Беларускія спартовыя клубы ўжо ў Расеі, супраціўляецца толькі футбол


Разбіраем, як каманды з Беларусі выступаюць на расейскіх турнірах і чаму туды не ўдалося інтэграваць беларускія футбольныя каманды?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэнаванне беларускай футбольнай зборнай перад матчам з камандай Косава.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Беларусь прадставіла Расеі сваю тэрыторыю для атакі Украіны і разам з ёй трапіла пад міжнародны бан, выключэннем стаў футбол. На міжнароднай арэне беларускія клубы і зборныя пакуль яшчэ могуць выступаць. Яшчэ да 2021 года некаторыя каманды з Беларусі бралі ўдзел у расейскіх турнірах і адзіных лігах, тады гэта тлумачылася інтарэсамі нацыянальных зборных. Цяпер жа гэта адзіны варыянт, з-за адсутнасці іншых.

Не гуляць з нацыянальнай зборнай Расеяй любой цаной

У футболе сітуацыя іншая. У расейцаў поўны бан, гэта значыць, што іх клубы і ўсе зборныя не могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. За два гады санкцыяў з Расеяй у футбол пагадзіліся згуляць зборныя Кубы, Камеруну, Кеніі, Катару, Іраку, Ірану, Кіргізіі, Таджыкістану і Узбекістану. Як бачым, няма ніводнай дэмакратычнай дзяржавы і краіны з Еўропы, якая ўваходзіць у УЕФА. Як стала вядома «Белсату», расейцы моцна ціснуць на сваіх беларускіх калегаў, яны хочуць таварыскага матчу паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Расеі, але беларускі бок ад яго ўсяляк ухіляецца. Рэч у тым, што беларускія каманды, як казалася вышэй, у адрозненне ад усходняга суседа могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, няхай і з пэўнымі абмежаваннямі, і ў выпадку гульні з нацыянальнай камандай Расеі, могуць таксама трапіць пад санкцыі. А беларускі бок і так на тонкім лёдзе, пакуль жа расейцам удалося праціснуць два таварыскія матчы з моладзевай зборнай Беларусі: адзін выгулялі расейцы – 3:1, у другім беларусы знішчылі суперніка – 5:1.

Агляд
Толькі адзін з іх каштуе мільён еўраў. Хто яны, найлепшыя беларускія футбалісты
2023.12.27 08:41

Расейцы закінулі ідэю ўключэння беларускіх клубаў у чэмпіянат Расеі, якая зноў-такі не мае сувязі з актуальнай рэальнасцю.

– Беларускі бок, пакуль ён можа ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах і зарабляць грошы, не ўвойдзе ў такі праект, бо аўтаматычна прыйдуць санкцыі, і ўсе дзверы будуць зачыненыя. Ды і расейцам беларускія клубы, з іх смешнымі паводле мерак расейскіх бюджэтамі, у чэмпіянаце Расеі не надта і патрэбныя, – кажа спартовы журналіст з Беларусі.

У сувязі з гэтым успомнім гісторыі з Крыму, пасля акупацыі паўвостраву расейцы дзевяць гадоў не ўключалі крымскія клубы ў свой чэмпіянат з-за магчымых санкцыяў, і толькі калі гэтыя санкцыі ўвялі і не стала чаго губляць, удзельнікамі чацвёртага дывізіёну чэмпіянату Расеі сталі «Рубін» з Ялты і «Севастопаль».

У гандболе стварылі адзіную лігу

Акрамя розных турніраў, на ўзроўні зборных розных кубкаў дружбы, мужчынскія клубы Беларусі і Расеі аб’ядналіся ў супольны турнір СЭГА-лігі. Пяць клубаў з Расеі, чатыры з Беларусі і адзін кітайскі. Нашую краіну прэзентавалі «Мяшкоў» (Берасце), менскі СКА, магілёўскі «Машэка» і «Гомель». У мінулым сезоне менавіта берасцейцы выгулялі турнір. Цяпер яны зноў фаварыты і ідуць на першым месцы, не прайграўшы ніводнай гульні. Раней берасцейскі клуб, які фінансуецца «Газпромам», уваходзіў у восем найлепшых з краін Еўропы. Цяпер еўракубкаў няма, але гаспадар і стваральнік клубу Аляксандр Мяшкоў працягвае добра плаціць. Таму за каманду выступае шмат вядомых гульцоў – беларусы Максім Баранаў, Вячаслаў Шумак, Іван Мацкевіч, Аляксей Шынкель, Глеб Гарбуз, Аляксандр Падшывалаў, Андрэй Юрынок і іншыя, таксама хапае легіянераў: чатыры гульцы з Расеі і тры з балканскіх краінаў.

Любімая цацка Лукашэнкі – хакейнае «Дынама»

У КХЛ менскае «Дынама» выступае з 2008 года, але пакуль значных дасягненняў, акрамя выхадаў у першыя раўнды плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, сталічны клуб так і не дабіўся. Хоць у «Дынама» былі ўкладзеныя касмічныя для Беларусі грошы, і яны знаходзяцца ў любы час, бо каманду любіць асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заўзятары менскага «Дынама».
Фота: hcdinamo.by

Камандай негалосна апякуецца Дзмітрый Баскаў, які застаецца пад міжнароднымі санкцыямі, а кіруе ёй ягоная правая рука і даўні сябар Арцём Каркоцкі.

