Памёр былы дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Мікола Аксаміт


У Ваўкавыску памёр Мікола Аксаміт – праваабаронца і палітык, былы дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўнага Савету БССР 12-га склікання. Ён, як стала вядома «Белсату», сканаў падчас планавай аперацыі.

Мікола Аксаміт.
Фота: «Наша ніва» / nashaniva.com

Міколу Аксаміту было 69 гадоў. Паводле звестак крыніцаў, актывіст памёр падчас планавай аперацыі.

Пра час і месца пахавання пакуль не паведамляецца.

Паводле адукацыі Аксаміт быў мастаком-афарміцелем. У 1990 годзе яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 12-га склікання ад Ваўкавыскай гарадской выбарчай акругі №248.

Аксаміт быў сярод распрацоўнікаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, галасаваў за абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 жніўня 1991 года. Быў сябрам камісіі Вярхоўнага Савету ў адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны.

У красавіку 1995-га браў удзел у галадаванні на знак пратэсту з увагі на рэферэндум, сярод пытанняў якога была змена дзяржаўнай сімволікі і наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай.

Пазней працаваў юрыстам у праваабарончым цэнтры «Аслона».

У 2004-м быў даверанай асобаю Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату прадстаўнікоў і пасля агучвання афіцыйных вынікаў два тыдні трымаў галадаванне.

У 2018 годзе быў узнагароджаны медалём Рады БНР да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Hавiны
У Менску памёр актывіст дэмакратычнага руху Сяргей Мацкойць
2023.12.22 13:01

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў