Толькі адзін з іх каштуе мільён еўраў. Хто яны, найлепшыя беларускія футбалісты


Толькі адзін з іх каштуе мільён еўраў, яшчэ летась адразу трох ацэньвалі больш як на мільён. Ніводзін беларускі гулец не трапляе нават у тысячу самых дарагіх футбалістаў свету.

Нарвежац Эрлінг Голян, форвард «Manchester City», трымае кубак пасля фінальнага матчу клубнага чэмпіянату свету па футболе паміж «Manchester City» і «Fluminense». Джыда, Саудаўская Аравія. 22 снежня 2023 года.
Фота: Photo by Hossein / Middle East Images / abacapress.com / East News

Найдаражэйшыя футбалісты свету гуляюць у Манчэстэры, Парыжы і Мадрыдзе

У спісе самых дарагіх гульцоў свету па версіі пляцоўкі цяпер адразу тры футбалісты з аднолькаваю цаною. Калі год таму гэты быў адзін нарвежац Эрлінг Голян, які тады каштаваў € 170 млн, то цяпер форварда «Manchester City» ацэньваюць на € 180 млн, як і 24-гадовага француза Кільяна Мбапэ ды 20-гадовага брытанца Джуда Бэлінгэма. Апошні праводзіць фантастычны сезон за мадрыдскі «Real» і зборную Англіі. На € 30 млн падаражэў яшчэ адзін гулец «Real» – 23-гадовы бразілец Вінісьюс Жуньюр. Замыкае пяцёрку самых дарагіх футбалістаў свету гулец лонданскага «Arsenal» Букаё Сака, ён вырас на € 20 млн і цяпер каштуе € 120 млн.

Найлепшыя беларускія гульцы значна патаннелі

Цяпер самы дарагі беларускі футбаліст – Макс Эбонг, ён каштуе мільён еўраў, хаця яшчэ ўлетку паўабаронцу ацэньвалі на 200 тыс. больш. Пры гэтым Эбонга прызналі найлепшым гульцом Беларусі, гэта сталася пасля апытання газеты «Прессбол», у якім бралі ўдзел футбольныя адмыслоўцы, трэнеры, футбалісты і журналісты. Але быў адзін нюанс: усе яны мусілі быць лаяльныя рэжыму. За свой клуб – «Астану» – Эбонг у гэтым сезоне забіў 0 галоў у 26 гульнях і пакуль застаўся без працы. Максу не прапанавалі новага кантракту ў Казахстане, цяпер ён шукае працу. А вось за зборную Беларусі паўабаронца адзначыўся адразу тры разы.

Беларус Макс Эбонг (злева) падчас адборачнага матчу групы Е чэмпіянату свету па футболе 2022 года паміж Беларуссю і Чэхіяй. Казань, Расея. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: Roman Kruchinin / AP Photo / East News

Яшчэ больш страціў Яўген Яблонскі. Ён не мае клубу ўжо паўгода, і за гэты час ягоная цана знізілася ўдвая: з € 1,2 млн да € 600 тыс.

Значна патаннеў самы дарагі футбаліст Беларусі Віталь Лісаковіч. Мінулаю зімой ён каштаваў € 1,5 млн, цяпер усяго € 800 тыс. Прычыны – праблемы з алкаголем, траўмы і адсутнасць гульнёвай практыкі. Такое стаўленне да жыцця можа паставіць крыж на кар’еры аднаго з самых таленавітых беларускіх гульцоў.

На € 0,5 млн вырасла цана форварда менскага «Дынама» Уладзіслава Марозава і паўабаронцы «Арэнбургу» Кірыла Капленкі. Цяпер яны каштуюць па € 900 тыс. Першы стаўся чэмпіёнам Беларусі і найлепшым бамбардзірам турніру. Другі стабільна гуляе за свой клуб і зборную Беларусі, хаця і мае расейскі пашпарт. Таксама на € 900 тыс. ацэньваюць форварда гарадзенскага «Нёмну» Паўла Савіцкага, які падаражэў на € 100 тыс. На піку ягонай карʼеры, у 2019 годзе, Савіцкі каштаваў паўтара мільёна.

Яшчэ два гульцы – Ілля Шкурын і Валер Грамыка – ацэньваюцца на € 800 тыс. На думку футбольных экспертаў, калі прагрэс Шкурына працягнецца, праз год ён можа каштаваць некалькі мільёнаў. Нагадаем, што ў 2019 годзе, забіўшы 19 галоў, Шкурын стаўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі і перабраўся ў маскоўскі ЦСКА. У 2020-м Ілля падтрымаў беларускі народ і заявіў, што не будзе выступаць за беларускую зборную, пакуль у краіне трымаецца рэжым Лукашэнкі. З таго часу Шкурын не ездзіў у Беларусь і два гады спрабаваў перазапусціць кар’еру, але ў кіеўскім «Дынама» і польскім «Raków» форварду не пашчасціла. Але затое Шкурыну выдатна выйшла ў іншым польскім клубе – «Сталь» з Мельцу. На сёння Ілля – найлепшы бамбардзір каманды і трэці снайпер усяго чэмпіянату Польшчы, забіў 8 галоў.

Французскі абаронца мюнхенскай «Bayern» Люкас Эрнандэс (злева) і беларускі форвард кіеўскага «Дынама» Ілля Шкурын (справа) змагаюцца за мяч падчас футбольнага матчу Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Кіеў, Украіна. 23 лістапада 2021 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

«Ілля Шкурын гучна заявіў пра сябе гэтаю восенню. Калі працягне ў тым жа стылі, то ўжо ўлетку можа перайсці альбо ў вялікія польскія каманды, альбо пераехаць у нейкі топ-чэмпіянат, бо польскі чэмпіянат – гэта трамплін. Значна цяжэй будзе Уладзіславу Марозаву. Калі Шкурына ў Еўропе ўжо ведаюць, то пра Маразова гэтага не скажаш. Але яму адназначна трэба пакідаць менскае «Дынама», калі хоча развівацца. Як і год таму, на беларускіх гульцоў няма попыту ў Еўропе, і гэта не дзіўна. А вось украінцы – наадварот. Паглядзіце, колькі іх гуляе ў топ-чэмпіянатах, а будзе яшчэ больш», – заўважае ў размове з «Белсатам» наш эксперт, спартовы журналіст, які працягвае працаваць у Беларусі.

Колькі каштуюць самыя дарагія футбалісты ў нашых суседзяў?

Моцна страцілі ў кошце найлепшыя польскія футбалісты. Робэрт Левандоўскі цяпер не самы дарагі польскі гулец. 35-гадовы форвард з «Barcelona» патаннеў на € 25 млн і цяпер каштуе 20, а самага дарагога польскага гульца Пятра Зеліньскага з «Napoli» ацэньваюць на € 30 млн, хаця год таму каштаваў 40. Прычына – няўдалы выступ зборнай Польшчы ды клубаў, у якіх цяпер гуляюць Зеліньскі і Левандоўскі. Самы дарагі ўкраінскі гулец – ізноў Аляксандр Зінчанка, ён дадаў € 10 млн і цяпер каштуе € 42 млн, на два больш за Міхайлу Мудрыка. Нагадаем, што абодва выступаюць за лонданскія клубы – «Arsenal» і «Chelsea».

Самы дарагі гулец Расеі дадаў € 8 млн: цяпер Аляксандр Галавін з «Monaco» каштуе € 30 млн. Нарэшце, самага дарагога літоўца Гвідаса Гіняйціса з італьянскага «Torino» ацэньваюць на мільён еўраў, латышскія гульцы ў рэйтынг не трапілі.

Hавiны
За тышортку футбаліста Рамана Васілюка заплацілі 14 001 рубель
2023.12.26 19:09

АС belsat.eu

Стужка навінаў