Беларускія патрыёты рассакрэцілі парадак транспартавання ядравай зброі з Расеі ў Беларусь


«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» апублікавала раследаванне таго, якім чынам Расея дастаўляе тактычную ядравую зброю ў Беларусь. Чыгуначнікі назвалі маршруты, станцыі загрузкі і выгрузкі, а таксама пункты размеркавання зброі. Большасць дарог вядзе на малапрыкметную станцыю «Прудок».

Пасажырскі будынак станцыі «Прудок» Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Фота: railwayz.info

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі высветліла, як ядравая зброя і спадарожнае абсталявання трапляе на станцыі Беларускай чыгункі з Расеі. Гэта зроблена на падставе аналізу перавозачных дакументаў і ўзаемаабмену чыгуначных адміністрацыяў Беларусі і Расеі запытамі аб колькасці вагонаў, іх тыпе, станцыях адпраўлення і прыбыцця, кодах грузаў.

Прадугледжваецца некалькі этапаў транспартавання расейскай ядравай зброі ў Беларусь. На першым этапе, які абмежаваны чэрвенем 2023 года, са станцыяў Расейскай чыгункі (РЧ) на станцыю «Прудок» (Віцебскае аддзяленне БЧ) запланаваныя тры адпраўкі грузаў, пазначаных як «боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў»:

  • са станцыі «Патаніна» (Паўднёва-Уральская чыгунка) – 4 крытыя вагоны спецыяльнага цягніка, 1 вагон суправаджэння;
  • са станцыі «Лажок» (Заходне-Сібірская чыгунка) – 2 крытыя вагоны спецыяльнага цягніка, 1 вагон суправаджэння;
  • са станцыі «Чабаксары» (Горкаўская чыгунка) – 10 крытых вагонаў спецыяльнага цягніка, 1 вагон суправаджэння.

Другі этап дастаўкі ядравай зброі на станцыю «Прудок» (Віцебскае аддзяленне БЧ) запланаваны ў лістападзе 2023 года. Станцыі адпраўкі, маршрут, колькасць вагонаў і груз такія ж, як і на першым этапе.

«У названых выпадках станцыя «Прудок» – месца дастаўкі ядравай зброі на тэрыторыю Беларусі, адкуль будзе праводзіцца яе далейшае пераразмеркаванне да месцаў захоўвання на тэрыторыях спецыяльных вайсковых частак у залежнасці ад яе тыпу», – гаворыцца ў паведамленні чыгуначнікаў.

Са звестак расследавальнікаў, станцыя «Прудок» і вайсковая частка 94017 (2631-я авіяцыйная база ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў) выконваюць функцыі трэнавальнай базы для разгрузкі/пагрузкі, ахове і бягучаму абслугоўванню. Раней на гэтых абʼектах вайскоўцы і чыгуначнікі адпрацоўвалі спецыяльныя навыкі пры рабоце са спецыялізаваным абсталяваннем. Адначасова падрыхтаваныя сакрэтныя чыгуначныя пункты сувязі (лінейна-апаратныя залы), адзін з якіх размешчаны пад будынкам корпусу дзіцячага аздараўленчага летніку ў Лётцах (Віцебскае аддзяленне БЧ).

Паведамляецца, што ў кастрычніку – лістападзе 2023 года са станцый РЧ на станцыі БЧ запланаваныя яшчэ тры адпраўкі, падчас якіх у Беларусь збіраюцца прывезці дапаможнае і ахоўнае абсталяванне, патрэбнае для захоўвання і абслугоўвання ядравых боепрыпасаў. Грузы з расейскіх станцыяў «Праўдзінск», «Вожа» і «Пенза» прывязуць агулам на 13 платформах з вагонамі суправаджэння. Станцыя прызначэння – «Баранавічы-Цэнтральныя». Далей грузы будуць перавезеныя на тэрыторыю 61-й знішчальнай авіябазы ВПС Рэспублікі Беларусь, у вайсковую частку 54804.

«Усе названыя групы вагонаў ідуць у суправаджэнні ўзброенай аховы і персаналу абслугоўвання, для чаго ў кожную адпраўку ўключаны яадпаведныя вагоны», – адзначае СБЧ.

Маршруты перавозу ядравай зброі і спадарожнага абсталявання расследавальнікі паказалі на відэа.

Акрамя таго, з сярэдзіны траўня 2023 года са станцыяў БЧ заўважаныя адпраўкі больш за 100 вагонаў на станцыю «Капусцін Яр» у Расеі. Частка вагонаў была парожняя, частка – перавозіла грузы і вайскоўцаў. Назад з Капусціна Яру ў Беларусь прывезлі ў 15 вагонах зенітныя ракетныя комплексы супрацьракетнай абароны С-400. Астатнія парожнія вагоны чакаюць далейшай пагрузкі і адпраўкі ў Беларусь.

Расследавальнікі адзначаюць, што ўсе гэтыя перавозы, як і многія іншыя войсковыя перавозы, ажыццяўляюцца пры непасрэдным спрыянні дзяржаўнага прадпрыемства «Цэнтр фірмовага транспартнага абслугоўвання» (ЦФТА), пра што сведчаць канкрэтныя дакументы. ЦФТА – філіял Беларускай чыгункі, які займаецца ўзаемаразлікамі з кліентамі, улучаючы экспедытараў, перавозцаў і чыгункі іншых краінаў.

Расследавальнікі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі» робяць выснову, што названыя адпраўкі асабовага складу, абсталявання і парожніх вагонаў на станцыю «Капусцін Яр» маюць на мэце рыхтаванне і навучанне беларускіх вайскоўцаў працы з ядравым узбраеннем, а таксама далейшае перамяшчэння неабходнага абсталявання ў вайсковыя часткі на тэрыторыі Беларусі, запланаваныя для дыслакацыі гэтага тыпу ўзбраення.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў