7 гадоў і 1,5 года калоніі: у Наваградку вынеслі прысуд у справе аб масавых закалотах і абразе Лукашэнкі


29 снежня ў Наваградскім раённым судзе вынеслі прысуд у справе аб масавых закалотах двум жыхарам Наваградка: Уладзіміру Гароху і Дзянісу Кірэшчанку. Гароха судзілі яшчэ і за публічную абразу прэзідэнта Беларусі.

«Раней Дзяніс не размаўляў па-беларуску, цяпер з-за кратаў дасылае паштоўкі на беларускай мове»

Падтрымаць палітвязняў прыйшлі ягоныя родныя і мясцовыя актывісты.

– Мы былі на ўсіх судовых пасяджэннях, справа высмактаная з пальца. Сведкі адзін раз прыходзілі, пасля разглядалі запісы размоваў па тэлефоне. Усё, больш ніякіх улікаў, – кажуць перад судом актывісты.

На паседжанне пусцілі ўсіх ахвотных. Вядзе працэс суддзя Васіль Аляхновіч.

Суд у Наваградку.
Фота: Белсат

У гэты дзень сваё апошняе слова зачытваў Дзяніс Кірэшчанка, па-беларуску. Ён падзякаваў сваёй жонцы, а таксама ўсім беларусам за салідарнасць, разважаў пра справядлівасць і яе ролю ў грамадстве, асабліва ў цяперашні час. Уладзімір Гарох апошняе слова зачытваў на мінулым паседжанні, казаў пра тое, што хоча цяпер быць побач з цяжкахворай дачкой.

– Дзяніс раней не размаўляў па-беларуску, а цяпер нават паштоўкі падпісвае на беларускай мове, – распавядае «Белсату» перад паседжаннем жонка палітвязня Вераніка Кірэшчанка. – Калі яго трымалі ў Горадні, яму нехта перадаў Біблію на беларускай мове. Кажа, што чытае і вельмі падабаецца, шмат што пераасэнсоўвае.

Вераніка Кірэшчанка.
Фота: Белсат

Яна паказвае паштоўкі, якія за час зняволення даслаў ёй і дзецям муж. На адваротным баку – цёплыя словы падтрымання і веры ў тое, што ўсё хутка скончыцца.

– Вельмі чакаем яго дадому, я і дзве дачкі. Я ўжо наварыла баршчу, розных страваў. Спадзяемся на лепшае. Адвакаты кажуць, што ў гэтай справе нават зачапіцца няма за што, – кажа Вераніка.

Жонка Уладзіміра Гароха Надзея настроеная больш песімістычна, але таксама спадзяецца на лепшае.

Надзея Гарох, жонка Уладзіміра Гароха.
Фота: Белсат

– Кажуць, язык да Кіева давядзе, нас вось давёў да турмы. Так па-дурному атрымалася. Дзеці вельмі хвалююцца і перажываюць. Сын у Горадні схадзіў на спатканне з бацькам, пасля ўсю ноч праплакаў. У лістах муж пазітыўны, у судовай зале выглядае бадзёра, – кажа Надзея Гарох.

З доказаў – толькі словы і скрыншот

Крымінальную справу палітвязняў разглядалі з 15 да 18 снежня. 18 снежня пракурор запытаў 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі ды 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму – для Уладзіміра Гароха. Абвінавачаныя віны не прызналі.

Уладзіміра Гароха, 1973 года нараджэння, затрымалі 18 жніўня. Яго судзяць паводле ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Згодна з версіяй абвінавачання, улетку Гарох наўмысна рыхтаваўся да масавых закалотаў у Наваградку ды іншых населеных пунктах, падбіраў і рыхтаваў дзеля гэтага іншых людзей. З гэтай мэтаю ён праводзіў адмысловыя сустрэчы ў Карэлічах, Наваградку, Дзятлаўскім і Лідскім раёнах.

Паводле матэрыялаў справы, 10 жніўня Уладзімір Гарох нібыта планаваў разам з паплечнікамі падпальваць будынкі ды службовыя аўтамабілі супрацоўнікаў АУС Навагрудскага і Карэліцкага райвыканкамаў, аказваць узброены супраціў уладам і сілавікам з выкарыстаннем кактэйляў Молатава, блакаваць спілаванымі дрэвамі аўтадарогі Карэлічы – Наваградак, арганізаваць на Замкавай гары намётавы лагер супраціву.

Гісторыі
«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
2020.12.21 08:11

Таксама Уладзіміра Гароха абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі. 14 жніўня ён у чаце Viber «Наваградак для жыцця» напісаў «непрыстойныя паводле формы і зневажальныя паводле зместу» паведамленні на адрас Лукашэнкі, што «публічна падарвала аўтарытэт дзейнай улады». На судзе Гарох тлумачыў, што зрабіў гэта на эмоцыях, калі даведаўся пра жорсткае збіццё свайго сына-медыка, які аказваў дапамогу пацярпелым на Бангалоры падчас мірных акцыяў пратэстаў у Менску.

Дзяніс Кірэшчанка, 1974 года нараджэння, быў затрыманы 8 жніўня. Індывідуальны прадпрымальнік, мае дзвюх няпоўнагадовых дачок. Яго судзяць паодле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Згодна з версіяй абвінавачвання, 5 жніўня на сустрэчы для арганізацыі масавых закалотаў ён вучыў прысутных аказваць узброены супраціў сілавікам з дапамогай адрэзкаў арматуры і тэлескапічных дубінак.

Абвінавачванне цалкам будуецца на паказаннях сведкаў, запісах тэлефонных размоваў і скрыншоце паведамлення, якое нібыта абражае Лукашэнку. Ніякіх матэрыяльных доказаў пададзена не было, хоць сведкі падчас следства і расказвалі пра нібыта нарыхтоўванне арматуры і тону газы для кактэйляў Молатава.

Ліст Уладзіміру Гароху.
Фота: Белсат

На судзе Уладзімір Гарох тлумачыў, што ездзіў па населеных пунктах, каб сабраць людзей і арганізаваць мітынг. Каб праверыць гэтых людзей і намацаць іхныя межы дазволенага, спецыяльна задаваў правакацыйныя пытанні наконт таго, ці гатовыя яны кідаць арматуру ў аўтамабілі, пілаваць і валіць дрэвы, каб заблакаваць дарогі. Аднак у адказ людзі прапаноўвалі дарыць сілавікам кветкі.

Прысуд

Перад вынясенне прысуду жонка і дачка Дзяніса Кірэшчанкі падпісваюць для яго і Уладзіміра Гароха святочныя паштоўкі – на выпадак горшага сцэнару.

Жонка і дачка Дзяніса Кірэшчанкі падпісваюць святочныя паштоўкі для Дзяніса і Уладзіміра Гароха.
Фота: Белсат

«Ад усіх тых, хто верыць у перамены», – такімі словамі заканчваецца ліст да Гароха.

А 15-й гадзіне быў абвешчаны прысуд: Уладзіміра Гароха прызналі вінаватым у рыхтаванні ды арганізацыі масавых закалотаў і ў абразе Лукашэнкі, яму прызначылі 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На сёння гэта самы вялікі тэрмін, дадзены палітвязню пасля выбараў.

Дзяніса Кірэшчанку прызналі вінаватым у рыхтаванні да масавых закалотаў і прысудзілі яму 1 год 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Жонка і дачка Дзяніса Кірэшчанкі падпісваюць святочныя паштоўкі для Дзяніса і Уладзіміра Гароха.
Фота: Белсат

Вокладка мае ілюстрацыйны характар. Фота: ІА / Белсат

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў