By_Help – ініцыятыва, што больш за 2 гады ратуе беларусаў. Ад стварэння ў бары – да тысяч падтрыманых


Збольшага пра By_Help людзі даведаліся ў 2020 годзе, калі ініцыятыва дапамагала людзям, збітым сілавікамі, пакрыць медычныя выдаткі на лекаванне, а рэпрэсаваным – аплаціць штрафы. Не ўсе ведаюць, што гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 2017-м, калі ў Аляксея Лявончыка і ягоных калегаў атрымаўся першы ў Беларусі паспяховы палітычны фандрэйзінг – збор на пакрыццё штрафаў затрыманым.

Аляксей Лявончык. Варшава, Польшча. 16 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Да 2017 года быў доўгі перапынак у рэпрэсіях, потым пачалі зноў масава арыштоўваць людзей перад Днём Волі. І Андрэй Стрыжак (сузаснавальнік «BYSOL») піша мне: давай зробім збор. Мы да гэтага рабілі збор для ўкраінскіх шпіталёў, але ў нашай краіне ніколі не было паспяховых кейсаў палітычных фандрэйзараў. Мне стала так пагана ад таго, што ў Беларусі адбываецца, пайшоў на прагулку, ліў лонданскі дождж, я зайшоў у бар і напісаў пост у Facebook», – узгадвае Аляксей Лявончык.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Гэта Аляксей і лічыць пачаткам існавання ініцыятывы, бо праз 3 гадзіны з бару ён выйшаў ужо з 8 тысячамі долараў данатаў ад людзей з розных краінаў і з самой Беларусі – яны самарганізаваліся. Наступным днём ахвяраванняў было ўжо на 25 тысяч, што агаломшыла арганізатараў збору.

«На наступны дзень мы збіраемся і чухаем галаву – што рабіць? Вырашаем, што варта аформіць ініцыятыву, назвалі яе By_Help, а верыфікацыю пацярпелых аддалі «Вясне», бо ў іх была база, а ў нас тады нічога не было. У выніку мы сабралі тады каля 50 тысяч еўраў», – распавядае наш суразмоўца.

Гэтага хапіла, каб пакрыць штрафы затрыманым напярэдадні Дня Волі, а потым у ініцыятыву пачалі звяртацца людзі, якіх затрымлівалі і штрафавалі пазней.

«Калі мы вычарпалі нашыя рэсурсы, пачаліся нараканні. Тады мы шчыра заявілі, што раздалі ўсе грошы, якія сабралі. І кампанія заглухла. У нас ніколі не было інтэнцыі рабіць яе пастаяннай. Мы тады лічылі, што сабраць столькі грошай – гэта чыстая ўдача. Аднавілі ініцыятыву ў 2019 годзе, калі была «справа БелТА» і тады сілавікі прыйшлі ў шмат якія СМІ ды пазабіралі тэхніку. Тут мы ўжо вырашылі аднавіць By_Help і зладзіць нішавы збор. Атрымалася сабраць каля 10 тысяч, што таксама стала самым вялікім фандрэйзінгам на падтрыманне беларускіх медыяў. Далей усё зноў заціхла, але потым пачаўся 2020 год і ўсё запрацавала ў зусім іншых памерах, бо зноў пачаліся арышты. Перазапусціліся мы недзе каля 25 чэрвеня», – працягвае Аляксей.

Аб’ектыў
Новыя абвінавачванні ў справе БелТА
2018.11.06 21:52

За першы дзень кампанія набрала каля 70 тысяч еўраў, да выбараў у жніўні назбіралася 200 тысяч. Выплаты праходзілі паралельна са зборам, верыфікацыяй займаліся ў «Вясне», але яшчэ да выбараў затрыманых стала так шмат, што праваабаронцы ўжо не давалі рады самастойна. І By_Help увёў сваю сістэму верыфікацыі і выплатаў. Да выбараў ва ініцыятыву звярнулася каля 300 асобаў.

«Потым здарыўся дзень выбараў і blackout, праз пару дзён мы сабраліся і вырашылі, што варта дадаваць яшчэ дапамогу параненым, якія пацярпелі ад катаванняў. Гэта быў моцны ўсплёск, калі мы напісалі пост, што дадаём да дапамогі арыштаваным і аштрафаваным яшчэ і дапамогу параненым – тады за дзень мы атрымалі каля мільёна фунтаў. Для параўнання – на сёння агульны кошт кампаніі перавысіў 5 мільёнаў долараў», – падкрэсліў Лявончык.

Ён адзначыў, што за гэты час ініцыятыву падтрымлівалі не толькі дыяспары і людзі ў Беларусі, але і іншыя кампаніі. Так, літоўскае тэлебачанне LRT праз кампанію «Go, Belarus» сабрала 250 тысяч еўраў.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Кампанія «Libereco» праз свае фандрэйзы сабрала каля 100 тысяч, расейскі мастак прадаў сваю карціну і пералічыў нам грошы, праводзілі канцэрты, збіралі грошы на акцыях, – тады ўключылася вельмі шмат людзей. Мы тады не рэгістравалі фонд, бо думалі, што зноў збяром грошы, раздамо іх і сыдзем у захад. Ніхто не думаў, што гэта зацягнецца так на доўга і прыйдзецца перайначваць усю сваю дзейнасць», – прызнаецца Лявончык.

Спачатку грошы пацярпелым пераводзіліся наўпрост на банкаўскія рахункі, але ў лістападзе 2020 года лукашэнкаўскія ўлады прыдумалі замарозіць і нават забіраць грошы. Тады давялося прыдумаць новы шлях перадачы – гатоўкай, крыптай ці на замежныя рахункі беларусаў.

«Ёсць людзі, якім трэба вывесці грошы з Беларусі, мне трэба іх завезці. Таму мы прыдумалі схему, калі грошы мяжы не мінаюць», – падзяліўся Лявончык.

З 2020 года да цяперашняга часу з перыядычнасцю раз на тры-чатыры месяцы ў By_Help прыходзяць прэтэнзіі аб непразрыстасці ініцыятывы. Аляксей Лявончык перакананы, што чалавек мусіць спачатку ўкласці грошы, а потым патрабаваць справаздачу па іх:

«Да нас звярталася група з Канады, там людзі заявілі, што мы мусім прайсці іхны аўдыт, іначай яны забароняць усім дыяспарам свету нам данаціць. Ну гэта смешна. Літоўскаму каналу, таму мастаку і іншым донарам мы рыхтуем справаздачы, на што пайшлі іхныя сродкі. Агулам нам заданацілі недзе 80 тысяч асобаў, усе разам яны не прыйдуць, але калі склікаюць нейкі сход, абяруць групу, прадстаўнічы камітэт – то мы будзем з імі працаваць. Мы зрабілі выплаты больш чым 18 тысячам асобаў, і мы працуем з кожнай скаргай, калі грошы не дайшлі. Збольшага заявы ў інтэрнэце, што By_Help кагось кінуў, рабілі махляры. Бывалі спробы махлярства і з выплатамі, калі нам дасылалі дыпфэйкі, накладвалі іншы твар на свой. Каб гэта выкрыць, мы прасілі зрабіць відэатэлефанаванне. Так, былі такія выпадкі, калі махляры намагаліся атрымаць грошы за чужыя катаванні».

Hавiны
46-ы дзень пратэстаў. Таемная інаўгурацыя, мітынгі, слезацечны газ і затрыманні
2020.09.24 00:15

Цяпер By_Help займаецца сваёй базавай функцыяй – дапамогай з выплатай штрафаў. Хаця затрыманняў стала меней, чым у 2020 годзе, штрафы паводле прысудаў выраслі ў разы. Акрамя таго, ініцыятыва запусціла праграму рэабілітацыі палітычных зняволеных. Разам з «BYSOL» функцыянавала праграма вывазу пацярпелых ад рэпрэсіяў з Беларусі – цяпер гэты кірунак пастаўлены на паўзу праз вайну ва Украіне, але ідзе пошук новых шляхоў.

Праз тое, што фокус грамадскай увагі пераключыўся на ўкраінскія падзеі, збіраць грошы на беларускія стала значна цяжэй, але ініцыятыве By_Help працягваюць дапамагаць беларускія дыяспары, раней напрацаваныя кантакты і донары.

Валанцёры By_Help

У пік рэпрэсіяў ініцыятыва атрымлівала да 1000 заявак за тыдзень. З такой вялікай колькасцю пацярпелых працавалі 127 валанцёраў. Цяпер у сталай супрацы з By_Help засталіся 30 асобаў. Мы пагутарылі са спадарыняй, якая з пачатку новай хвалі рэпрэсіяў працягвае валанцёрыць на праекце.

На ІЧУ і ЦІП Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Паліна далучылася да By_Help у жніўні 2020 года. Яна прызнаецца, што ў тыя часы моцна пакутавала ад пачуцця віны ацалелай:

«Я данаціла, але мне падавалася, што гэтага мала, што я адкупляюся і трэба нешта большае зрабіць. Пабачыла пост Аляксея, што шукаюць валанцёраў і са жніўня 2020  я ў By_Help. Гэта была адна з галоўных прычынаў, чаму я мусіла пакінуць Беларусь, бо на нас пачалі паляваць недзе ў лістападзе 2020 года».

Яна распавяла, што свае цяжкасці былі на кожным этапе працы:

«Да канца кастрычніка 2020 года складанай была колькасць заявак: кожны надзельны марш – гэта 700 заявак. Было шмат валанцёраў і шмат данатаў, але ўсё адно не хапала рук. Персанальна для мяне было вельмі цяжка камунікаваць з параненымі. Я не псіхолаг паводле адукацыі і мне падавалася, што пасля таго, які жах прайшлі людзі, гэтая камунікацыя была – нібы дакранацца да чалавека з абадранай скурай. Мне было страшна, няёмка. Як размаўляць? Мы мусім папрасіць у яго нейкія доказы, дакументы, фотаздымкі, гісторыю, каб не дапусціць махлярства. Мне падавалася, што праз гэта чалавек ізноў будзе перажываць увесь гэты жах. Вельмі дапамагаў псіхолаг, які з намі працаваў на тэму выгарання, таксама ён распавядаў,  як нам паводзіцца з рознымі тыпамі пацярпелых. Псіхолаг тлумачыў, што калі чалавек ужо звярнуўся па дапамогу, то гэта значыць, што ён больш-менш гатовы да дыялогу».

Першыя затрыманыя падчас мірных пратэстаў пачынаюць выходзць з ЦІП на Акрэсціна. Паводле афіцыйных дадзеных, усяго падчас мірных пікетаў было затрымана каля 6 тыс. асобаў. Валанцёры склалі спіс тых, пра каго яны змаглі даведацца. У спісе на момант публікацыі здымкаў было болей за 2,5 тыс. асобаў. Валанцёры просяць людзей пад’язджаць на машынах, каб развезці людзей па дамах. Затрыманыя выходзяць без дакументаў, тэлефонаў, грошаў. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

By_Help займаўся толькі грашовымі выплатамі, але з пачатку рэпрэсіяў працавалі ў звязцы з іншымі ініцыятывамі, шукалі для пацярпелых псіхалагічную, юрыдычную, медычную і харчовую дапамогу. Праз гэтую супрацу атрымлівалася і адсачыць махляроў, якія падаваліся ў розныя кампаніі па некалькі разоў.

Hавiны
Лукашэнка пра пацярпелых падчас пратэстаў: «Упэўнены, да лета разбяромся з усімі скаргамі»
2021.01.29 17:20

Спачатку да штрафаў людзі ставіліся без асаблівых хваляванняў, бо думалі, што гэта хутка скончыцца. У лістападзе Паліна пабачыла змену настрояў – стамляліся і ўдзельнікі пратэстаў, і валанцёры:

«Нашая каманда стала памяншацца, бо некаторыя выгаралі. Я таксама выгарала, адыходзіла аддыхацца на тыдзень і вярталася. Я не магла і не магу гэта кінуць, пакуль мэта не дасягнутая. А людзі разлічвалі на спрынт, соднямі валанцёрылі. Не дзіва, што праз два-тры месяцы яны ўжо не маглі фізічна працаваць, але ўнёсак іхны быў проста шалёны на той час. На жаль, яны ішлі ад нас, бо запал мінаў, а сітуацыя лепшай не рабілася. Гэта было складана да лета 2021-га, пакуль мы ўвайшлі ў нейкі рытм з алгарытмамі працы, бяспекі і стабільнай камандай».

Абагульняючы свой досвед працы, Паліна кажа, што ганарыцца беларусамі, іхнай мужнасцю і стойкасцю. З некаторымі падтрымлівае сувязь не адзін год. У By_Help валанцёры праз бяспеку не называюць уласных імёнаў і не паказваюць твараў, але маюць такі давер аплікантаў, што тыя звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі і часам хочуць проста пагаварыць.

Гісторыі людзей, якія звярнуліся па дапамогу

Мы знайшлі дваіх асобаў, што звярнуліся па дапамогу By_Help, і распыталі пра іхны досвед. Імёны змененыя ў мэтах бяспекі, бо некаторыя засталіся ў Беларусі.

Вольгу затрымлівалі на маршах і двойчы каралі штрафамі. Першы раз яна аплаціла штраф самастойна, другі раз – папрасіла дапамогі ў By_Help.

«Калі шчыра, было няёмка пісаць і прасіць. Увесь час пульсавала ў галаве думка, што багата каму горш, чым мне. Першы штраф мы самі плацілі. Тады падавалася, што гэта вось-вось скончыцца. Калі быў другі прысуд, ужо быў зняволены мой брат і некалькі сяброў, таму хацелася іх падтрымаць, а яшчэ адзін штраф стаў для мяне сур’ёзным цяжарам», – узгадвае Вольга.

Марш герояў
У сталіцы прайшоў Марш герояў. Марш стаў ужо пятай запар акцыяй, якія штонядзелю збіраюць толькі ў Менску да 200 тысяч беларусаў. Паводле звестак МУС, на стан 19:00 у Менску затрымалі больш за 400 чалавек. Нягледзячы на затрыманні, была святочная атмасфера, якая панавала і на папярэдніх маршах. Менск, Беларусь. 13 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Яна адзначыла, што ў тыя часы ведаць, што ёсць падтрымка нейкіх невядомых людзей, было вельмі істотна:

«Гэта нібыта анёлы, што цябе берагуць. Я ведала, што гэтыя грошы – данаты, і было так цёпла ўнутры, што невядомыя мне беларусы з іншых краінаў паклапаціліся пра мяне. Так, спачатку я сплаціла штраф, а грошы мне прыйшлі ўжо пазней. Хацелася як мага хутчэй разабрацца з усім гэтым і не ўзгадваць».

Віталя падчас пратэстаў моцна збілі спачатку на вуліцы, а потым у аўтазаку і РАУСе, адкуль ён трапіў у больніцу.

Сілавікі збіваюць мірных беларусаў.
Фота: Human Rights Watch

«Не ведаю, ці можна так сказаць, але мне пашчасціла. Было так шмат параненых, што на мяне проста забыліся і таму ў мяне атрымалася ўцячы. Разбірацца з дакументамі ў больніцы тады мне і ў галаву не прыйшло, радаваўся, што ацалеў. Таму былі сумневы, ці дапаможа мне By_Help. Але так, дапамаглі», – распавёў Віталій.

Яму дыягнаставалі пералом рабрыны, ЧМТ і шматлікія гематомы. Спадар лекаваўся ў прыватнай клініцы, бо звяртацца ў дзяржаўную яму падавалася небяспечным.

Паводле апошняй справаздачы, By_Help размеркаваў пацярпелым $ 5 058 000. Праз паспяховы досвед By_Help потым паводле такога ж прынцыпу арганізаваліся ўласна сам «BYSOL» і нішавыя фонды спартовай, медычнай, культурнай салідарнасці ды іншыя.

Марыя Грыц belsat.eu

Стужка навінаў