Куды падацца беларускаму тэнісу?

Вайна ва Украіне працягваецца, і гэта робіць шанцы на ўдзел прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў у Алімпійскіх гульнях усё больш прывіднымі. Тым часам кіраўніцтва Беларускай тэніснай федэрацыі не збіраецца здавацца і мае намер ісці да канца ў прасоўванні сваіх мэтаў вярнуць зборныя Беларусі ў міжнародны каляндар ITF. Але, выглядае, што шанцы мінімальныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуска Вікторыя Азаранка на Адкрытым чэмпіянаце Катару па тэнісе сярод жанчын. 12 лютага 2024 года.
Фота: Paul Zimmer / imago sport / Forum

З апошніх тэнісных навінаў. Беларуска Вікторыя Азаранка дакрочыла да паўфіналу буйнога тэніснага турніру-«тысячніка» Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Маямі, зазнаўшы ўрэшце паразу ад суперніцы з Казахстану Алены Рыбакінай. Азаранка раней тройчы перамагала на гэтых спаборніцтвах (2009, 2011, 2016), але летась выбыла ў трэцім коле, не дайшоўшы нават да ⅛ фіналу.

Акурат такога ж узроўню не здолела пераадолець ужо сёлета лідарка беларускага тэнісу Арына Сабаленка. Яна прагуляла другі свой матч у Маямі сёлета. Падчас турніру адразу некалькі спецыялізаваных тэнісных сайтаў паведамілі, што ні Сабаленка, ні Азаранка не залучаныя ў спіс нейтральных атлетаў, якім дазволяць узяць удзел у парыжскай Алімпіядзе – 2024.

Праўда, хутка інфармацыю зняпраўдзілі, праз адсутнасць пацверджання ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Там заявілі, што «на гэты момант ніводны тэнісіст ці тэнісістка» не выключаныя з турніру. Паводле правілаў адбору на Гульні ў тэнісістаў у індывідуальныя – жаночую і мужчынскую – асноўныя сеткі трапляюць па 56 найлепшых спартоўцаў планеты паводле рэйтынгу на час заканчэння Адкрытага чэмпіянату Францыі (20 траўня – 9 чэрвеня). Але тэнісісты мусяць два запар гады перад гэтым выступаць за свае нацыянальныя зборныя ў неафіцыйных камандавых чэмпіянат свету (у жанчын гэта Кубак Білі Джын Кінг). Беларусь жа пакуль апошні раз брала ўдзел у гэтым турніры толькі ў 2021-м годзе. Але ёсць імавернасць, што Міжнародная тэнісная федэрацыя ў выпадку выключэння можа скасаваць гэтае правіла.

Два тыдні таму мэр Парыжу Ан Ідальго выказала спадзяванне, што ў выніку ўсім беларускім і расейскім спартоўцам забароняць не толькі прысутнічаць на афіцыйным адкрыцці Гульняў (гэта ўжо зацверджана), але і ўвогуле паказвацца ў Парыжы ў якасці ўдзельнікаў Алімпіяды.

«Мы не можам дзеяць так, быццам расейскага ўварвання ва Украіну не існавала. На маю думку, Пуцін – сапраўдны дыктатар, які пагражае ўсёй Еўропе і вядзе вайну супраць Украіны, пазбаўляючы права на існаванне як самога народу, гэтак і ў цэлым нацыі. На прадстаўнікоў Расеі і Беларусі будзе вельмі балюча глядзець нават пад нейтральным сцягам, бо мы ведаем, якую ўвагу надаюць таталітарныя ўлады гэтым спартоўцам».

Праўда, спадарыня Ідальго ўдакладніла, што выказвае толькі сваё меркаванне. Галоўнымі ў вырашэнні права ўдзелу беларускіх і расейскіх тэнісістаў у Алімпіядзе будуць Міжнародная тэнісная федэрацыя (ITF) і ўласна Міжнародны алімпійскі камітэт. Вайна ва Украіне нават не набліжаецца да заканчэння, і гэта робіць шанцы на ўдзел прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў у Гульнях усё больш прывіднымі.

У той жа час кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка, грамадзянін трох краінаў і больш вядомы як самы тытулаваны гандбаліст Беларусі ХХІ стагоддзя, не збіраецца здавацца без бою, маючы намер ісці да канца ў прасоўванні сваіх мэтаў вярнуць зборныя Беларусі ў міжнародны каляндар ITF. Падаваў нават скаргу на Міжнародную федэрацыю ў Спартовы арбітражны суд (CAS).

У апеляцыі кіраўнік беларускага тэнісу адразу ўзяў высокую ноту і пачаў наўпрост патрабаваць «поўнага ўзнаўлення Беларускай тэніснай федэрацыі ў ліку чальцоў федэрацыі міжнароднай, допуску да ўсіх афіцыйных імпрэзаў з правам выкарыстання дзяржаўнай сімволікі (!)».

Але і там прадказальна адфутболілі. Пакрыўдзіўшыся, Рутэнка патрабуе ад ITF кампенсацыі памерам ледзьве не € 1 000 000.

Пры гэтым Рутэнка ўпершыню назваў рэчы сваймі імёнамі, абурыўшыся тым, што тэнісным камандам краіны не дазваляюць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах і прымаць іх у сябе, спасылаючыся на суагрэсію Беларусі ў гэтак званай СВА.