За менскае «Дынама» гуляюць 14 легіянераў: сем канадцаў, шэсць расейцаў і адзін амерыканец. А трэнуе клуб яшчэ адзін расеец, Дзмітрый Квартальны.

Пры гэтым вынік менскага «Дынама» нельга назваць уражвальным. У сваім дывізіёне клуб ідзе восьмым, што, улічваючы ўкладзеныя сродкі, наўрад ці можна назваць поспехам. Пры гэтым бюджэт клубу прыкладна $ 17 млн, пры гэтым толькі на заробкі ў гэтым сезоне менскі клуб выдаткуе $ 5 млн.

У мужчынскім чэмпіянаце Расеі выступае найлепшы валейбольны мужчынскі клуб краіны – «Шахцёр» з Салігорску, ён размясціўся ў сярэдзіне табліцы і займае дзявятае месца з 16 удзельнікаў. У клубе шэсць легіянераў: чатыры расейцы, серб і кубінец. А вось у жаночай валейбольнай расейскай Суперлізе беларуская «Мянчанка» займае перадапошняе месца. Праўда, у камандзе ўсяго дзве замежніцы, з Расеі і Турцыі.

Найгоршы вынік у баскетбольнага клубу «Менск», у чэмпіянаце Расеі ён прагуляў усе 23 матчы і безнадзейна займае апошняе месца. Пры гэтым у клубе сем легіянераў.

– Беларускім клубам цяжка супрацьстаяць расейскім бюджэтам. Раней гэта апраўдвалася інтарэсамі зборнай Беларусі, але цяпер, калі беларускія зборныя пад банам, я не ведаю, для чаго траціць такія велізарныя грошы? – кажа наш эксперт, спартовы журналіст.

Мы бачым, што толькі ў гандболе беларускія клубы могуць канкураваць з расейскімі, і акрамя таго, мала, што яны вымушана гуляюць у Расеі, дык і большасць легіянерскіх месцаў у беларускіх камандах займаюць расейцы.

Сяргей Свіркоў: Галоўнае для мяне пытанне – ці этычна выступаць на чэмпіянатах краіны-агрэсара?

На гэтую тэму мы паразмаўлялі з былым намеснікам дырэктара менскага гандбольнага клубу «Віцязь», які быў знішчаны пасля пратэстаў 2020 года, Сяргеем Свірковым.

Сяргей Свіркоў
Фота: Waldemar Dowejko

– Гэта глабальнае пытанне, на якое так проста не дасі адказу. Яно ўключае ў сябе шмат меншых: эканамічная мэтазгоднасць, спартовы прагрэс, узаемадзеянне з міжнароднымі федэрацыямі і гэтак далей. Але самы галоўнае для мяне цяпер: наколькі этычна выступаць на чэмпіянатах краіны-агрэсара? – кажа Сяргей Свіркоў.

Ці будзе карысць ад удзелу беларускіх клубаў у чэмпіянатах Расеі, з гледзішча спартовага прагрэсу?

– Давайце прызнаем, што ўзровень чэмпіянатаў Расеі ў большасці відаў спорту вышэйшы, чым беларускія. Адзначым, што ўдзел у мацнейшым чэмпіянаце аўтаматычна падымае ўзровень прафесіяналізму спартоўца. Добра гэта ці дрэнна? Вядома, добра. Моцны спартовец – моцная зборная. Да тэмы зборнай мы яшчэ вернемся. Выдатна, мы адправілі ў чэмпіянаты Расеі найлепшых гульцоў і найлепшыя каманды, накіравалі туды фінансавыя рэсурсы. А што застаецца тым клубам, каго не ўзялі? А такія будуць. Нашыя чэмпіянаты рэзка аслабнуць, – адзначае Сяргей Свіркоў.

А якая эканамічная мэтазгоднасць такога ўдзелу?

– Адказваючы на гэтае пытанне – у мяне ёсць два адказы. Адзін пазітыўны, а іншы негатыўны. Пачнем з пазітыўнага. Для нашых клубаў адкрываецца вялікі рынак і новыя маркетынгавыя, рэкламныя магчымасці. Яны змогуць прыцягваць буйных фундатараў. Заўсёды ёсць «але» – зʼяўляюцца і дадатковыя выдаткі. На паверхні ляжаць два асноўныя артыкулы затратаў, якія зʼяўляюцца самі. Павялічваюцца лагістычныя выдаткі. Адна справа – на аўтобусе ездзіць па Беларусі, і зусім іншая – ляцець на самалёце ва ўмоўны Растоў. А калі ва Уладзівасток? Лагістычныя выдаткі павялічацца ў некалькі разоў. Другі момант – абсталяванне нашых спартовых пляцовак. Большасць нашых пляцовак не пройдуць ліцэнзавання. Праўда, я амаль упэўнены, што дадуць паслабленні. А за чый кошт нашыя клубы будуць пагашаць узніклыя фінансавыя выдаткі? Буду вельмі рады, калі клубы выйдуць на стоадсоткавую самаакупнасць. Я рэаліст. І ўпэўнены, што клубныя бюджэты будуць складацца з улікам дзяржаўнага падтрымання. І зараз самае цікавае: а адкуль яму узяцца? Правільна, яго пачнуць забіраць у іншых клубаў, пачнуць абцяжарваць нашыя прадпрыемствы, якім і так складана. Усё гэта адабʼецца на людзях.

Аналітыка
Менскае «Дынама» – чэмпіён Беларусі па футболе. Справа ў намёках Лукашэнкі?
2023.11.26 16:24

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў