Дзе адпачыць на вадзе: 7 відаў актыўнасцяў, якімі варта заняцца ў Беларусі


Адпачынак на вадзе – выдатны спосаб пабачыць прыроду з нечаканага ракурсу, а таксама навучыцца нечаму новаму і незвычайнаму. Можна паспрабаваць сябе ў водных відах спорту, спакойна сплавіцца па рацэ і атрымаць асалоду ад беларускіх краявідаў. Мы сабралі для вас 7 варыянтаў актыўнага адпачынку на вадзе, якімі можна заняцца, не з’язджаючы з краіны.

  • Байдаркі і каноэ

Сплавы на байдарках і каноэ ў Беларусі ў апошнія гады зрабіліся папулярным відам актыўнага адпачынку. Такія водныя паходы па рэках арганізоўваюць як на некалькі гадзінаў, так і на цэлы дзень або на ўсе выходныя, у тым ліку і з начоўкай. Маршруты могуць быць ад зусім простых (для пачаткоўцаў) да вельмі складаных (для людзей з досведам). Калі заказваць сплаў праз фірму, то для вас правядуць інструктаж і навучаць кіраваць лодкаю. Але калі вы ўпэўненыя ва ўласных сілах, то можаце арганізаваць самастойны сплаў, узяўшы байдарку, каяк або каноэ напракат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Напрыклад, маршруты па Прыпяці і яе прытоках сабралі на адмысловую карту: усяго на ёй 10 маршрутаў, якія павінны прыцягнуць увагу да каштоўнасці прыроды Палесся.

Таксама папулярнай ракой для водных паходаў на байдарках у Беларусі лічыцца Нарачанка – адзіная рака, якая выцякае з возера Нарач і зліваецца з ракой Вяллёй, таксама папулярнай у турыстаў. Яшчэ адна рака для арганізацыі сплаваў на байдарках – Вузлянка. Наогул, сплаўляцца можна па любой рацэ, бо галоўнае для гэтага – плынь, павольная або хуткая. Аднадзённыя сплавы на байдарках арганізоўваюць і па Свіслачы ў Менску. Вось спіс кампаніяў, якія ладзяць туры на байдарках і здаюць абсталяванне ў арэнду.

  • Ўэйкбордынг

Гэта вядомы на ўвесь свет від воднага спорту, якім магчыма займацца на любой воднай паверхні: штучным вадаёме, возеры, рацэ ці моры, звычайна ў зацішнае надвор’е. Па сутнасці ўэйкбордынг (ад англійскага «wakeboard») – гэта водны снаўборд, які разганяюць пры дапамозе маторнай лодкі ці рухомай сістэмы. У гэты час спартовец трымаецца за трос, а таксама можа выконваць трукі падчас руху. Хуткасць пры гэтым дасягае 25–30 км/г.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Ўэйкбордынг просты ў навучанні, а дзеці могуць пачынаць займацца з 7–9 гадоў, дастаткова толькі неабходнага абсталявання і трэнаванняў. Для бяспечнага катання ў Беларусі існуюць ўэйкпаркі са спецыяльнай інфраструктурай, у тым ліку з фігурамі для выканання скачкоў.

  • Яхтынг

Яхтынг – адзін з найноўшых відаў актыўнага адпачынку ў Беларусі, які ўжо не здаецца нечым недасягальным і раскошным. Заняткі яхтынгам могуць уключаць у сябе як проста падарожжы на яхце на любым прыдатным для гэтага вадаёме, так і прафесійныя заняткі ветразевым спортам. Нядаўна ў Беларусі пачалі адчыняцца цэнтры навучання яхтынгу, дзе можна навучыцца кіраваць паруснай яхтай і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Там можна прайсці як цэлы курс, пасля якога вам выдадуць пасведчанне на кіраванне яхтай, так і ўзяць адзін занятак і проста паспрабаваць свае сілы. Таксама яхтынгу вучаць і дзяцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik
  • Сапбордынг

Сапборд (ад англійскага «Standup paddleboarding» або SUP) – гэта надзіманая дошка, на якой плаваюць стоячы і якой кіруюць пры дапамозе аднаго доўгага вясла. У адрозненне ад сёрфінгу, для плавання на сапбордзе не патрэбныя хвалі: плаваць на дошцы можна па спакойных рэках і вадаёмах, таму гэты від адпачынку выдатна падыходзіць для нашага рэгіёну. На сапбордзе могуць размяшчацца адзін або некалькі чалавек, нехта нават бярэ на дошку хатніх гадаванцаў. Да таго ж гэта выдатны спосаб для падтрымання цела ў добрай фізічнай форме, бо гэты від адпачынку спрыяе развіццю пачуцця балансу, а ў плаванні на дошцы задзейнічаныя практычна ўсе цягліцы. Для сапбордынгу не існуе абмежаванняў, звязаных з узростам або вагою цела. Для Беларусі гэта пакуль не моцна пашыраны від актыўнага адпачынку, але знайсці адпаведнае месца для сплаву можна тут (у Менску).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik
  • Паходы па балотах

Балотны турызм або балотынг з’явіўся ў Беларусі адносна нядаўна, і гэта пры тым, што 14 % тэрыторыі нашай краіны займаюць балоты. Гэта адзін з нешматлікіх даступных экстрэмальных відаў адпачынку, таму важна арганізоўваць яго з гідам, які зможа бяспечна вас правесці. Наогул балотынгам называюць пешыя маршруты па вадзе і зыбкай глебе з кіямі ў руках і ў непрамакальнай вопратцы ды гумовых ботах. Аднак для тых, хто жадае наведаць балотную мясцовасць, але зусім не хоча апускацца ў ваду, існуюць балотныя маршруты – экасцежкі.

Экасцежка ў заказніку «Ельня» ў Мёрскім раёне, Беларусь.
Фота: Белсат

Найвядомейшыя кірункі для даследавання – Ельня, Дулебы, Альманы, Выганашчанскае возера і Прыпяцкі нацыянальны парк. Вось спіс з 10 балотаў Беларусі, якія варта наведаць, а таксама парады, як падрыхтавацца да такога паходу.

  • Крэйдавы кар’ер

Нядаўна на карце Беларусі зʼявілася новая турыстычная кропка – гэта крэйдавы карʼер са смарагдавай вадой у Бярозаўскім раёне каля аграгарадка Кабакі, дзе цяпер афіцыйна дазволілі купацца. Раней мясцовыя ўлады штрафавалі людзей за плаванне ў гэтым вадаёме. Аднак інфраструктуры для адпачынку на «беларускіх Мальдывах» пакуль няма. Карʼер зʼявіўся амаль сто гадоў таму, калі карысныя выкапні здабываліся тут уручную.

Крэйдавы кар’ер у Кабаках, Беларусь.
Фота: traveling.by
  • Аквапарк

Яшчэ адзін спосаб адпачыць у Беларусі – гэта наведаць аквапарк. У такіх забаўляльных комплексах у наяўнасці водныя атракцыёны і горкі, фантаны, басейны з вышкай для скачкоў, а ў некаторых можа быць басейн са штучнымі хвалямі для заняткаў сёрфінгам. Гэта адзін з найбольш папулярных спосабаў актыўнага адпачынку, звязаных з вадой. Асабліва ён папулярны сярод сем’яў з дзецьмі, бо для іх ёсць спецыяльныя дзіцячыя зоны. Вось спіс асноўных аквапаркаў Беларусі.

Аквапарк «Лебядзіны» – самы вялікі аквапарк у Беларусі.
Фота: waterpark.by

Алена Рувіна / Авер belsat.eu

Стужка навінаў