрацыя магла проста нам па-чалавечы падзякаваць за тое, што мы працуем цэлыя содні амаль без выходных».

Кіраўніцтва Салігорскай ЦРБ ад каментароў адмовілася. Калі ў прыёмнай пачулі пра «Белсат» – адказалі, што галоўная доктарка Вольга Белавус на відэаканферэнцыі. Пазней яна была на нарадзе, яшчэ пазней аказалася, што яна не на працоўным месцы ды не дасяжная для каментароў.

Hавiны
Доктар распавёў, як хаваюць статыстыку пра каронавірус у Беларусі
2020.05.26 14:50

ДР belsat.eu

Стужка навінаў