Рутэнка сабраў нават адмысловую прэс-канферэнцыю ў пачатку сакавіка, каб паскардзіцца, што ўсе ягоныя высілкі ў вяртанні беларускіх тэнісных зборных у міжнародны каляндар не даюць ніякіх станоўчых вынікаў.

Беларуская тэнісная федэрацыя ініцыявала сустрэчу з медыямі, каб растлумачыць рашэнне для апеляцыі ў Спартовы арбітражны суд.
Фота: tennis.by

Але рэч у іншым. ITF яшчэ задоўга да пачатку вайны, увосень 2020 года, не дазволіла арганізоўваць турніраў на тэрыторыі нашай краіны. У тым ліку і юніёрскія. Тлумачылі гэта тым, што на фоне трагічных прэзідэнцкіх выбараў агульная абстаноўка ў Беларусі небяспечная для замежных тэнісістаў.

Беларусам ясна далі зразумець, што чалецтва прадстаўнікоў БТФ і Федэрацыі тэнісу Расеі ў складзе Міжнароднай тэніснай федэрацыі сур’ёзна шкодзіць міжнароднаму статусу гэтага папулярнага віду спорту.

Прыпыненне ўдзелу федэрацыяў Беларусі і Расеі ратыфікавалі 6 траўня 2022 года на пазачарговай генеральнай канферэнцыі ITF. У тым ліку адбылося выключэнне з усіх адукацыйных праграмаў, звязаных з падтрыманнем спартоўцаў.

Трэба нагадаць, што яшчэ за два тыдні да таго дня, 21 красавіка 2022 года, апублікавалі супольны ліст тэнісных федэрацыяў Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі і Фінляндыі, у якім яны адназначна падтрымалі пазіцыю, якую занялі LTA (Тэнісная федэрацыя Вялікай Брытаніі) і AELTC (Усеанглійскі клуб лаўн-тэнісу і крыкету) у дачыненні гульцоў з Расеі і Беларусі, што мелі намер браць удзел у спаборніцтвах на тэрыторыі Вялікай Брытаніі.

Было зазначана: «У гэты выключны час тэніс мусіць зрабіць усё магчымае, каб разам з народам Украіны супрацьстаяць варожасці расейскай і беларускай дзяржаваў… Неабходна зрабіць жорсткія захады, каб пакласці канец гэтай бессэнсоўнай вайне!»

Канчатковае рашэнне CAS агучылі 9 лютага 2024 года пасля сямі пераносаў разгляду.

«Усе довады альбо адхіленыя, альбо праігнараваныя наагул», – жаліцца Рутэнка. Адзінае, што ўдалося Беларускай тэніснай федэрацыі, дык гэта тое, што справу разгледзелі ў CAS практычна без выдаткаў (за выключэннем канцылярскага збору) і затрачаную на разбор суму вернуць БТФ. Але Беларуская тэнісная федэрацыя мусіць аддаць ITF $ 10 000 на пакрыццё іншых расходаў, прыцягнутых у хадзе арбітражнага працэсу.

Рутэнка і тут працягнуў песціць марную надзею на нейкую кампенсацыю. Не ведаю, ці складалася якая падрабязная калькуляцыя ўсіх затратаў, але кіраўнік БТФ адзначыў, што сума недаатрыманых сродкаў за два гады набліжаецца да мільёна еўра. Сюды ўваходзіць і прыкладная агульная сума прызавых грошай, якія меркаваліся для беларускіх камандаў, але так і не былі заробленыя праз няўдзел у турнірах, плюс расходы былі павялічаныя праз тое, што краіна не можа арганізоўваць у сябе турніраў. Дадаліся і затраты на камандзіраванні.

У якасці аргументу абралі фразу, што Беларусь зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё сусветнага тэнісу. Але ў адказ – беспрасветная цішыня. Пры гэтым кіраўнік БТФ заявіў «Беларусь 5», што не збіраецца прыпыняцца.

Дырэктар міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці (BSSF) Анатоль Котаў не думае, што ў стасунках Рутэнкі з міжнароднымі федэрацыямі і арганізацыямі ў яго ўвогуле няма шанцаў. Але яны мінімальныя.

«Адзінае, чаго можна дамагчыся такой упартасцю, – гэта паказаць сваю экстрэмальную лаяльнасць уладам Беларусі, што можа быць заўважана і заахвочана. А на міжнародным узроўні сітуацыя прыблізна такая ж, як з Міжнародным алімпійскім камітэтам. Для вас, маўляў, і так зрабілі больш, чымся вы заслугоўваеце, але вы ўсё роўна даказваеце, што не варта было рабіць нават гэтага».

Зыходзячы з усяго сказанага, спадар Котаў мяркуе, што «ніхто не робіць больш дзеля таго, каб дабіць рэшткі рэпутацыі беларускага тэнісу і яго перспектываў на міжнародным узроўні, чымся самая нацыянальная федэрацыя».

Сапраўды выглядае так, што высілкі старшыні федэрацыі толькі ўзмацняюць перасцярогу таго, што на кортах Алімпіяды-2024 у Парыжы ўпершыню ў гісторыі незалежнай краіны не згуляе ніводны прадстаўнік Беларусі.

Hавiны
Без сцягу, гімну і параду. У МАК распавялі, як Беларусь і РФ выступяць на Алімпіядзе
2024.03.19 21:25

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў