Калі кавун – (не) толькі кавун: пад ялінкай з шампанскім думаем пра палітыку

За ўвесь гэты час не была ні на адной прапалестынскай дэманстрацыі. Для чалавека, якая стаіць па левы бок палітычных барыкад, і асабліва для эмігранткі ў Берліне – гэта, прама скажам, дзіўна. Нават падазрона.

Дэманстрацыі як спосаб палітычнай барацьбы для мяне перасталі працаваць. Канкрэтна для сябе я не бачу ў іх сэнсу, таму што разумею, што глабальную праблему дэманстрацыя не вырашыць – Ізраіль не перастане бамбіць Газу, Хамас не перастане бамбіць Ізраіль, Расея не перастане бамбіць Украіну, і далей па спісе. Безумоўна, дэманстрацыі могуць дапамагчы эмацыйна, бо яны даюць магчымасць сфармуляваць сваю пазіцыю і вербальна пазначыць яе – плакатамі або крычалкамі. Таксама на дэманстрацыі можна пабыць у натоўпе блізкіх табе ідэалагічна людзей і падзяліць фрустрацыю, гнеў, злосць, бяссілле, ці якія там яшчэ пачуцці можа ў нас выклікаць вайна. Дэманстрацыі таксама важныя ў якасці сюжэту для медыяў, бо яны – візуальнае пацверджанне таго, што палітыка турбуе не толькі палітыкаў, але таксама і нас, простых грамадзян, у тым ліку тых, якія нават калі і не ўцягнутыя ў канфлікт непасрэдна – маюць сваю пазіцыю з гэтай нагоды і, больш за тое, маюць патрэбу гэтую пазіцыю выказаць. Прымаючы пад увагу ўсё гэта, я не знаходжу ў сабе патрэбы хадзіць на дэманстрацыі – і напісаннем гэтага тэксту я хачу замацаваць сваё права на гэта.

Я перакананая, што беларусы ў эміграцыі не могуць дазволіць сабе быць апалітычнымі. Паўтаруся, мы абавязаныя разбірацца ў палітыцы, фармаваць свае бачанне і фармуляваць свае аргументы – як у дачыненні да суседніх краін, так і больш геаграфічна аддаленых. Так, гэта складана. Так, там няма простых адказаў. Так, важна капаць глыбей і разглядаць праблему ў гістарычным кантэксце – і гэта асабліва тычыцца тэмы Ізраілю і Палестыны. Так, асабістыя кантэксты нікуды не схаваць, таму што калі ваша сям’я знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў і іх кожны дзень абстрэльваюць – наўрад ці нехта будзе чакаць ад вас сімпатыі да тых, хто ў іх страляе. Зрэшты, у Берліне я ведаю некалькі габрэяк, якія катэгарычна асуджаюць агрэсію Ізраілю і падтрымліваюць палестынскія рухі за свабоду – і ў іх ёсць аргументы, якія пацвярджаюць іх перакананні. Чалавек без перакананняў падобны на авечку, якой лёгка можна даць у лапкі зброю, павезці за сабой у далёкія далі і прымусіць страляць у іншую такую ж авечку, і калі спытаеш – навошта, то адказам будзем невыразнае бляянне. Нам з вамі прасцей зразумець на прыкладзе Расеі і Украіны, дзе Расея – абсалютнае зло, і ў гэтым сыходзяцца і правыя, і левыя. Пра Ізраіль і Палестыну знайсці паразуменне аказваецца складаней. Так, гэта выклік, і каб выразна адказаць на яго, нам прыйдзецца перашуфляваць вялікую колькасць навінаў і аналітыкі. У вас таксама цяпер няма сіл на гэта і вас максімум хапае на пару пастоў у Instagram? О, як я вас разумею. А вы, дарэчы, ведалі пра кавун?

Акцыя ў падтрымку Палестыны. Берлін, Германія. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Middle East Images/ABACA / Abaca Press / Forum

Да мінулага тыдня я не ведала, што кавун з’яўляецца сімвалам прапалестынскага руху. Кавун змяшчае чырвоны, зялёны, чорны і белы – колеры палестынскага сцяга. Кавун стаў сімвалам Палестыны яшчэ ў 1967, а ў гэтым годзе яго значэнне яшчэ больш узмацнілася – пасля таго, як міністр нацыянальнай бяспекі Ізраілю Ітамар Бэн Гвір аддаў распараджэнне паліцыі прыбраць палестынскія сцягі з грамадскіх месцаў, таму што размахванне гэтымі сцягамі служыць «актам падтрымкі тэрарызму». Знаёма, праўда?

Нядаўна я хадзіла на балет і там на сцэне быў заўважаны кавун. Танцоўшчык балету еў кавун прагна, а танцорцы балета прапаноўваў маленькі акуратны кавалачак. Два разы дзяўчына зʼела кавалачак кавуна, а на трэці адмовілася. Такая вось «падзея – змена рытму». І гэта сцэнічная падзея стала прычынай гарачай дыскусіі з маёй калежанкай пра тое, што азначае гэты кавун як метафара. Мы падумалі, што кавун выпадкова на сцэне зʼявіцца не можа. Але далей гэтага дамовіцца мы не змаглі. Калежанка прачытала гэтую метафару як знішчэнне кавуна (Палестыны). Я, у сваю чаргу, палічыла зʼяўленне кавуна на сцэне не замоўчваннем канфлікту, але праблематызацыяй, без прэваліравання палітычных сімпатый у той ці іншы бок. Кавун існуе, ён нам баліць, з ім нешта трэба рабіць – ці то есці, ці то не есці, але хаваць яго – дакладна не лепшае рашэнне. У маім уяўленні розначытанняў метафары кавуна можа быць яшчэ больш, і ўсе яны маюць права на існаванне. На тое яно і мастацтва, на тое яны і метафары, каб даставаць з нас нашыя палітычныя хваляванні і памкненні. Мне было сорамна за няведанне сімвалічнасці кавуна літаральна хвілінку. Я дазволіла сабе гэтае няведанне сапраўды гэтак жа, як дазваляю не хадзіць на дэманстрацыі. Але я дакладна не дазваляю сабе страціць цікавасць, цікаўнасць, эмпатыю. Літаральна на наступны дзень я папрасіла сяброўку, якая мела ў распараджэнні рэсурсы падаследваць тэму Ізраілю і Палестыны глыбей, чыйму меркаванню я давяраю і чые палітычныя гледжанні падзяляю, расказаць мне, што яна думае з гэтай нагоды. Дзякуй тым з нас, хто дакопваецца да сутнасці рэчаў, знаходзяць надзейныя крыніцы, не прапаноўвае простых папулісцкіх адказаў.

Я марыла напісаць калонку пра свае вынікі года з думкай пра тое, што асабістае – гэта палітычнае. Пра сваю кніжку, пра падарожжа, пра рамантычныя няўдачы. Але пасля ўзгадала, што і палітычнае – гэта асабістае, таму мае вынікі года ў медыя будуць пра войны, рэпрэсіі і тэрор – ад якіх не схаваешся, таму палітычнай нейтральнасці не існуе, і маўчанне – яно часам гучней кажа пра нас, чым усе нашыя крычалкі. А асабістае-асабістае пакінем для соцсетак. Яно таксама важнае, але медыяпляцоўкай варта карыстацца адказна, праўда?

Дзякуй усім, хто чытаў мае калонкі ў гэтым годзе, і асабліва тым, хто знаходзіў у сабе сілы адрэагаваць на іх – пагадзіцца ці паспрачацца. У новым годзе жадаю нам якаснай аналітыкі і палітычнай адукацыі – яна так патрэбная нам, каб не зварʼяцець.

Меркаванні
«Сястрынства лазні па-чорнаму» – голыя жанчыны і праўда жыцця
2023.11.25 11:32

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў