Вярхоўны суд ліквідаваў апошнюю дэмакратычную партыю «Справядлівы свет»


Вярхоўны суд ліквідаваў апошнюю дэмакратычную Беларускую партыю левых «Справядлівы свет», паведамляе тэлеграм-канал «Позірк» са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Партыя левых «Справядлівы свет».
Фота: Наша Ніва

На думку чальцоў ліквідаванай партыі, з гэтага моманту ў Беларусі «больш няма партый» з «адрозным ад дзейнай улады поглядам на становішча спраў у краіне». У бліжэйшы час сябры «Справядлівага свету» зоймуцца стварэннем новай палітычнай партыі, якая будзе выступаць за «дэмакратычны і сацыялістычны шлях развіцця дзяржавы і грамадства».

У пачатку чэрвеня партыя падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу сябраў – з меркаванняў бяспекі, аднак 30 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ёй у гэтым адмовіў. 26 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць «Справядлівы свет».

Раней, 20 верасня, Вярхоўны Суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі перадапошняй апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Таксама ўлетку і ў пачатку восені былі пазбаўленыя рэгістрацыі 9 апазіцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў.

Нагадаем, што ў лютым 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае змены ўмоваў стварэння і дзейнасці палітычных партыяў. Цягам шасці месяцаў Мінюст мусіць правесці перарэгістрацыю партыяў. Тыя партыі, што не пройдуць яе, будуць ліквідаваныя рашэннем Вярхоўнага Суда. Раней перарэгістрацыю прайшлі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі. Сёлета таксама была зарэгістраваная новая партыя – «Белая Русь».

Каментар
Намеснік старшыні АГП Уладзімір Шанцаў: «Рэжым баіцца палітычнай канкурэнцыі»
2023.06.06 00:39

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў