Дзясяткі беспілотнікаў атакавалі Маскву і Падмаскоўе


Раніцай 30 траўня сталіцу Расеі атакавалі беспілотнікі, некалькі будынкаў былі пашкоджаныя, паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін. Паводле ягоных словаў, экстранныя службы ў мэтах бяспекі эвакуявалі жыхароў двух дамоў і перакрылі рух па вуліцы.

Маскву атакавалі беспілотнікі. Крыніца: astrapress / Telegram

«На дадзены момант ніхто сур’ёзна не пацярпеў. Прашу вас давяраць толькі афіцыйным крыніцам і не распаўсюджваць неправеранай інфармацыі», – напісаў Сабянін.

Беспілотнікі трапілі ў два жылыя дамы ў Маскве, пацярпелых няма, распавёў «РИА Новости» прадстаўнік экстранных службаў.

Адзін беспілотнік трапіў у верхнія паверхі жылога дому на вуліцы Прафсаюзнай. Разбураны фасад і шыбы ў доме. Другі беспілотнік трапіў у 24-павярховы жылы дом на вуліцы Атласава ў Новай Маскве. Таксама тэлеграм-канал «112» сцвярджае, што трэці беспілотнік быў знойдзены на Ленінскім праспекце ў Маскве.

Мясцовыя жыхары расказалі аб гуку выбуху ў Новай Маскве. «А 4:16 я якраз прачнулася – мяне нешта разбудзіла. Прама такі пляскач быў магутны», – распавядае Таццяна, якая жыве за 800 метраў ад месца здарэння. Аляксей, які жыве ў доме, дзе адбылося надзвычайнае здарэнне, паведаміў, што вярнуўся з сям’ёй з адпачынку а 5-й гадзіне раніцы. Паводле ягоных словаў, інфармацыі аб тым, калі ім дазволяць зайсці ў дом, няма. Цяпер каля дому раскіданыя абломкі, тэрыторыя вакол ачэпленая.

Сабянін заявіў, што пасля заканчэння працы спецыяльных службаў жыхары змогуць вярнуцца ў свае кватэры.

Паводле інфармацыі губернатара Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб’ёва, у рэгіёне спрацавала СПА – на падлёце да сталіцы былі збітыя некалькі беспілотнікаў.

Паводле тэлеграм-каналу «Baza», у Падмаскоўі за сённяшнюю раніцу збітыя больш за 10 беспілотнікаў, большасць з іх – у Істрынскім, Краснагорскім і Адзінцоўскім раёнах. Усяго, як піша «Baza», у ранішнім нападзе ўдзельнічалі каля 25 беспілотнікаў. Частка з іх ляцела на звышмалой вышыні і зачапіліся за дрэвы і правады.

Пасля атакі беспілотнікаў па медычную дапамогу звярнуліся двое жыхароў Масквы. Шпіталізацыя ім не спатрэбілася, паведаміў Сяргей Сабянін.

Расейскія тэлеграм-каналы пішуць, што, паводле розных звестак, Маскву атакавалі ад 25 да 32 беспілотнікаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў