Былы баец СОБР Гараўскі раскрыў сваё месцазнаходжанне

Юрый Гараўскі, які раней распавёў пра выкраданні і забойствы палітыкаў у Беларусі ў 1999 годзе, а таксама пра сваю прычаснасць да гэтых злачынстваў, папрасіў палітычны прытулак у Швейцарыі. Былы баец спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР) унутраных войскаў МУС Беларусі лічыць, што няма сэнсу хаваць сваё месцазнаходжанне, піша DW.com.

«Адсочваючы маіх блізкіх, выявіць мой нумар тэлефону не ўяўляе складанасці. А па кодзе можна даведацца, якая гэта краіна. Хутчэй за ўсё, гэта ўжо зрабілі», – упэўнены Юрый Гараўскі.

Былы спецслужбовец адзначае, што гатовы панесці пакаранне за ўдзел у забойствах экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Аднак Гараўскі кажа, што жадае, каб яго судзілі ў Еўропе, а не ў Беларусі.

Былы баец распавядае, што прыехаў у Швейцарыю ў кастрычніку 2018 года і папрасіў тут палітычны прытулак. Падрабязнасцяў свайго выезду ён не агучвае. Справа аб прадстаўленні прытулку 41-гадоваму Гараўскаму яшчэ разглядаецца, але мужчына кажа, што баіцца за сваё жыццё.

«Пасля таго, як мы забілі гэтых людзей, я ўсе гэтыя гады баяўся, што нас пачнуць па адным або ліквідаваць, або саджаць. Я і цяпер не выключаю, што (з Беларусі) прыедуць мяне забіваць. Але тут ёсць шанцы выжыць», – лічыць ён.

Сведчанні Гараўскага

Былы баец беларускага спецатраду хуткага рэагавання Юрый Гараўскі раней заявіў, што ўвесну 1999 года байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

«За забойства Ганчара атрымалі па 1000 долараў». «DW» паказала споведзь удзельніка «эскадронаў смерці»

Паводле Гараўскага, загад аб затрыманні палітыкаў і бізнесоўцы байцам аддаваў стваральнік СОБРу падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Ён жа, як заяўляе Гараўскі, і застрэліў крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі.

Мужчына перакананы, што пра забойствы ведалі тагачасныя кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і сакратар Савету бяспекі Віктар Шэйман. Мужчына дадае, што імаверна пра гэта ведаў і сам Лукашэнка, але не бярэцца сцвярджаць пра гэта з упэўненасцю.

Алег Алкаеў: Калі Гараўскі кажа праўду – сядзе. Але не ў Беларусі

СК belsat.eu

Hавiны