Кахоўскае вадасховішча ператвараецца ў пустэльню


Падрыў дамбы на Кахоўскім вадасховішчы стаў прычынай вялікай экалагічнай катастрофы, падчас якой 18 кубічных кіламетраў вады хлынулі, руйнуючы дамы, змятаючы на сваім шляху цэлыя паселішчы і забіваючы людзей і жывёл. Але што адбываецца на месцы Кахоўскага вадасховішча цяпер? Сабралі самае асноўнае.

Тое, што засталося ад Кахоўскага вадасховішча.
Фота: Sky News

Пустэльня на месцы тонаў вады

Растрэсканая высахлая зямля, на якой дзе-нідзе трапляюцца згнілыя карані высечаных дрэваў з калгасных садоў, смецце і зжоўклыя водарасці – так сёння выглядае месца, дзе не так даўно яшчэ плёскаліся воды Кахоўскага вадасховішча, што было адным з найбуйнейшых у Еўропе.

Журналіст херсонскага выдання «Мост» Сяргей Нікіценка апублікаваў у сваім «Фэйсбуку» здымкі таго, ува што ператварылася тэрыторыя былога вадаёму. «На дне Кахоўскага мора», – такім кароткім надпісам ён ахарактарызаваў пабачанае.

Журналіст украінскага выдання «Мост» Сяргей Нікіценка на фоне былога Кахоўскага вадасховішча.
Фота: Сергій Нікітенко / Facebook

На спадарожнікавых здымках, зробленых за дзень да выбуху на ГЭС і праз два тыдні пасля яго, відаць, наколькі моцна абмялеў вадаём – часам можна прыкмеціць натуральнае рэчышча Дняпра, якім яно было да будаўніцтва ГЭС у 1956 годзе.

Журналісты BBC параўналі спадарожнікавыя здымкі Кахоўскага вадасховішча ад 5 чэрвеня (да катастрофы) і ад 20 чэрвеня (праз два тыдні пасля яе).
Фота: bbc.com

Як адзначае «Укргідроенерго», «Кахоўскае вадасховішча катастрафічна абмялела, а Дняпро вярнуўся ў межы старога рэчышча, месцамі застаецца толькі ручаём». Спецыялісты арганізацыі засведчылі, што ўзровень вады каля гідрапаста «Херсон» знізіўся з 23 да 26 чэрвеня з 0,37 метра да 0,33 метра – гэта значыць, што ён усё яшчэ працягвае зніжацца.

Вынікі катастрофы

Паводле аналізу журналістаў BBC, вадасховішча настолькі змялела, што ўзровень вады не трапляе ў сеткі арашальных каналаў. А гэтыя каналы, сярод іншага, – крыніца пітной вады для большай часткі паўднёвага ўсходу і поўдня Украіны, самая ж дамба абараняла ад навадненняў паселішчы і сельскагаспадарчыя ўгоддзі, што стаяць на Дняпры ніжэй.

Вядома ж, наступствы для ўсяго жывога ў зоне вадасховішча таксама былі катастрафічныя: загінулі болей за 40 відаў рыбы, што вадзілася ў вадаёме, для ўзнаўлення яе папуляцыі спатрэбіцца не менш за 10 гадоў.

У выніку хуткага пад’ёму вады не засталося шанцаў на выжыванне і жывёлінам, насякомым і рэптыліям, што жылі вакол вадасховішча, пад затапленнем апынулася больш за 50 тысячаў гектараў лесу, дзе вадзілася каля 20 тысячаў асобінаў дзікіх жывёлаў.

І нарэшце, катастрофа прынесла немалыя людскія страты. Паводле падлікаў «Reuters», колькасць загінулых у выніку катастрофы на цяперашні момант – 52 асобы: расейскі бок паведамляе пра 35 загінулых на падкантрольных Маскве тэрыторыях, у той час як Міністэрства ўнутраных справаў Украіны кажа пра 17 загінулых, а таксама 31 зніклага без вестак. З абодвух бакоў эвакуяваныя болей за 11 000 асобаў. І гэта, цалкам магчыма, яшчэ не канчатковыя лічбы.

Як можна зняць праблему водазабеспячэння

Паводле ўкраінскіх спецыялістаў, для таго, каб зняць праблему водазабеспячэння, трэба ўзнаўляць плаціну, і гэты варыянт цяпер выглядае ці не адзіна магчымым.

Так выглядае Кахоўская ГЭС са спадарожніка станам на 23 чэрвеня 2023 года.
Фота: Maxar

Рыхтаванне працы над праектам часовай плаціны ў зоне Кахоўскай ГЭС, паводле «Укргідроенерго», ужо пачалася. Тым не менш, зрэалізаваць праект можна будзе толькі пасля таго, як тэрыторыі будуць вызваленыя ад расейскіх акупацыйных войскаў.

Вадасховішча на месцы паселішчаў

Воды, што сышлі з тэрыторыі былога вадасховішча, затапілі адныя населеныя пункты, але адкрылі тое, што было на месцы «Кахоўскага мора» да пабудовы плаціны. На паверхню выйшла ўнікальнае месца – Вялікі Луг, затоплены ў 1955–1957 гадах, падчас узвядзення ГЭС.

Вялікі Луг – тэрыторыя былой казацкай Запарожскай Сечы. Гісторык Аляксандр Алфёраў называе гэтае месца «пупавінай» украінскага казацтва. Нездарма раней казалі: «Маці – Сеч, а бацька – Вялікі Луг». Раней казакі хаваліся ад ворагаў менавіта на тэрыторыі Вялікага Лугу і тут жа ім учынялі засады.

Паводле некаторых дадзеных, з 1955 да 1958 года на тэрыторыі Вялікага Лугу было затоплена каля 90 паселішчаў. І гэты працэс суправаджаўся вялікімі трагедыямі сярод мясцовага насельніцтва. Многім прыйшлося пакінуць тут родныя дамы, сады, магілы продкаў.

Гісторык Сяргей Зарыцкі расказвае, што, паводле аповедаў старых людзей, калі затаплялі адное з паселішчаў, усім сказалі выйсці з хатаў, але 19 жыхароў не пагадзіліся на гэта і ў выніку загінулі.

Пад вадой у 1950-ыя гады апынуліся тэрыторыі Запарожскай Сечы, курганы, а таксама пладародныя землі на 257 тысяч гектараў, на якіх магло б размясціцца адзінаццаць такіх гарадоў, як Нікапаль.

Знаходкі, зробленыя на дне перасохлага Кахоўскага вадасховішча. Чэрвень 2023 года. Крыніца: apostrophe.ua

На затопленых тэрыторыях таксама было шмат помнікаў, курганоў часоў скіфаў – некаторыя даследнікі кажуць, што пад вадой магло апынуцца ў тым ліку і золата ці бронза скіфаў. Землі тут былі вельмі ўрадлівыя, таму цягам тысячагоддзяў на тэрыторыі Вялікага Лугу пражывалі розныя народы: славяне, грэкі, візантыйцы, якія таксама пакінулі па сабе шмат артэфактаў.

І цяпер, калі сышла вада, усё гэта прыцягвае да сябе розных цікаўных людзей, у тым ліку чорных капальнікаў. Менавіта таму ўздоўж тэрыторыі былога Кахоўскага вадасховішча сёння дзяжураць паліцэйскія патрулі. У іхную задачу, сярод іншага, уваходзіць ахова ўзбярэжжа абмялелага вадаёму, каб не дапускаць сюды людзей для несанкцыянаваных капанняў.

Тым больш, гэтая тэрыторыя не стала менш небяспечнай: тут усё яшчэ існуе вялікая рызыка трапіць пад абстрэл або падарвацца на мінах, таму ўкраінскія паліцыянты дзяжураць тут у тым ліку і для таго, каб колькасць ахвяраў гэтай маштабнай трагедыі не павялічылася.

Меркаванні
Які след пакіне кахоўская катастрофа?
2023.06.06 19:11

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў