Менш разнастайнасці, экспансія кітайцаў, рост продажу. Вынікі леташняй працы беларускіх аўтадылераў


Беларуская аўтамабільная асацыяцыя абвесціла вынікі леташняй працы дылераў. Галоўныя высновы: продаж аўтаў вырас у параўнанні з 2022 годам, аднак колькасць мадэляў скарацілася амаль удвая, а кітайскія брэнды захапілі 80% рынку. Праўда, гэта тычыцца толькі афіцыйных дылераў і афіцыйнага імпарту, таму рэальная сітуацыя выглядае інакш.

Аўтамабілі Skoda на паркоўцы дылера. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

На прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар кампаніі «БАА-Кансалт» Дзмітрый Ярота адразу падкрэсліў: усе лічбы тычацца продажаў толькі афіцыйна імпартаваных машынаў і толькі дылераў – чальцоў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. У гэтай арганізацыі – шмат вядомых брэндаў, у тым ліку «Джылі», «Лада», «HAVAL», «Hyundai», «Volkswagen», «Audi».

Летась дылеры прадалі амаль 22 тысячы легкавікоў. Рост у параўнанні з 2022 годам – амаль 50%, аднак да ўзроўню, напрыклад, 2019 года яшчэ вельмі далёка.

Статыстыка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Скрыншот: belpresscenter / YouTube

Беларускі аўтарынак сціскаўся тры гады запар, у 2020–2022 гадах, і летась гэтага падзення, натуральна, не кампенсаваў. У гэтай статыстыцы ўлічваюцца і лёгкія камерцыйныя машыны кшталту «Газелі», «Volkswagen Transporter» і «Volkswagen Caddy».

Статыстыка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Скрыншот: belpresscenter / YouTube

«У аўтамабільнай галіне адбываюцца тэктанічныя зрухі ўнутры асацыяцыі, унутры брэндаў, унутры мадэляў. У 2022 годзе прадаваліся 142 мадэлі аўтамабіляў, а ў 2023-м – толькі 78. Колькасць брэндаў, што былі рэпрэзентаваныя на рынку, упала з 28 да 20, прытым што сярод чальцоў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі з’явілася 6–7 новых марак», – канстатаваў Дзмітрый Ярота.

Статыстыка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Скрыншот: belpresscenter / YouTube

Больш за 80% усіх прададзеных летась у Беларусі аўтаў – кітайскія. Сюды ўлучаны і «Джылі», што збіраюць у нашай краіне. Калі пазалетась кітайскія брэнды займалі 14% беларускага рынку, то цяпер – 55%.

Статыстыка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Скрыншот: belpresscenter / YouTube

У лідарах продажу – «Джылі» і «Лада», у топ-20 мадэлі гэтых двух брэндаў занялі 11 радкоў. «Адбываецца кардынальная змена структуры продажаў асацыяцыі. І, натуральна, замена адбываецца дзякуючы прыходу на рынак кітайскіх брэндаў», – сказаў прадстаўнік асацыяцыі «БАА».

Статыстыка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Скрыншот: belpresscenter / YouTube
Статыстыка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Скрыншот: belpresscenter / YouTube

Старшыня праўлення асацыяцыі «БАА» Сяргей Варывода на гэтай жа прэс-канферэнцыі назваў «надводнаю часткаю айсберга» продажы дылераў – чальцоў аб’яднання:

«Не ўсе аўтамабілі, што паступаюць каналамі паралельнага імпарту, адлюстраваныя ў статыстыцы. Я не думаю, што агулам для беларускага спажыўца звузілася прапанова на рынку».

Агляд
Ці ёсць у Беларусі 100-адсоткава свой аўтамабіль?
2023.10.01 09:23

Колькі агулам было імпартавана летась легкавікоў, ведае Белстат, але ведамства старанна хавае гэтую статыстыку. З гэтай прычыны таксама не вядома, колькі аўтаў рээкспартавалі ў Расею. Паводле Варыводы, доля легальнага імпарту афіцыйных дылераў ва ўсім імпарце легкавікоў – толькі 10%:

«Мы не ведаем дакладных лічбаў. Раней Белстат публікаваў дадзеныя пра сумесны імпарт легкавых аўтамабіляў у краіну. Аналіз гэтых дадзеных за многія гады дазваляе мне меркаваць, што сумесны імпарт у краіну новых і патрыманых легкавых аўтамабіляў усімі каналамі паставак склаў не менш за 100 тысячаў. За вылікам продажы аўтамабіляў мясцовай вытворчасці дылерскі імпарт склаў каля 7 тысячаў».

Дзмітрый Ярота растлумачыў, што паралельным імпартам займаюцца не толькі фізічныя асобы, але і юрыдычныя. Аднак кампаніі завозяць такім чынам няшмат:

«Паралельны ўвоз юрыдычнымі асобамі, што размытняюць аўтамабілі на сябе, мы ацэньваем у межах 5–10%, то бок нязначна. Колькі ўвезена наўпрост на фізасобаў, мы не бачым, гэта толькі «Белмытсэрвіс» можа дапамагчы са статыстыкаю, але лічба істотная, мы гэта адчуваем на нашых вуліцах і паводле таго, як квітнеюць кампаніі, што надаюць гэтыя паслугі».

Аналітыка
У абыход санкцыяў праз Еўропу? Як і чым Беларусь гандлюе з ЕЗ
2023.12.04 14:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў