Ці ёсць у Беларусі 100-адсоткава свой аўтамабіль?


У Беларусі неаднаразова і з розным поспехам спрабавалі разгарнуць вытворчасць уласных легкавікоў, але справа далей так званай адвёрткаваў зборкі не рухалася. І вось нядаўна Лукашэнка зноў загаварыў аб тым, што ў нас будзе выпускацца «стоадсоткава беларускі» аўтамабіль. Паглядзелі, пра што гаворка. 

Вытворчасць «Geely Atlas» на заводзе «БелДжы».
Фота: китайские-автомобили.рф

Свой на 100 %

Заяву аб тым, што Беларусь збіраецца выпускаць 100-адсоткава беларускі аўтамабіль, Аляксандр Лукашэнка зрабіў у жніўні гэтага года. Падчас наведвання Нацыянальнага аэрапорту ён сказаў, што існуе адмысловая дамоўленасць паміж Беларуссю і Кітаем «аб ліцэнзійнай вытворчасці сваіх аўтамабіляў».

«Вызначылі, па-мойму, два брэнды. Таму ў нас будзе свой беларускі аўтамабіль. Калі мы ўжо за гэта зачапіліся, то мы дойдзем да вытворчасці ўласнага абсалютна, амаль 100%-га аўтамабіля беларускага. Якаснага аўтамабіля», – падкрэсліў Лукашэнка.

Калі пад першым, хутчэй за ўсё, меўся на ўвазе брэнд Geely, які ўвайшоў на рынак Беларусі ў 2011 годзе і за гэты час паспеў дасягнуць немалых поспехаў, то адносна другога ўзніклі пытанні.

У якасці асноўнай версіі разглядаўся прыход кітайскага «Hongqi». Гэта суббрэнд «FAW», які яшчэ называюць кітайскім «Rolls-Royce», бо ён займаўся выпускам лімузінаў для лідараў кампартыі Кітая. Тым не менш у апошнія пяць гадоў «Hongqi» пераключыўся на больш даступныя мадэлі: як з рухавікамі ўнутранага згарання, так і электрамабілі.

Кітайскі аўтамабіль «Hongqi HS5».
Фота: Wikipedia

Неўзабаве з’явілася і пацвярджэнне: са словаў, першага намесніка міністра прамысловасці Аляксандра Агароднікава, вытворчасць аўтамабіляў «Hongqi» будзе весціся «сумесна з кітайскімі партнёрамі» на прадпрыемстве «Юнісон» (завод у вёсцы Абчак, што ў 10 кіламетрах ад Менска). Мадэль, якая будзе збірацца тут, – гэта красоверы бізнес-класа HS5. Агароднікаў адзначыў, што першыя 36 машынакамплектаў ужо былі дастаўленыя на завод. У планах – да канца 2023-га наблізіцца да планкі ў адну тысячу сабраных аўтамабіляў.

Асабліва чыноўнікі падкрэслівалі, што «Hongqi» – не канкурэнт для аўтамабіляў, якія вырабляюцца на заводзе «БелДжы»: «Гэтыя красоверы больш дарагія і адносяцца да бізнес-класа», – адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык.

Стала вядома і цана мадэлі: у новым дылерскім цэнтры, які з 14 верасня адкрыўся ў Менску, яна даходзіць да 53 тысячаў долараў. Верагодна, машыны беларускай зборкі будуць каштаваць танней, але ў лепшым выпадку на 10 %.

Першы брэнд

Што ж датычыцца брэнда №1, то кітайскі «Geely» стаў такім не толькі па парадку, але і па статусе.

Сёння ў мадэльным радзе «Geely» маюцца аўто на розны кашалёк: тут і бюджэтныя седаны «Emgrand», кошт якіх складае каля 50 тысячаў рублёў, і папулярныя «Coolray» (ад 62 тысяч) ці «Geely Atlas Pro» (каля 74 тысячаў), а таксама прэміяльныя «Monjaro» (142 тысячы рублёў). Дарэчы, менавіта апошняя мадэль усё ж афіцыйна лічыцца канкурэнтам «Hongqi HS5».

Як адзначае генеральны дырэктар ЗАО «БелДжы» Генадзь Свідзерскі, «пакупнікі паверылі ў брэнд». Не апошнюю ролю тут адыграла распрацаваная крэдытная праграма.

Аўтамабіль «Geely Atlas Pro». Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: geely.by

Так, яшчэ ў лістападзе 2017-га, калі з канвеера адмыслова пабудаванага пад Бабруйскам завода сыходзіў першы серыйны аўтамабіль «Geely Atlas NL3», Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра меры падтрымкі, якія павінны быў выпрацаваць урад, каб прадаваць 60 тысячаў аўтамабіляў на ўнутраным і знешнім рынках.

Пасля гэтага адразу тры беларускія банкі прапанавалі даволі цікавыя ўмовы крэдытавання: мінімальны першапачатковы ўнёсак – 10 або 25 % ад кошту аўто, тэрмін крэдытавання – да 7 гадоў, і ў першыя 2–3 гады стаўка па крэдыце складала ўсяго 1,9 %. Хоць пры гэтым трэба адзначыць, што «Geely» былі не самымі бюджэтнымі аўтамабілямі (так, напрыклад, у канцы 2018 – пачатку 2019 года кошт мадэлі «Geely Atlas» у залежнасці ад камплектацыі вагаўся ад 39 тысячаў да 56 тысячаў беларускіх рублёў, або ад 18 да 26 тысячаў долараў). Адметна, што ўмовы крэдытнай праграмы распаўсюджваліся і на іншыя мадэлі «Geely».

Наколькі «беларускі аўтамабіль» беларускі

Цікава, што згодна з выразам колішняга памочніка Лукашэнкі па эканоміцы Кірыла Рудога, завод «БелДжы» атрымаў статус лакалізаванай вытворчасці «авансам»: гэта адбылося пасля асабістага абяцання Аляксандра Лукашэнкі, што лакалізацыя беларускага аўтамабіля будзе даведзеная 30 % да 2017 года.

Справа ў тым, што згодна з патрабаваннямі ЕАЭС да 2015 года лакалізаваным лічыўся аўтамабіль, у якім 30 % дэталяў было мясцовай вытворчасці. А з 1 ліпеня 2018 года умовы сталі яшчэ больш жорсткімі: узровень лакалізацыі вытворчасці транспартных сродкаў павінны быў складаць не менш за 50 %. Згодна з рашэннем Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета аўтамабілі, у якіх ступень лакалізацыі была меншай за 50 %, на рынак ЕАЭС не дапускаліся.

Беларускія ўлады вельмі спяшаліся вырашыць гэтую праблему. І калі яшчэ ў траўні 2018 года кіраўнік завода «БелДжы» Генадзь Свідзерскі адзначаў, што лакалізацыя беларускага аўтамабіля складае каля 30 % (сюды адносіліся зварка, пафарбоўка, а таксама вытворчасць некаторых дэталяў па поўным тэхналагічным цыкле), то ўжо ў верасні 2018 года ён адрапартаваў, што гэты адсотак даведзены да 50.  Усяго за чатыры месяцы ўдалося павысіць ступень лакалізацыі ажно на 20 %.

Вось яна, папулярнасць

Як бы там ні было, шляхі на рынкі за межамі Беларусі былі адкрытымі, і справы ішлі ўгору. Так, ужо ў 2019 годзе было прададзена 20 150 аўтамабіляў, а з пачатку запуску завода да сярэдзіны 2020-га – больш за 36 тысячаў машын, 20,5 тысячаў з якіх паехалі ў Расею.

Значныя карэктывы на рынку новых аўто ўнесла расейская агрэсія супраць Украіны. Звязаныя з гэтым санкцыі сур’ёзным чынам паўплывалі на развіццё расейскага і (трохі ў меншай ступені) беларускага аўтамабільнага рынку. Перажыўшы першапачатковую разгубленасць у 2022 годзе, недзе з вясны 2023-га аўтарынак пачаў аджываць… і гэта стала зорным часам для кітайскіх аўтамабіляў, якія пачалі прыходзіць на месца вядомых замежных брэндаў. «Geely» крочыў паперадзе ўсіх.

Варта адзначыць, што і раней «Geely» ўваходзіў у тройку найбольш прадаваных марак у Беларусі, але з сярэдзіны 2023 года заняў пачэснае першае месца у топе. За 8 месяцаў 2023 года былі прададзеныя 8770 «Geely», што складае 75 % долі рынку. Атрымліваецца, што чатыры з пяці аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Беларусі, – гэта Geely.

На фоне росту папулярнасці завод «БелДжы» вырашыў, што прыйшоў час выпускаць аўтамабілі пад уласным брэндам. Першай мадэллю, якая сышла з канвеера ў ліпені 2023-га, стала «BelGee X50».

«БелДжы» выпусціла першы аўтамабіль пад уласным брэндам.
Фота: belgeelife / Telegram

Як адзначыў Генадзь Свідзерскі, «гэта наступны ўзровень узаемадзеяння з кампаніяй «Geely». Паводле ягоных словаў, аўтамабіль пад уласным брэндам дае больш магчымасцяў, бо «мы можам рэгуляваць самастойна ўсе працэсы і дыктаваць на ўсіх рынках умовы продажу».

Праўда, як аказалася на самой справе, уласным аўтамабілем быў усё той жа хіт продажаў – «Geely CoolRay», толькі са змененай назвай і лагатыпам. У будучыні плануецца, што пад маркай «BelGee» будуць выпускацца таксама такія мадэлі, як «Geely Atlas» і «Geely Emgrand».

Такім чынам, выходзіць, што «стоадсоткава беларускі» аўтамабіль, пра які заяўляў Лукашэнка, гэта не што іншае, як ліцэнзаваная копія кітайскай мадэлі.

Вытворчасць легкавых аўто ў Беларусі: калі ўсё пачалося?

Спробы наладзіць у краіне выпуск легкавых аўтамабіляў былі і раней.

Адным з першых прадпрыемстваў, якое занялося зборкай легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі незалежнай Беларусі, стала «Форд Юніан», заснаванае ў 1996 годзе. З ліпеня 1997-га на заводзе выпускаліся мадэлі «Ford Escort» и «Ford Transit». На адкрыццё прадпрыемства прыязджаў сам Аляксандр Лукашэнка, які асабіста пратэсціраваў «Форды» беларускай зборкі. Але прапрацаваў завод нядоўга, усяго 3 гады. Да моманту закрыцця ў 2000 годзе тут было выпушчана 3660 машын, большая палова з якіх пайшла на экспарт у Расею.

У тым жа 2000-м на базе «Форд Юніан» было арганізаванае беларуска-брытанскае прадпрыемства «Юнісон» з магчымасцямі выпуску да 25 тысячаў аўтамабіляў у год. Тут была наладжаная зборка найбольш разнастайнай «палітры» аўтамабільных брэндаў – ад «Пежо» да «Кадылакаў». Менавіта тут у 2023-м будуць збірацца кітайскія «Hongqi HS5».

Пачынала прадпрыемства з выпуску мікрааўтобусаў «Lublin». Пазней сыходзілі з яго канвеера мадэлі такіх марак, як кітайская «Zotye» (мадэлі Z300, T600 2.0, T600 1.5), французскія «Peugeot» («Partner», 301, 508, 3008) і «Citroen» («C-Elysee», «Berlingo», DS4). Збіраліся тут і брэнды канцэрна «GM»: «Cadillac» («Escalade», XT5) и «Chevrolet» («Tahoe»). Асноўным рынкам збыту для іх была Расея, хаця частка ішла на задавальненне патрэбаў уласнага рынку.

У 2016 годзе на заводзе заяўлялі аб тым, што здольныя выпускаць да 20 тысячаў аўтамабіляў за год, тым не менш у 2015-м «Юнісон» быў загружаны толькі на траціну і выпусціў усяго 7 тысячаў машын.

Асобна варта сказаць пра выпуск на «Юнісоне» іранскіх аўтамабіляў «Samand». У 2006 годзе прадпрыемства падпісала пагадненне з іранскай кампаніяй «Іран-Хадро» на выпуск легкавых аўтамабіляў.

Аўтамабіль «Samand».
Фота: moto.pl

З таго ж году ў Беларусі пачалася зборка іранскага «Samand», зробленага на базе «Peugeot 405» (французскі аўто, які выпускаўся ў Еўропе з 1987 по 1997 год), кузаў і камплектуючыя для якога вырабляліся ў Іране.

Планы на старце былі амбіцыйныя: са жніўня да канца 2006 года на заводзе меліся сабраць каля 800 аўтамабіляў, у 2007-м – выйсці на аб’ёмы каля 6 тысячаў, а да 2014 года выпускаць ужо 60 тысячаў машын у год.

Праўда, на фоне досыць амбіцыйных планаў асабліва цікава выглядалі заявы дырэктара «Юнісона» Дзмітрыя Ягорава, які ўжо тады адзначаў: «гэты аўтамабіль нельга назваць апошнім словам тэхнікі», хоць па сваіх характарыстыках ён адпавядаў «сённяшняму спажывецкаму попыту». У тым жа, што іранская кампанія не адаптавала аўтамабіль да беларускіх умоваў надвор’я, Дзмітрый Ягораў не бачыў вялікіх праблем: бо на аўто давалася 2-гадовая гарантыя.

Разлік у першую чаргу рабіўся на таксістаў і замовы з боку дзяржаўных структур. Быў нават падпісаны адмысловы кантракт з адным з менскіх аўтапаркаў. Але нешта пайшло не так. Усяго з 2007 па 2013 год з канвеера ў Абчаку сышло 2 тысячы «Самандаў». У 2013-м годзе іранцы вырашылі развітацца з праектам.

Кітайскі брат

Калі было зразумела, што з іранскімі аўтамабілямі справа не пайшла, погляды беларускіх уладаў былі звернутыя на кітайскі аўтапрам.

У 2011 годзе на арандаванай плошчы Барысаўскага завода «Аўтагідраўзмацняльнік» было створана беларуска-кітайскае прадпрыемства «БелДжы».

«Geely SC7».
Фота: av.by

На прадпрыемстве правялі рэканструкцыю і пачалі выпускаць першае аўто – седан «Geely SC7», з кастрычніка 2013-га тут пачалася зборка красовера «Geely Emgrand X7». Усяго за 2013 год было выпушчана каля 2,5 тысячаў аўтамабіляў.

У траўні 2014-га на завод прыехаў Аляксандр Лукашэнка, ён асабіста пракаціўся на мадэлях «Geely SC7» (седан), «Geely LC Cross» (кампактны хэтчбэк), «Geely EX7» (кампактны красовер) і застаўся задаволеным імі. «Добрая машына, можна браць», – сказаў ён пасля тэст-драйва.

Менавіта тады ён назваў «Geely» «народным» аўтамабілем і адзначыў, што ўрад падумае пра сістэму стымулявання патэнцыйнага спажыўца, а таксама выказаўся пра магчымасць распрацоўкі сістэмы крэдытавання.

У 2015 годзе было распачатае будаўніцтва завода па вытворчасці аўтамабіляў «Geely». Новае прадпрыемства размясцілася на плошчы 188 гектараў паміж Барысавам і Жодзіна. Менавіта тут зараз выпускаюцца мадэлі аўтамабіляў, за якімі беларусы гатовыя стаяць у чарзе па чатыры-пяць месяцаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў